Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая расейская імпэрыя»


У артыкуле пад такой назвай, апублікаваным ў амэрыканскім часопісе The National Interest, Нікалас Гвозьдзеў, былы рэдактар гэтага часопісу, а цяпер выкладчык ваенна-марскога каледжу ЗША, аналізуе магчымасьці і наступствы фармаваньня мытнага саюзу на чале з Расеяй.

У сваім апошнім звароце ў якасьці прэм’ер-міністра напярэдадні інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Пуцін вылучыў «пяць прыярытэтаў» для свайго трэцяга тэрміну. Яго пяты пункт уключаў ўзмацненьне супрацоўніцтва на эўразійскай прасторы, умацаваньне міжнародных пазыцый Расеі шляхам новых намаганьняў па інтэграцыі дзяржаваў былога Савецкага Саюзу. Выступаючы перад Дзяржаўнай Думай ў мінулую сераду, Пуцін заявіў: «Стварэньне Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, на мой погляд, па маім перакананьні, зьяўляецца найважнейшай геапалітычнай і інтэграцыйнай падзеяй на постсавецкай прасторы з часоў крушэньня Савецкага Саюзу».

Расея ўжо знаходзіцца ў Мытным саюзе з Казахстанам і Беларусьсю, а таксама даўно спрабуе ўключыць Украіну ў агульную эканамічную прастору. Уступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю можа дапамагчы прыбраць некаторыя бар’еры, якія перашкаджалі ўдзелу Ўкраіны. Акрамя гэтага на нядаўнім саміце ЭўрАзЭС у Маскве краіны, якія ўваходзяць у Мытны саюз, а таксама і іншыя краіны Цэнтральнай Азіі, дамовіліся завяршыць работу па прапанаванай дамове аб Эўразійскім саюзе да 2015 года.

На ўсім працягу свайго прэзыдэнцкага тэрміну і працы на пасадзе прэм’ер-міністра Пуцін меў выразнае «эўразійскае бачаньне», разглядаючы Расею як цэнтар рэгіёну. На фоне завяршэньня экспансіі эўраатлянтычных інстытутаў на ўсход і прыярытэтных адносін Кітаю да Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Масква адчувае, што ў яе ёсьць магчымасьць для кансалідацыі «новай» Эўразіі. Замест таго, каб «дзяліць» тэрыторыю былога Савецкага Саюзу на эўрапейскую і азіяцкую «сфэры ўплыву», Расея можа зноў падняцца на сусьветнай арэне, стварыўшы новы блёк дзяржаў, здольны стаць процівагай Эўразьвязу на Захадзе, а таксама Азіі пад кіраўніцтвам Кітаю — на Ўсходзе.

Адраджэньне СССР?


Такія амбіцыі, аднак, заўсёды выклікалі асьцярогі. Ці спрабуе Пуцін, які калісьці назваў распад СССР найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай, ізноў аднавіць Савецкі Саюз? Пуцін сам заявіў падчас выступу ў Думе, што постсавецкі пэрыяд завяршыўся. Улічваючы рост патрабаваньняў ўсё больш неспакойнай расейскай сярэдняй клясы, Пуцін не жадае зноў выпампоўваць рэсурсы ў спробе захаваць адзіную цэласную дзяржаву — плаціць за адукацыю і мэдычнае абслугоўваньне жыхароў Цэнтральнай Азіі ці Каўказу вялікага жаданьня няма.

Але Пуцін хацеў бы адрадзіць многія сувязі савецкага (і імпэрскага) пэрыяду, калі тавары, рэсурсы і рабочая сіла свабодна перасоўваліся паміж Расеяй і яе суседзямі. Гэта дазволіла б Маскве застацца эканамічным цэнтрам рэгіёну, замест таго, каб назіраць за тым, як Цэнтральная Азія становіцца ўсё больш зьвязанай з Паўднёвай Азіяй, а заходнія раёны былога Савецкага Саюзу ўсё больш прыцягваюцца да эўрапейскай арбіты. Рэгіянальны эканамічны парадак пад кіраўніцтвам Расеі захоўвае рубель у якасьці рэгіянальнай валюты, а расейская мова фактычна застаецца мовай бізнэсу ў рэгіёне, дазваляючы вялікую гарызантальную і вэртыкальную інтэграцыю, асабліва паміж расейскімі, казахскімі і ўкраінскімі фірмамі.

Стварэньне падобных эканамічных сувязяў, у сваю чаргу, стварае палітычныя сувязі, якія зьніжаюць верагоднасьць таго, што расейскія суседзі далучацца да блёку, які выключае Расею. Ацэньваючы палітычныя наступствы праекту Эўразійскага саюзу, Азамат Сэймаў адзначае наступнае:

«Рэалізацыя ідэі Эўразійскага саюзу зьяўляецца галоўным пунктам пуцінскага пляну па аб’яднаньні спробаў былых савецкіх рэспублік узмацніць расейскую пазыцыю ў геапалітычнай канкурэнцыі з ЗША, ЭЗ і Кітаем... Прызначэньне крайняга тэрміну стварэньня (эўразійскага саюзу) ў 2015 годзе, магчыма, зьвязана з упэўненасьцю Масквы ў тым, што да таго часу ЗША зноў павернуць сваю ўвагу на Эўразію, паколькі тады Вашынгтон ужо вызваліцца ад абавязаньняў па Іраку і значна скароціць колькасьць сілаў у Аўганістане, а сэрыя каляровых рэвалюцый ў арабскім сьвеце ўжо пройдзе. Таму да 2015 году Вашынгтон будзе валодаць ваеннымі і дыпляматычнымі магчымасьцямі для таго, каб павярнуць сваю ўвагу да эўразійскага рэгіёну. Акрамя гэтага, да таго моманту ў ЗША ў Цэнтральнай Эўропе будуць гатовыя базы супрацьракетнай абароны ».

Таму падобна, што Пуцін зацікаўлены ў прадстаўленьні сьвету факту, які адбыўся: пакуль Эўропа занятая ўласнымі эканамічнымі праблемамі, ЗША застаюцца ўцягнутымі ў канфлікты на Блізкім Усходзе, а Кітай сканцэнтраваны на ўнутранай трансфармацыі, ён зоймецца ўвасабленьнем свайго пляну па стварэньні эўразійскага саюзу.

Эўразійскі скептыцызм


Гэты працэс — не аўтаматычны. Многія эўразійскія краіны хочуць больш блізкіх адносін з Расеяй і былі б зацікаўлены ў выгадах, якія можа прапанаваць Расія, напрыклад, у таннай энэргіі і ў магчымасьці «экспартаваць» сваю залішнюю працоўную сілу ў Расею (і для таго, каб зьнізіць напружаньне дома, і для таго, каб атрымліваць выгаду ад сталага патоку грашовых пераводаў). Але суседзі Расеі не асабліва гараць жаданьнем страціць свой сувэрэнітэт.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоць і працягвае моцна залежаць ад Расеі, гэта, аднак, не памяншае яго энтузіязму па прасоўваньні ў рамках эўразійскага саюзу такіх структур, якія б жорстка абаранялі нацыянальны сувэрэнітэт. (І яму, і іншым эўразійскіх лідэрам эўраскептыкі з суседняга Эўразьвязу далі на тое масу падставаў). На нядаўнім саміце Лукашэнка выказаў сваё незадавальненьне ў адносінах да любога «рашэньня на ўзроўні саюзу», якое можа аказацца абавязковым для краін, якія ўваходзяць у аб’яднаньне. На яго думку, рашэньні, прынятыя Эўразійскім саюзам, павінны быць ратыфікаваныя нацыянальнымі парлямэнтамі, а ў нацыянальных урадаў павінна быць магчымасьць адмовіцца ад пэўнага рашэньня саюзу.

Эўразійскі скептыцызм Лукашэнка негалосна падзяляюць і іншыя лідэры ў рэгіёне. Яны гатовыя пайсьці на пэўныя саступкі Расеі, але не гатовыя аддаваць незалежнасьць, якая гэтак цяжка дасталася. Са свайго боку, Расія ня хоча рабіцца эўразійскім эквівалентам Нямеччыны — рэгіянальнай чэкавай кніжкі, якая зьяўляецца гарантам працэсу інтэграцыі і аплачвае рахункі менш буйных дзяржаў.

Пуцін зрабіў толькі лёгкую частку: ён выказаў сваё жаданьне стварыць Эўразійскі саюз. Аднак дасягненьне гэтага да выніку можа аказацца значна больш складанай задачай, чым ён чакаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG