Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія банкі не абслугоўваюць беларусаў з-за Лукашэнкі


ЗША вітаюць вызваленьне палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Дзьмітрыя Бандарэнкі, назваўшы гэта «крокам наперад». Аднак пытаньне адмены санкцый да шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў і спонсараў Лукашэнкі не абмяркоўваецца. Паказальна, што ў ЗША, адрозна ад краінаў Эўразьвязу, наступствы абмежаваньняў адчуваюць і шараговыя беларусы.

Менская журналістка Настасься Аўраменка ў складзе беларускай дэлегацыі ня так даўно наведала ЗША: аб’езьдзіла шмат гарадоў, мела шэраг цікавых сустрэчаў, атрымала багаты прафэсійны досьвед. Пры канцы зьмястоўнай паездкі, якая фінішавала ў Нью-Ёрку, вырашыла крыху часу прысьвяціць шопінгу ў нефармальнай сталіцы сьвету:

«Апошнія дні ў Нью-Ёрку вырашыла пагуляць, патраціць рэшту грошай. Праўда, аказалася, што даляраў зусім мала, і я згадала, што маю польскія злотыя; стала шукаць банк, каб памяняць іх на даляры. Заходжу ў абменьнік, запытваю ў супрацоўніка, ці можна зрабіць чэндж. Ён адыйшоў, вярнуўся з вялікім каталогам узораў розных валют, пачаў шукаць злоты. Так, адказвае, ноў проблем. І запытвае: адкуль я? Без аніякіх задніх думак кажу, што зь Беларусі. Ён глядзіць на мяне — ўан момэнт — і зноў запытвае: у вас ёсьць пашпарт? Так, канечне. Бярэ мой пашпарт і кудысьці сыходзіць. За мной ужо чарга прыстойная ўтварылася, а яго ўсё няма і няма. Пакуль я думала, што ж там адбываецца, ён вярнуўся і заяўляе: ведаеце, супраць вашай краіны ўведзеныя санкцыі і мы вам ня можам памяняць грошы. Я так разгубілася, бо нічога падобнага не чакала, і толькі пасьпела пацікавіцца: а каб я была грамадзянкай Польшчы, вы б мне памянялі злотыя? Ён без ценю сумневу кажа: так».

Настасься кажа, што ўрэшце нічога не заставалася, як на нейкі час «адмовіцца» ад сваёй беларускай прыналежнасьці:
І тут ужо прыйшлося пайсьці на хітрыкі: сказала, што з Польшчы.

«Я ў той жа ж вечар пайшла ў іншы банк. Там усё адбывалася па той жа схеме. Мяне запэўнілі, што ня бачаць ніякіх праблем з абменам і запытваюць: вы адкуль? І тут ужо прыйшлося пайсьці на хітрыкі: сказала, што з Польшчы. Зноў — ноў проблем — і мне тут жа памянялі гэтыя злотыя на даляры».

Карэспандэнт: «Каб не казалі, што зь Беларусі, усё атрымалася б і ў першы раз?».

«Так, калі б я сказала, што з Польшчы, мне адразу памянялі б гэтыя грошы і раней. Ведаеце, гэта ўсё сапраўды нечакана, таму што санкцыі, аказваецца, рэальна працуюць. То бок, гэта ня проста нейкая дэклярацыя, а рэальныя абмежаваньні для грамадзянаў краіны, унесенай у «чорны сьпіс».

Адна справа, калі церпяць спонсары рэжыму ці набліжаныя да вышэйшага кіраўніцтва чыноўнікі і сілавікі, і зусім іншае, калі за дзеяньні ўладаў вымушаныя адказваць шараговыя грамадзяне. Аднак, на думку суразмоўніцы, гэта якраз той выпадак, калі народ мусіць нарэшце зразумець: рэжым заганяе яго ў безвыходнае становішча:

«Калі б у мяне ўвогуле не было амэрыканскіх грошай, а засталіся толькі злотыя ці нейкая любая іншая валюта, я нават не ўяўляю, што б я там рабіла, у гэтым Нью-Ёрку. І калі казаць пра звычайных грамадзян, то калі вы грамадзянін Беларусі, да такога павароту падзеяў трэба проста быць гатовым. На маім месцы мог апынуцца хто заўгодна, і што ў такім выпадку рабіць? Бо, нават маючы поўную кішэню злотых, іх, можа так стацца, ня будзе магчымасьці памяняць».

Карэспандэнт: «У ЗША людзі едуць збольшага падрыхтаваныя, з кіпай даляраў у кішэні…».

«Так, але тады быў такі час, калі было досыць цяжка набыць даляры ў Беларусі, пасьля ўсіх гэтых фінансавых, валютных крызісаў. Таму народ ехаў з самым розным валютным наборам. Дарэчы, апынуўшыся ў той шокавай сытуацыі, першымі словамі, якія ў мяне вырваліся, былі „ой, як здорава, што санкцыі сапраўды працуюць“. Бо нічога падобнага наконт Эўропы я не чула. Але, магчыма, пры кансэрвацыі сытуацыі з правамі чалавека гэты будзе нейкі ўплыў мець і на эўрапейскія краіны. Пакуль невядома, што можа адбывацца».

ЗША і Эўразьвяз займаюць кансалідаваную пазыцыю па Беларусі, але мэханізм увядзеньня санкцыяў адрозьніваецца. У верасні 2008 году Міністэрства фінансаў ЗША зьмякчыла санкцыі супраць лідзкай «Лакафарбы» і «Полацк-Шкловалакна», аднак у студзені 2011-га Дзярждэпартамэнт аб’явіў аб іх аднаўленьні і пашырэньні візавых санкцый да беларускіх чыноўнікаў, што стала рэакцыяй на разгон акцыі 19 снежня 2010 году ў Менску. Летась у жніўні Вашынгтон увёў дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім» і падкантрольных яму «Белшыны», «Гродна Азоту», «Гродна Хімвалакна», «Нафтану». Апроч таго, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, падпісаны прэзыдэнтам Баракам Абамам у студзені 2012-га, заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакею адмовіцца ад правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету-2014. Асноўная ўмова для аднаўлення адносін з афіцыйным Менскам — вызваленьне ўсіх палітзьняволеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG