Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рагачоў: судзяць Дзяніса Дашкевіча


Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

17 красавіка пачалося судовае паседжаньне, на якім разглядаюць адміністрацыйную справу супраць грамадзкага актывіста Дзяніса Дашкевіча.

Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта парушыў аўтарскія правы дзяржаўнай раённай газэты «Свабоднае слова», перадрукаваўшы без дазволу рэдакцыі і без спасылак на афіцыйны сайт газэты шэраг матэрыялаў.

Міліцыя, якая праводзіла праверку па заяве галоўнага рэдактара дзяржаўнай газэты, прыйшла да высновы, што менавіта Дзяніс Дашкевіч зьяўляецца адміністратарам дадзенага незалежнага сайту vrogacheve.ru.

Сам Дашкевіч жа сьцьвярджае, што ён не зьяўляецца адміністратарам, і мае да сайту толькі ўскоснае дачыненьне.

БАЖ: «Адміністрацыйны шлях вырашэньня гэткіх спрэчак — ужо паказчык»


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец зазначыў, што Дзяніс Дашкевіч — ня сябра БАЖу і не зьвяртаўся ў БАЖ па дапамогу. Інфармацыю ў мэдыях пра гэтую справу Андрэй Бастунец пракамэнтаваў гэтак.

«Лічу, што спрэчкі па аўтарскіх правах павінны найперш разглядацца ў аўтарскім працэсе. Калі хтосьці лічыць, што ягоныя аўтарскія правы парушаныя, ён павінен зьвяртацца ў Калегію па інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду, якая ў нас адзіная займаецца разглядам менавіта грамадзянскіх спрэчак па гэтых пытаньнях. А калі абіраецца адміністрацыйны шлях, то ўзьнікаюць пытаньні наконт задзейнічаньня ўладнага рэсурсу.

Вядома, Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях таксама прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне аўтарскіх і сумежных правоў. Але ж у законе аб аўтарскім праве і сумежных правах ёсьць артыкул, які дазваляе свабоднае выкарыстаньне твораў у сродках масавай інфармацыі. І калі гэтыя творы паводле закону надрукаваныя ў газэтах ці разьмешчаныя ў інтэрнэце, дык, у прынцыпе, іх дазволена таксама перадрукоўваць ці разьмяшчаць у інтэрнэце. За выключэньнем тых выпадкаў, калі гэтыя дзеяньні былі забароненыя аўтарам ці іншым праваўладальнікам. У дадзенай сытуацыі трэба яшчэ глядзець, ці была такая забарона ў раённай газэце альбо яе не было».

Паводле Андрэя Бастунца, апошнім часам назіраецца ўсплёск спрэчак вакол аўтарскіх правоў. Сярод журналістаў пра парушэньні сваіх аўтарскіх правоў часьцей заяўляюць фотакарэспандэнты.
XS
SM
MD
LG