Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі абласны суд пакінуў прысуд Дзінасу Лінкусу бязь зьменаў.

Разгледзеўшы скаргу былога кіраўніка Гарадзенскага абласнога аддзелу Дэпартамэнту аховы маёра Дзінаса Лінкуса, асуджанага Гарадзенскім раённым судом на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё начальніка Шчучынскага раённага аддзелу дэпартамэнту аховы Аляксея Сяргея, абласны суд яе не задаволіў, а пакінуў прысуд бязь зьменаў. У судзе таксама не задаволілі хадайніцтва пацярпелага боку, які прасіў зьмяніць Лінкусу меру стрыманьня і ўзяць пад варту ў залі суду.

Разгляд касацыйнай скаргі пачаўся з таго, што прадстаўніца Аляксея Сяргея падала суду даведку са шпіталя пра тое, што ейны падабаронны да гэтага часу знаходзіцца ў шпіталі і адпушчаны ў суд са згоды лекара. Яна патлумачыла, што мінуў год, як Лінкус зьбіў Сяргея, а той дагэтуль ня можа цалкам паправіць здароўе.

Таму адвакатка хадайнічала перад судом, каб прысуд пакінулі бязь зьменаў і павялічылі суму матэрыяльнага пазову, бо ў Сяргея шмат грошай ідзе на лячэньне.

Лінкус у сваёй прамове, як і ў судзе першай інстанцыі, не прызнаў цалкам свае віны, настойваў, што раённы суд разгледзеў справу павярхоўна і неаб’ектыўна. Ён, як і раней, казаў, што ня біў Сяргея кулакамі і нагамі, а толькі некалькі разоў ударыў даланёй па твары, каб нібыта ацьвярозіць таго. І, як і раней, настойваў на тым, што Сяргея мог пабіць нехта іншы.

Адвакат Лінкуса акцэнтаваў увагу на тым, што ягоны падабаронны ў момант інцыдэнту быў прадстаўніком улады, а ягоны падначалены Сяргей нібыта адмаўляўся выконваць загады.

Сяргей у адказ заявіў, што Лінкус зьбіваў яго на вачах у сваіх падначаленых, якія потым адмаўляліся ад паказаньняў, нават ціснулі на яго — маўляў, хто ты такі, а Лінкус — начальнік. Сяргей таксама заявіў, што Лінкус і яго родныя перад пачаткам суду тэлефанавалі з пагрозамі і прапаноўвалі грошы, каб ён зьмяніў паказаньні.

У выступе пракурора прагучала, што доказаў віны Лінкуса сабрана дастаткова — як з паказаньняў сьведак, так і па выніках экспэртызы. Больш за тое, пракурор зазначыла, што настойвае на рашэньні суду першае інстанцыі, бо Лінкус так і не ўсьвядоміў сваёй віны.

Аляксей Сяргей і ягоная сястра Сьвятлана размаўляюць з праваабаронцамі з "Нашага дома"

Аляксей Сяргей і ягоная сястра Сьвятлана размаўляюць з праваабаронцамі з "Нашага дома"



Пасьля абвяшчэньня рашэньня па скарзе Лінкус і ягоны адвакат хутка сышлі з будынка. На пытаньні «Свабоды» Лінкус адказваць адмовіўся. А вось што сказаў Аляксей Сяргей:

«Я лічу, што суд вынес законнае рашэньне і Лінкус павінен панесьці пакараньне, якое заслужыў».

Сястра Сяргея — Сьвятлана:

Сьвятлана: «Я адчуваю задавальненьне ад таго, што суд прыняў законнае рашэньне. Вінаваты павінен сядзець у турме, адбываць пакараньне».

У залі суду прысутнічалі праваабаронцы Павал Левінаў і Валеры Шчукін, якія пацярпелі ад Лінкуса, калі той яшчэ працаваў у Фрунзенскім РАУС Менску. Павал Левінаў лічыць, што прысуд Лінкусу занадта мяккі:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

Левінаў: «Мы бачылі, як ён тут паводзіў сябе: да апошняга моманту адчуваў сваю беспакаранасьць і прыйшоў сюды не з адпаведнымі рэчамі, а як франт, бо быў упэўнены, што застанецца на свабодзе. І я, дарэчы, не выключаю магчымасьці, што ў яго падрыхтаваныя нейкія хады для адступленьня».



Валеры Шчукін

Валеры Шчукін

Кажа Валеры Шчукін: «Я ўсё ж разьлічваў, што яго арыштуюць у залі суду. Бо зараз вось якая карціна атрымліваецца: цяпер адправяць рашэньне абласнога суду ў раённы, адтуль накіруюць дакумэнты па месцы жыхарства ў Менск, і ён яшчэ на свабодзе застанецца як мінімум паўмесяца».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG