Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Лукашэнка загадаць плютонію?


Томас Фрыдман у New York Times, а затым і Барыс Парамонаў на Свабодзе кажуць, што леташняя «арабская вясна» была зусім ня вынікам абурэньня Мубаракам ці Кадафі – ва ўсялякім разе, не сацыяльна-палітычны чыньнік быў галоўным.

Людзей выцягнула на вуліцу і скінула дыктараў (якія здаваліся ўжо вечнымі на сваіх тронах) – экалягічная катастрофа. Зьнікненьне прэснай вады, засуха, зьмяншэньне і без таго ня вельмі вялікіх (усё ж, Афрыка!) пасяўных плошчаў, і ў выніку – рост коштаў на прадукты харчаваньня.

Заўважым, што гэты лягічны ланцуг можна было б абрубіць у якім заўгодна месцы. Напрыклад, Сінгапур увогуле ня мае пасяўных плошчаў, у іншых краінах яны зьмяншаюцца, і вызначальным робіцца эфэктыўнасьць выкарыстаньня, а не колькасьць гектараў. Адсутнасьць жа ўласнага аграрнага сэктару кампэнсуецца наяўнасьцю іншых галінаў вытворчасьці; дый й некаторыя ўвогуле жывуць без усялякай вытворчасьці, як княства Ліхтэнштэйн. Ці без карысных выкапняў, як Японія. Пра адсутнасьць газавых ці нафтавых радовішчаў (Данія, Нідэрлянды, Бэльгія, іншыя краіны-лідэры па ўзроўню жыцьця) – ужо не кажу.

Дыктатуры ня маюць эфэктыўных эканомік, затое звычайна ім хапае рэсурсу на тое, што паліткарэктна завецца «мінімальным спажывецкім кошыкам». Але ў выпадку экалягічнай катастрофы ім няма што ў гэты кошык пакласьці.

Беларусь напаткала катастрофа ня менш страшная, чым зьнікненьне прэснай вады - Чарнобыль.

У канцы 80-ых гадоў, калі БНФ удалося прарваць сьцяну сакрэтнасьці вакол Чарнобыля, навукоўцы (акадэмік Канапля) сказалі пра небясьпеку так званых «малых дозаў» радыяцыі. Прафэсар Пятраеў паказваў мне рэнтгенаўскія здымкі лёгкіх, дзе былі маленькія кропкі на чорным фоне. Тое быў вынік дзеяньня плютонію. Тыя, у каго яго знаходзілі, захворвалі на рак. Прафэсар папярэджваў, што нельга ігнараваць нават самыя малыя дозы...

Дваццаць гадоў таму, калі было магчыма ў голас казаць праўду, навукоўцы (у тым ліку член-карэспандэнт АН Нікітчанка) сьцьвярджалі, што з сельскагаспадарчай вытворчасьці павінна была б быць выведзена да пятай часткі (іншыя называлі чвэрць) аграрных плошчаў (гэта значыць – ня сеяць і не пасьвіць скаціну). Апазыцыя БНФ дамаглася прыняцьця Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня законаў, паводле якіх плошчы з сельгасужытку выводзіліся, а людзі – высяляліся.

Лукашэнка пачаў адваротны працэс – вяртаньне ў аграрны сэктар забруджаных плошчаў і вяртаньне людзей. Прычым падаецца гэта як дасягненьне – гаспадарчае і навуковае.

Пры Сталіне шукалі сакрэт даўгалецьця, пры Брэжневе спрабавалі павярнуць сыбірскія рэкі, пры Лукашэнку – абдурыць фізыку.

Аднак пэрыяд паўраспад цэзію, стронцыю ды плютонію не паскорыш прэзыдэнцкім дэкрэтам.

Што праўда, радыяцыя нябачная, і папярэджаньні пра сьмяротную небясьпеку можна лёгка сьпіхнуць на панікёраў-навукоўцаў. Асабліва крыклівых, як Бандажэўскага, накіраваць за краты, адкуль голасу не чутно.

А выратоўваць будучыя хворыя пакаленьні давядзецца будучым прэзыдэнтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG