Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімныя ўлёткі на трамвайнай лініі Мазырскага НПЗ


Мазырскі НПЗ

Мазырскі НПЗ

Паводле Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, супраць лідэра незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ Юрыя Швеца ўчынілі правакацыю.

На прыпынках трамвайнай лініі, якая належыць прадпрыемству, невядомыя прымацавалі ўлёткі без выходных дадзеных. У іх спадара Швеца абвінавачваюць у тым, што ён хоча санкцыяў супраць заводу, і пішуць, каб ён сыходзіў.

«Аўтары правакацыйнай і бруднай улёткі зрабілі спробу ачарніць лідэра незалежнага прафсаюзу буйнога нафтаперапрацоўчага прадпрыемства краіны. Яны спрабуюць кінуць цень і нацкаваць насельніцтва Беларусі на незалежны прафсаюзны рух, і заадно адцягнуць увагу ад далейшага пагаршэньня жыцьця простых людзей, заглушыць пратэставыя настроі рабочых, якія палягаюць у спробах выхаду з падпарадкаванай рэжыму Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі», — гаворыцца ў заяве БКДП.

Юры Швец расказаў карэспандэнту «Свабоды», што напісаў заяву ў пракуратуру і сьледчы камітэт. Зьяўленьне ўлётак ён зьвязвае з «паляваньнем на ведзьмаў», якое разгарнулася на прадпрыемстве:

«Наша прадпрыемства ніякім чынам ня мае дачыненьня да санкцыяў. Ніводзін супрацоўнік ня трапіў у сьпіс, ані само прадпрыемства. Аднак на тэрыторыі заводу з дапамогай ФПБ, а сьледам — і кіраўніцтвам НПЗ у наўмыснай форме, я на гэту тэму напісаў генэральнаму дырэктару ліст, завадчанам даводзяць, нагнятаюць абстаноўку, што на заводзе ня будзе прыбытку, будуць скарачэньні, упадзе заробак, калектыўная дамова ня будзе выконвацца.

Наконт гэтага я і зьвярнуўся да дырэктара Купрыянава. Пачакайце, што адбываецца на заводзе? Прадстаўнікі ФПБ распаўсюджваюць такую нагнятаючую інфармацыю. А кіраўніцтва заводу ніяк не рэагуе. Калі гэта нас будзе тычыцца, то трэба нешта прадпрымаць кіраўніцтву. Аднак прадстаўнікі прадпрыемства кажуць, што нас гэта ня тычыцца.

Каб атрымаць афіцыйны адказ, я напісаў дырэктару прадпрыемства, каб ён пацьвердзіў, тычыцца гэта нас ці не. Калі тычыцца, то ў якім напрамку санкцыі нас тычацца і што трэба прадпрымаць. Упершыню ён гэтае службовае ліставаньне на нарадзе прачытаў і сказаў — няхай Швец і дае гэтыя заключэньні. Неяк дзіўна павёў сябе кіраўнік. І літаральна пасьля гэтага ноччу на прыпынках на адлегласьці 20 кілямэтраў ад Мазыра да заводу на кожным прыпынку наляпілі гэтыя ўлёткі. Ганьбуюць любы незалежны рух, мысьленьне, усё, што не падпявае ва ўнісон».

Старшыня БКДП Аляксандар Ярашук не выключае, што гэтая ўлётка — «справа рук КДБ».

Раней Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі заявіла, што на розных інтэрнэт-сайтах, у прэсе зьяўляюцца камэнтары «зьневажальнага характару» адносна сябраў ФПБ Марыны Цыбліенкі, якая падала ў суд на Віктара Івашкевіча, і Аляксея Емяльянчыка, які падаў у суд на экс-кандыдата ў прэзыдэнты, былога палітвязьня Дзьмітрыя Вуса. ФПБ пагразіла судом за абразу гонару і годнасьці намесьніку старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандру Бухвоставу, кіраўніку незалежных прафсаюзаў «Граніта» Алегу Стахаевічу, старшыні пярвічнай арганізацыі Беларускіх незалежных прафсаюзаў Мазырскага НПЗ Юрыю Швецу і старшыні БКДП Аляксандру Ярашуку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG