Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Бяляцкага: «Пасьля росьпісу павезьлі кветкі да помніка Максіму Багдановічу»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

17 красавіка ў Алеся Бяляцкага сьвята — 25 гадоў шлюбу. Адзначыць сямейную падзею, як прынята, праваабаронца і ягоная жонка ня могуць — Алесь Бяляцкі адбывае 4,5 года зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі.

Днямі жонка палітвязьня Натальля Пінчук атрымала ад мужа паштоўку зь віншаваньнямі, а ці дайшлі да яго яе віншаваньні, невядома. «Толькі што глядзела паштовую скрыню — лістоў няма». На просьбу «Свабоды» Натальля Пінчук згадала падзеі дваццаціпяцігадовай даўніны.

«Вясельля ў нас як такога й не было. Была невялічкая кампанія з нас з Алесем і сьведак. Выяжджалі мы з Алесевага інтэрнату, гэта было на вуліцы Акадэмічнай, ён тады вучыўся ў асьпірантуры. Я дык вуліцы не запомніла, пра яе згадала сяброўка-сьведка. Кажа, што добра памятае яечню на патэльні, пастаўленай на газэту, як гэтай яечняй мы перакусілі і паехалі ў ЗАГС. Шлюб мы бралі ў Першамайскім ЗАГСе Менску. Калі нас расьпісалі, то адтуль усе разам паехалі да помніка Максіму Багдановічу, там усклалі кветкі. Бачыце, потым аказалася, што гэта было даволі сымбалічна, бо ў далейшым Алесь стаў дырэктарам музэю Багдановіча. Але тады гэтага не прадугледжвалася і цяжка было прадказаць. А потым пайшлі ў кафэ „На ростанях“, дзе адзначылі шлюб за сталом, танчылі. Усё прайшло дастаткова сьціпла, і ўжо праз два дні я мусіла зьехаць у Гомель, дзе вучылася ўва ўнівэрсытэце. Тады давалі толькі тры дні на тое, каб расьпісацца і пабыць разам».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ўва ўтойваньні асабліва вялікіх прыбыткаў. Бяляцкі сваёй віны ў судзе не прызнаў. Праваабаронца даводзіў, што атрыманыя грошы цалкам пайшлі на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Алеся Бяляцкага палітвязьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG