Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелая ад тэракту: «Мяне выкралі невядомыя»


Алена Лебядзінская паведаміла, што, калі яна вярталася дадому пасьля адкрыцьця помніку ахвярам тэракту 11 красавіка, яе схапілі двое невядомых, ударылі, пасадзілі ў мікрааўтобус і павезьлі ў міліцыю.

«На выхадзе са станцыі мэтро „Спартыўная“ падляцелі двое невядомых і пачалі мяне цягнуць да мікрааўтобуса. Я закрычала: „Дапамажыце!“, тады яны ўдарылі мяне аб сам мікрааўтобус, і ў мяне былі разьбітыя лоб і калені. Потым забралі тэлефон. Завезьлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе мяне пыталіся, ці сапраўды я прыносіла плякат з фатаздымкам, ці сапраўды ў мяне яго забралі. Мне падалося, што самі супрацоўнікі міліцыі былі ў зьдзіўленьні, навошта мяне прывезьлі і што са мной рабіць», — заявіла Лебядзінская парталу TUT.BY

Яна кажа, што яе пратрымалі ў міліцыі некалькі гадзінаў:

«У 22.30 я была ўжо дома і выклікала хуткую дапамогу. Урачы канстатавалі гіпэртанічны крыз, удары галавы, прапанавалі паехаць у лякарню».

11 красавіка, калі адкрывалі помнік ахвярам выбуху у мэтро, Лебядзінская дастала плякат «Дзяржава адмовіла ў дапамозе».

Плякат адразу вырвалі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным.

«Тэракт — гэта злачынства супраць дзяржавы, а не супраць мяне асабіста як Алены Лебядзінскай, таму я ў дзяржавы прасіла хоць бы дапамогі на лекі і на адзеньне, а атрымала яшчэ адны цялесныя пашкоджаньні. За што? Мой плякат толькі канстатаваў, што я прасіла дапамогі ад дзяржавы, а мне ўсюды сказалі, што нічым ня могуць дапамагчы», — кажа Лебядзінская.

Яна кажа, што падчас выбуху знаходзілася на эскалятары:

«Я была там, калі абрынулася столь. Адразу мяне павезьлі ў лякарню, абсьледавалі, прапанавалі шпіталізацыю, але я напісала адмову, вырашыла ў хаце лячыцца. Раніцай 12-га патэлефанавалі з паліклінікі, сказалі тэрмінова прыехаць. У мяне быў кашаль, тэмпэратура, ванітавала некалькі дзён чымсьці чорным. Я напісала заяву ў камісію для выплаты матэрыяльнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад акту тэрарызму. Для дапамогі, як мне сказалі, трэба заключэньне судмедэкспэртызы. Аднак экспэртыза паказала, што ў мяне чамусьці бранхіт».

Алена Лебядзінская паведаміла, што ў якасьці дапамогі зь Менгарвыканкаму ёй прывезьлі «1 літар сланечнікавага алею, кіляграм цукру і некалькі апэльсінаў».

У міліцыі Цэнтральнага раёну камэнтаваць сытуацыю адмовіліся.

У прэсавай службе ГУУС Менгарвыканкаму адказалі, што кожны дзень паводле розных падставаў затрымліваецца некалькі дзясяткаў чалавек, таму «нічога не магу вам ўдакладніць па дадзеным канкрэтнаму чалавеку».

Як паведаміла крыніца TUT.BY у праваахоўных органах, Лебядзінская была затрыманая за несанкцыянаваны пікет. Ці будзе яна за гэта пакараная, пакуль невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG