Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей пра палітвязьняў: Вяртаньне паслоў – гэта зь іншай опэры


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

«Паслы змогуць вярнуцца, калі ў ЭЗ прыйдуць да разуменьня неабходнасьці дыялёгу з Беларусьсю», — заявіў у інтэрвію БелТА кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.

Яму было зададзенае пытаньне «У СМІ зьявілася цяпер шмат заяў аб тым, што, выпусьціўшы двух апазыцыйных дзеячоў, асуджаных за арганізацыю масавых беспарадкаў у сьнежні 2010 году, улада Беларусі хоча тым самым стварыць умовы для таго, каб паслы Эўразьвязу вярнуліся ў Менск. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?».

Макей адказаў: «Ніяк. Гэта поўны абсурд. Гэта дзьве вялікія розьніцы, як кажуць у Адэсе. Прэзыдэнт у свой час выразна заявіў: раскаюцца людзі, напішуць адпаведныя просьбы аб памілаваньні — яны будуць разгледжаныя ва ўстаноўленым законам парадку. Што і адбылося. І прэзыдэнт выразна паказаў сваю пасьлядоўнасьць. А вось пытаньне вяртаньня паслоў — гэта ўжо зь іншай опэры. ЭЗ у свой час сам адклікаў сваіх паслоў, і сёньня рэальнасьць такая, што ня мы просім, а Эўразьвяз просіць нас дазволіць паслам вярнуцца ў Беларусь. І ня толькі просіць, а патрабуе і нават пагражае новымі санкцыямі. Наша пазыцыя з гэтай нагоды вядомая. Мы не зьяўляемся ні ў якой меры прыхільнікамі эскаляцыі напружанасьці. Наадварот, мы заявілі пра тое, што гатовыя да дыялёгу з Эўразьвязам на ўсіх узроўнях, але што тычыцца вяртаньня паслоў, то мы лічым, што яны павінны вярнуцца тады, калі для гэтага сасьпеюць адпаведныя ўмовы. А менавіта — калі ў Эўразьвязе ўсьвядомяць памылковасьць палітыкі шантажу, дыктату, санкцый у адносінах да Рэспублікі Беларусь і прыйдуць да разуменьня неабходнасьці дыялёгу з Беларусьсю.

Што сёньня адбываецца? Сёньня вылучаюцца новыя патрабаваньні. Кажуць, што засталося паўтара ці два дзясяткі нейкіх палітычных зьняволеных, якіх, цытую, «трэба неадкладна вызваліць, неадкладна рэабілітаваць». У гэты сьпіс уключылі нават радыкальных рэвалюцыянэраў-анархістаў, якія закідвалі расейскае пасольства бутэлькамі з запальнай сумесьсю, кактэйлямі Молатава.
Паводле інтэрпрэтацыі ЭЗ заўтра гэты сьпіс можа разрасьціся і да 50–60 чалавек. Таму падобнага роду патрабаваньні — гэта шлях унікуды. Ніякага вызваленьня пад ціскам ня будзе. Ніякай рэабілітацыі на эўразьвязаўскі загад — таксама ня будзе. Гэта ўсе павінны выдатна разумець. Але нават тыя ж самыя адпушчаныя былыя зьняволеныя ў сваіх хадайніцтвах чорным па белым напісалі аб прызнаньні сваёй віны і аб раскаяньні.

Таму вяртаньне паслоў у Беларусь магчымае тады, калі, паўтаруся, у ЭЗ прыйдуць да разуменьня неабходнасьці размовы з Беларусьсю аб адмене санкцый, а самі паслы, калі яны маюць намер вярнуцца, будуць гатовыя размаўляць не на мове шантажу і пагроз, а на мове дыялёгу, як таго патрабуюць адпаведныя канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG