Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапелка: Катэгорыя злачынства Саньнікава — «асабліва цяжкая»


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Вызвалены 14 красавіка з калёніі «Віцьба-3» экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў сёньня паведаміў, што судзімасьць у яго будзе захоўвацца на працягу васьмі гадоў. Чым абумоўлены такі тэрмін? За нібыта арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках палітык быў асуджаны на пяць гадоў, зь якіх адседзеў амаль паўтара.

Юрыдычныя нюансы тлумачыць праваабаронца Павал Сапелка, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі ў тым ліку і за абарону інтарэсаў абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду Андрэя Саньнікава:

«У Крымінальным кодэксе абазначаныя тэрміны пагашэньня судзімасьці. У залежнасьці ад цяжкасьці злачынстваў, за зьдзяйсьненьне якіх чалавек асуджаны, вызначаныя розныя тэрміны. Што да Саньнікава, то ў яго катэгорыя злачынства клясыфікаваная як асабліва цяжкая. А гэта якраз і азначае — па заканчэньні васьмі гадоў пасьля адбыцьця асноўнага і дадатковага пакараньня. Вось ён адбыў асноўнае пакараньне, паколькі яго вызвалілі ад далейшага адбыцьця, і атрымліваецца тэрмін — восем гадоў пагашэньне судзімасьці. Хоць тэарэтычна судзімасьць можа быць зьнятая па ягонай заяве, ці ў сілу якога-небудзь акту амністыі, ці яшчэ нейкага памілаваньня. Але ў цэлым агульнае правіла такое.

Увогуле гэта проста правіла, вызначанае Крымінальным кодэксам. То бок безадносна да таго, Саньнікаў гэта ці Пятроў, нейкі закаранелы крымінальнік. Любы просты крымінальнік Пятроў, які прыходзіць з калёніі пасьля адбыцьця тэрміну ці пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, трапляе пад прафіляктычны нагляд».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG