Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А нас пасылаюць....


Старэйшае пакаленьне, пэўна, памятае песьню Ўладзімера Высоцкага пра «сузор'е Тау Кіта»:

Сигнал посылаем — вы что это там?
А нас посылают обратно.


Так выглядае, што зь сёлетнім штогадовым пасланьнем прэзыдэнта атрымалася нешта падобнае.

З аднаго боку, нібыта нічога такога асаблівага не адбылося, напрыклад, лёс малака па сацыяльных цэнах хвалюе народ куды больш, чым гэтыя бізантыйскія рухі цела.

Але з другога — характар пераносу даты абнародаваньня пасланьня і асабліва публічна агучаныя прычыны заслугоўваюць увагі.

Рэч у тым, што гэта — беспрэцэдэнтны прыклад разбурэньня магіі ўлады як такой, а ўлады аўтарытарнай, пэрсаналісцкай — асабліва.

У 1996 годзе, падчас баталіяў у парлямэнце (забылася ўжо, што быў некалі такі ў краіне) наконт праекту новай канстытуцыі, Аляксандра Лукашэнку спыталі, а хто ж напісаў такі юрыдычны цуд, мо Рыгор Васілевіч ці нехта іншы. «Аўтар праекту стаіць перад вамі на трыбуне», — адказаў прэзыдэнт. І правільна, па сутнасьці, адказаў. Бо з палітычнага пункту гледжаньня няважна, хто там пёркам вадзіў ці ў кампутарную «клаву» пальцам тыкаў, аўтар той, хто бярэ палітычную адказнасьць за гэтую пісаніну. Гісторыя ведае кодэкс Юстыніяна, кодэкс Напалеона — таксама ж ня самі пісалі. Але ў палітычным сэнсе — менавіта самі.

Дарэчы, гэтак жа адказаў бы і лідэр самай дэмакратычнай краіны. Кухня — яна і ёсьць кухня і нікога не павінна цікавіць, як там гатуюць стравы. Але асабліва гэта тычыцца сыстэмы, дзе кіраўнік — «крыху вышэйшы за Бога». Што за Бог, волю якога вызначаюць клеркі? Адвеку вядома, што караля грае сьвіта, але дзіўнавата выглядае кароль, які кажа, што яго нехта грае.

Не, зваліць віну на ўрад, чыноўнікаў за нейкія непапулярныя меры — гэта мілая справа, якая адвеку робіцца і рабілася: цар-бацюхна ня ведаў, злыя баяры нешта нахамуталі, народны заступнік разабраўся, навёў парадак і даў каму трэба ў косьці. Але тое ніколі ня робіцца адносна асабістай канцылярыі бацюхны, тых, хто па сутнасьці проста тэхнічна афармляе ягоную волю.

І вось — паведамленьне: ня так прэзыдэнту напісалі пасланьне. Дык гэта ж яго пасланьне, ён — аўтар.

І цікава, пра што ж ня так напісалі: занадта жорстка — пра міжнародныя стасункі, занадта лібэральна — пра прыватызацыю. Першы папрок выглядае асабліва цікава на фоне вызваленьня Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі. Момант і сапраўды тонкі, беларускі бок нарэшце зрабіў вельмі значную саступку і ў гэтым сэнсе аказаўся залежным ад рэакцыі іншага боку, якая фармуецца менавіта цяпер. І тут традыцыйная пазыцыя Менску несла рызыку паўтарэньня сюжэту прыгаданай песьні Высоцкага — «а нас посылают обратно». Таму, магчыма, публічны перанос абнародаваньня пасланьня з тлумачэньнем прычынаў стаў насамрэч своеасаблівым пасланьнем — мы гатовыя быць гнуткімі.

Але згадка яшчэ і пра прыватызацыю дазваляе даць яшчэ адно тлумачэньне. Леташняя бітва лапіфаў з кентаўрамі, у сэнсе — ураду з эканамічным блёкам адміністрацыі прэзыдэнта, паказала, што маналітнасьць уладнай каманды — гэта міт. Ня тое, што нехта там выступае за дэмакратыю, рынкавыя рэформы а ля Бальцаровіч і сяброўства Беларусі ў НАТО — у такой «ерасі» людзей беларускай улады падазраваць ня варта. Там усе — за захаваньне і ўмацаваньне рэжыму, але наконт таго, як яго захоўваць і ўмацоўваць, існуюць пэўныя супярэчнасьці і даволі сур’ёзныя. Нядаўняе зьяўленьне на экранах тэлевізараў кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея, які ўжо даволі даўно выконваў ролю «вялікага нямога», можа сьведчыць пра тое, што ва ўладнай камандзе адбываецца вялікі перадзел, людзі без пагонаў спрабуюць узяць рэванш над сілавікамі, праявай чаго магчыма і стала вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі.

На гэты канфлікт, гледзячы па ўсім, накладаецца і працяг спрэчкі аб шляхах эканамічнага разьвіцьця краіны, якая летась была проста ізноў схаваная пад дыван, але нікуды ня зьнікла.

Прэзыдэнцкае пасланьне — рэч досыць рытуальная. Але сэнс гэтага рытуалу — у дэманстрацыі, што правадыр ведае, што рабіць, і ў ягоным атачэньні на гэты конт існуе пэўны кансэнсус.

А калі яго няма? Ну вось тады і здараюцца такія дзіўныя рэчы, як перанос гэтай дэманстрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG