Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад пасланьня Лукашэнкі?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вярнуў на дапрацоўку праект пасланьня беларускаму народу і парлямэнту, зь якім зьбіраўся выступіць 19 красавіка. Што не спадабалася Лукашэнку і чаго чакаць ад ягонага пасланьня?

Паводле кіраўніка прэс-службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, Аляксандар Лукашэнка даручыў узяць пад увагу «недапушчальнасьць занадта лібэральнага падыходу пры продажы дзяржаўнай уласнасьці», а таксама ў зьнешнепалітычнай сфэры ён выказаўся «супраць залішне жорсткіх мераў рэагаваньня на праблемы, якія ўзьнікаюць у дачыненьнях з партнэрамі». У размове з карэспандэнтам «Свабоды» Павал Лёгкі патлумачыў, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, маўляў, праанансаваў дату, не дачакаўшыся канчатковага рашэньня:

«Упершыню заявілі публічна, што пераносіцца пасланьне. Дапрацоўка пасланьня была і ў мінулыя гады. Але там былі нейкія тэхнічныя моманты, а тут канцэптуальныя рэчы не задаволілі прэзыдэнта. І ў першую чаргу пытаньні, зьвязаныя з прыватызацыяй, тое, як гэта бачыцца чыноўнікам. Гэта не задаволіла прэзыдэнта найперш. І гэта канцэптуальнае пытаньне, за адну ноч не дапрацуеш. У дзень выступу мы даведаемся і пра аб’ёмы, і пра зьмест».

Ці маглі паўплываць на дапрацоўку пасланьня нейкія зьнешнія падзеі?

«Асабіста я ня бачу ніякіх зьнешніх падзеяў і сытуацыяў, якія б падштурхнулі прэзыдэнта да пераносу пасланьня».

Паводле галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская думка» Вадзіма Гігіна, з такім пераносам пасланьня ў Беларусі сутыкнуліся ўпершыню.

Вадзім Гігін
Вадзім Гігін
«Трэба зьвярнуць увагу. што гэта было агучана публічна. Ніякія дзеяньні прэзыдэнта проста так, выпадкова публічна не агучваюцца. Таму трэба думаць: якая была мэта? Ідзе пэўная выпрацоўка шляхоў далейшага разьвіцьця. Мы бачым эвалюцыю. Важна, што і на нарадах у прэзыдэнта, і цяпер грамадзянам прадэманстравана, што ў розных вышэйшых кіраўнікоў ёсьць розныя погляды. Відавочна, што ўлада цяпер выбірае шлях. І відавочна, што прэзыдэнт зьбіраецца расставіць канчатковыя акцэнты».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што як дасьведчаны гулец Лукашэнка самім пераносам пасланьня робіць пэўныя мэсыджы.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Гэта сыгнал Эўразьвязу, што цяпер беларускі лідэр настроены міралюбна. Гэта працяг новага трэнду на замірэньне з Эўропай. Другі момант тычыцца прыватызацыі, і вастрыё гэтых тэзаў накіравана на ўсход. Дадзены сыгнал, што нас голымі рукамі ўсходняя імпэрыя ня возьме. Цяпер Лукашэнка спрабуе неяк адгарадзіцца ад ціску Расеі і разгойдаць геапалітычныя арэлі, то бок зноў пачаць балянсаваць паміж Масквой і Брусэлем».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што можна павіншаваць незалежных эканамістаў і ўсіх тых, хто выразна казаў, што распродаж Беларусі — гэта надзвычай небясьпечная справа.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Нашы нашчадкі могуць Аляксандру Рыгоравічу дараваць усе яго палітычныя недэмакратычныя рэчы. Але распродаж краіны яму ніколі не даруюць. Гэтая думка яго таксама закранула. Пасьля таго, як было сказана, што можна прадаваць усё, — намэнклятура сядзіць і чакае. Тыя, хто падрыхтаваў даклад, — гэта атачэньне, гэта людзі, якія адчуваюць на сабе ўплыў бліжэйшых саратнікаў. І яны зьбіраюцца ўсю Беларусь раскупіць. У дадзеным выпадку да грамадзкай думкі прыслухоўваюцца».

Ці азначае дапрацоўка пасланьня, што Лукашэнка зьбіраецца пачаць лібэралізацыю? На гэтае пытаньне мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч сказаў:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
«Я заўсёды перасьцерагаю ад таго, каб нейкія рухі адміністрацыі рэжыму прымаць за пачатак нейкай лібэралізацыі. Відавочна, што рэжым не гатовы да крокаў лібэралізацыі. І ніякіх падставаў вось гэтыя ваганьні з боку ў бок прымаць за першыя прыкметы лібэралізацыі няма. Што тычыцца разгубленасьці ў зьнешнепалітычнай сытуацыі, то відавочна, што сам рэжым загнаў сябе ў пастку. Рэжым пагаршаў сытуацыю крок за крокам. Прыйшоў час задумацца: а якія ж крокі трэба рабіць у дачыненьні да ЭЗ, каб не зацягваць гэтую пастку, а ўрэшце нармалізаваць сытуацыю?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG