Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXХII. Чытач: «Асноўнае відэа — падробка»


Станцыя мэтро за некалькі хвілінаў да выбуху. Запіс камэраў вонкавага назіраньня

Станцыя мэтро за некалькі хвілінаў да выбуху. Запіс камэраў вонкавага назіраньня

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Гэтую размову з дасьведчанай крыніцай — якую я ўмоўна назваў Чытачом, бо суразмоўца пажадаў захаваць інкогніта, — аўтар запісаў паводле нататак і ўспамінаў. Гутарка адбылася ў лютым 2012 году. Чытач перакананы, што асноўнае відэа — запісы з камэраў назіраньня ў мэтро на станцыях «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» ад 11 красавіка — былі падробленыя, і тлумачыць, чаму ён гэтак мяркуе. Зараз гаворка пойдзе пра відэа, зьнятае на пляцоўцы лесьвіцы да пераходу ад станцыі «Кастрычніцкая» да «Купалаўскай» за некалькі хвілін да выбуху.

— Вось, чалавек, глядзіце, які ідзе, гэты сівы, у куртцы. Зараз у яго ногі зьнікнуць. Вось павіс у паветры. 40 разоў я гэта праглядаў і перакананы, што ягоныя ногі зьніклі. Куды яны зьніклі? Ногі зьніклі, бо быў мантаж. Нам трэба было бачыць чалавека, які ішоў паперадзе яго. Чаму я перакананы, што з гэтага моманту зроблены мантаж? Таму што менавіта ў гэты момант гэты чалавек заходзіць у пераход і адбываецца накладаньне карцінак. І ў гэты момант зьяўляецца мантажная пляма, пра якую казалі экспэрты.

І вось гэтыя два чалавекі. Калі доўга і ўважліва за імі назіраць, хвіліны паўтары, то бачна, што іх рухі паўтараюцца праз пэўны час. А ў момант, калі першы чалавек падыходзіць вось сюды, той, які ў сьветлай куртцы, ледзь торгаецца. Такім чынам, адбываецца ўсё разам: раптам у сівога мужчыны зьніклі ногі, тут зьявілася мантажная пляма, а гэты ў сьветлай куртцы здрыгануўся.

— І які, на вашу думку, сэнс гэтай падробкі?

Каб была адна карцінка, быццам Канавалаў стаіць на пляцоўцы лесьвіцы каля ўваходу ў тунэль і чакае цягніка, каб прывесьці ў дзеяньне сваю бомбу. Яго на гэтыя кадры наклалі, што нібыта вакол яго ідуць гэтыя людзі

— Сэнс? Каб была адна карцінка, быццам Канавалаў стаіць на пляцоўцы лесьвіцы каля ўваходу ў тунэль і чакае цягніка, каб прывесьці ў дзеяньне сваю бомбу. Яго на гэтыя кадры наклалі, што нібыта вакол яго ідуць гэтыя людзі. Вось тут, у правым ніжнім куце, дзе стаіць Канавалаў, усё накладзена. Той новы чалавек, які выходзіць зь пераходу і зьбягае па лесьвіцы на станцыю, ён рэальна быў. А астатнія — накладзеныя.

Яшчэ заўвага. Вось стаіць нібыта Канавалаў і адыходзіць чамусьці ўбок. Якая лёгіка ў такіх дзеяньнях? На маю думку, яе няма. Калі ты стаіш і націскаеш кнопку выбуху, то табе, каб не пацярпець, лепш заставацца за нейкім прадметам. Гэтак гэты «нібыта Канавалаў» і стаяў, але раптам зрабіў рух убок і толькі потым пайшоў у тунэль. Мяркую, усё таму, што на сапраўдным кадры быў той малады чалавек, які ішоў хутка да лесьвіцы фактычна празь «нібыта Канавалава», але гэтак жа ня можа быць, таму «нібыта Канавалава» быццам адціснулі ўбок. Малады чалавек прайшоў, «нібыта Канавалаў» накіраваўся ў тунэль, адбыўся выбух. Заўважу, што калі стаіць гэты чалавек, то вакол яго амаль нікога няма, і гэтак даволі доўга. Гадзіна пік, а ўсяго некалькі чалавек вакол. Згадайце, як ён падымаўся па лесьвіцы, вакол шмат людзей было, а тут нікога. Бо яго наклалі на амаль пусты кадар, каб лепш выдзяляўся. Каб было больш відавочна.

(Заўважу, што асабіста мяне Чытач не пераканаў. Здаецца, гэта ўсё ж вельмі суб’ектыўная рэч — успрыманьне карцінкі на экране. Калі Чытач кажа, што «нібыта Канавалава» адціснулі ўбок, каб даць дарогу маладому чалавеку, я бачу, што Канавалаў проста крыху зварухнуўся. — А.Г.)

— З матэрыялаў суду памятаю, што сярод пацярпелых ад тэракту быў вядомы спартовец, гіравік Вячаслаў Харанека. На наступны дзень пасьля тэракту ў мэдыях быў ягоны расповед, што ў момант выбуху ён стаяў на пляцоўцы паміж пралётамі лесьвіцы да тунэля і нават па датычнай яму ўдарыў у галаву кавалак пліткі ці бэтону...

— Так, славуты гіравік. Яго ў судзе не дапыталі, але зачыталі ягоныя паказаньні. Што стаяў, ад выбуху прысеў, нічога падазронага ня бачыў, ня памятае. Потым у пераходзе адчуў цяпло на патыліцы, была кроў, яму аказалі дапамогу. Вось ягоныя паказаньні. Але там, на тым мосьціку, быў ня ён адзін. Яшчэ было 4 сьведкі. Іх усіх так і не распытвалі ў судзе. А я патлумачу, чаму. Бо на кадрах відэа адразу пасьля выбуху ўвогуле няма нікога на пляцоўцы. Калі вы павялічыце кадар і стане сьвятлей пасьля выбуху, добра будзе бачна, што на пляцоўцы нікога няма, хоць там павінны быць людзі.

(Зусім не абавязкова. Шмат разоў сутыкаўся з тым, што ў гэтым месцы паміж прыездам цягнікоў нават цягам 10–15 сэкунд можа быць мала людзей. Рэгулярна карыстаюся мэтро і пераходжу з адной станцыі на другую якраз праз гэты танэль. Бывае такое і ў гадзіну пік, калі на супадзеньне прыезду і ад’езду цягнікоў на «Кастрычніцкай» накладаецца рытм руху цягнікоў на «Купалаўскай». — А.Г.)

Яшчэ дзіўна, што на розных кавалках відэа па-рознаму разьмешчаныя дадзеныя: час, дзень, месца. На адных — у правым верхнім куце, на іншых — у ніжнім левым. Знаёмы адмысловец з мэтро патлумачыў, што яны могуць нанесьці гэтыя дадзеныя ў любым куце. Але выходзіць, што гэтак можна і час любы нанесьці, і дзень любы. Такім чынам, цалкам магчыма зрабіць гэтак, што кадры ад аднаго дня накладзеныя на кадры іншага.



— У судзе адвакат казаў, што на відэа нейкія людзі вакол Канавалава зьяўляюцца ў адных кадрах, а потым — там, дзе іх быць не магло, калі верыць сьледзтву. Называліся прыкметы гэтых людзей. Што вы скажаце пра гэта? Вы бачыце такія прыкметы?

— Так, разумею, пра што казаў адвакат. Вось глядзіце: жанчына зь белай касой. У яе чорнае адзеньне, цёмная куртка, белы пакунак, чорная торба ў руцэ. Вось яна ідзе-ідзе і раптам — мэтры на два быццам праскоквае наперад. Таксама сьляды мантажу, нешта выразалі. Зьнікла недзе 1,8 сэкунды. «Нібыта Канавалаў у гэты момант усё стаіць на «мосьціку», чакае цягніка. І будзе чакаць яшчэ амаль хвіліну. Вакол амаль нікога ня будзе, нават бачна, што і на плятформе няма людзей — або ня трапілі ў кадар, хоць была гадзіна пік? А вось зноў гэтая
Жанчына зь белай касой. У яе чорнае адзеньне, цёмная куртка, белы пакунак, чорная торба ў руцэ. Вось яна ідзе-ідзе і раптам — мэтры на два быццам праскоквае наперад. Таксама сьляды мантажу, нешта выразалі.

дзяўчына — выходзіць з мэтро, а за ёй ідзе «нібыта Канавалаў». І яшчэ дзьве дзяўчыны — адна ў чырвонай куртцы, другая ў чорнай, іх добра бачна на відэа. Зноў праходзяць міма «нібыта Канавалава» на «мосьціку». Ён застаецца, але на іншым відэа выходзіць з мэтро непадалёк ад гэтых жа дзяўчат. Альбо гэтаксама — стары з даўгім шалікам. Да выбуху ён падымаецца ў тунэль адначасова зь «нібыта Канавалавым», а калі выходзіць з мэтро, за ім адразу ідзе Канавалаў. І гэткіх я налічыў 10 чалавек, якія чамусьці ішлі міма яго, даўно прайшлі, а выходзяць разам. То бок, як я мяркую, Канавалаў ці чалавек, да яго падобны, як падняўся на лесьвіцу перад тунэлем у суправаджэньні пэўных людзей, гэтак і выйшаў з мэтро, не спыняючыся, бо вакол яго апынуліся тыя ж людзі. А мы на відэа на «мосьціку» непасрэдна перад выбухам бачым іншага чалавека, выяву якога наклалі на відэа.

— А хіба не маглі яны проста затрымацца? Здарыўся выбух, людзі разгубіліся, не адразу пайшлі далей, а Канавалаў усё ведаў і ішоў па танэлі хутка, вось і нагнаў іх. І атрымалася, што ўсе вышлі прыкладна ў адзін час, але і не зусім адначасова. Вось першай ідзе дзяўчына з касой, потым мужчыны, якія размаўлялі на пляцоўцы, і толькі потым Канавалаў...

— Але прамінула ня менш за хвіліну, як апошні зь іх зьнік у тунэлі, а Канавалаў усё стаяў і чакаў цягніка. За хвіліну можна было амаль прайсьці ўвесь пераход. Чаму яны потым зноў сабраліся ў адным месцы на выхадзе? Атрымліваецца, што ўсе гэтыя дзесяць чалавек, якіх я налічыў, затрымаліся, прычым на аднолькавы час? Гэтак мяркуе сьледзтва, але мне падаецца гэта непраўдападобным. Таму я і настойваю на тым, што той чалавек, нібыта Канавалаў, які падымаўся разам зь іншымі ў патоку да тунэля, не спыняўся, а разам з тымі ж людзьмі і выйшаў. А тое, што мы бачым, — гэта мантаж. Мантаж і зьявіўся ў той момант, калі гэты чалавек нібыта затрымаўся перад тунэлем: усе гэтыя зьнікненьні ног, затрымкі часу, пляма. Гэта і ёсьць доказ мантажу.


Ці былі ў мэтро перад тэрактам адмыслоўцы па выбухах?




— У студзені ў інтэрнэце зьявіліся фатаздымкі БелТА — 11 красавіка фатограф зьняў на ўваходзе ў мэтро «Кастрычніцкая», як нейкія людзі выбягаюць з прыладамі для правядзеньня выбухаў. Праз два дні пасьля таго, як падняўся шум, сталічная міліцыя запрасіла журналістаў і абвергла «сэнсацыю» — аказваецца, гэты былі людзі з адмысловай каманды па разьмініраваньні, іх выклікалі на месца здарэньня тэрмінова пасьля выбуху, яны зьяжджаліся з розных месцаў, у тым ліку з хатаў, таму былі без адмысловай вопраткі. Гэтых людзей журналістам паказалі, назвалі іх імёны. Хіба не канец сэнсацыі?

— Для вас — магчыма. А я гляджу на відэа ад 11 красавіка, зьнятае за некалькі хвілін да выбуху. Вось чалавек, якога называюць Канавалавым, на станцыі мэтро ў натоўпе стаіць з торбай за калёнай. І як толькі ён ставіць торбу на падлогу, з-за калёны выходзіць чалавек у куртцы, апранутай на паласаты джэмпэр. А за ім ідзе яшчэ адзін, у таго таксама джэмпэр пад курткай бачны, у шырокую палоску. А зараз паглядзім на фатаздымак БелТА, зроблены пасьля тэракту, калі невядомыя ў цывільным выносяць нейкія прылады з мэтро. Першы мужчына — у куртцы на джэмпэр з палоскамі, гэта той, які нясе вялікі пакунак. Апошні мужчына — у куртцы на джэмпэр з шырокімі палоскамі. Каб яшчэ адзін зь іх трапіўся, можна было б казаць пра супадзеньне. Але на фота апынуліся абодва: яны былі і там, да выбуху, і тут, выходзілі з мэтро ўжо недзе праз гадзіну пасьля выбуху. І камплекцыяй, і адзеньнем вельмі падобныя, адзін у адзін. Што яны там рабілі, невядома, але ж, пэўна, нешта рабілі.

— Адвакат Канавалава даводзіў у судзе, што ня толькі відэа, але і дадзеныя антрапамэтрычнага экспэрымэнту былі падробленыя: маўляў, рост чалавека, якога зьнялі камэры відэаназіраньня ў мэтро, не супадае з ростам Канавалава. Вы згодны з гэтымі высновамі?

— Можна пагадзіцца з тым, што і тут несупадзеньні істотныя. Возьмем стоп-кадар відэа, як Канавалаў выходзіць з торбай зь цягніка мэтро на станцыі «Купалаўская». Умоўнымі лініямі зафіксаваны ягоны рост. А потым гэта параўноўваюць з фота са сьледчага экспэрымэнту ад 15 красавіка, калі Канавалава прывялі ноччу ў мэтро і фатаграфавалі ды здымалі на відэа ўсе ягоныя перамяшчэньні, як ён сам нібыта паказваў. Там таксама ўмоўнымі рысачкамі адзначаны рост. Дык вось, пры параўнаньні сапраўды бачна, што калі верхнія рысачкі супадаюць, то ніжнія — не: у чалавека зь відэа за 11 красавіка рысачка знаходзіцца ніжэй, чым у сапраўднага Канавалава на экспэрымэнце за 15 красавіка.

Як сьледчыя абыходзіліся з Кавалёвым?


— Чаму, на вашу думку, Кавалёў прызнаваўся на сьледзтве ў тым, чаго не рабіў? Пра Канавалава вядома, што супроць яго ўжывалі сілу, але супроць Кавалёва — быццам бы не. Ва ўсякім разе, ён сам пра гэта нічога не казаў. Калі запужалі, то чым?

— Ціск на яго быў, відаць, немалы. У судзе гучалі хадайніцтвы пра тое, каб разабрацца, хто наведваў Канавалава і Кавалёва ў ізалятары КДБ і ў псыхдыспансэры ў Навінках. І нібыта такія адказы прыйшлі, але іх так і не агучылі. Нагадаю, што ў судзе Кавалёў казаў, што яго наведвалі вельмі часта. Ён адказваў на пытаньне адваката: «Розныя супрацоўнікі, сьледчыя». Іншыя крыніцы таксама пацьвярджаюць, што сьледчыя да яго прыходзілі фактычна перад кожным допытам, за пэўны час да прыходу адваката. Гэта значыць, што на яго маглі ціснуць па-сапраўднаму, а ня толькі псыхалягічна.

— Нагадаю, на адным з пасяджэньняў пацярпелы Самвэл Саакян настаяў на зачытваньні допыту Канавалава і ўголас пачаў абурацца, калі судзьдзя, на яго думку. прапусьціў кавалак у паказаньнях. Паводле ягонай рэплікі, быў прапушчаны кавалак пра намер зьмяніць уладу. На вашу думку, ці былі ў дзеяньнях Канавалава і Кавалёва палітычныя матывы?

— У мяне таксама склалася ўражаньне, што судзьдзя зачытаў ня ўсё на судзе — гэта можна, гэта не, і тое, што нельга, ён прапускаў. Калі я кажу, што не лічу віну Канавалава, а тым больш Кавалёва, даказанай, то ў тым ліку і таму, што не лічу вызначаным матыў злачынства. Па-сапраўднаму яго нават і не высьвятлялі, для шырокай публікі ён застаецца невядомым. Хоць для вузкага кола пэўнасьць, відаць, ёсьць, адсюль і такі жорсткі прысуд. А «дэстабілізацыя абстаноўкі», пра якую як заведзены казаў на сьледзтве Канавалаў, — гэта так, для дурных. Пагадзіцеся, нелягічна лічыць «дэстабілізацыю» канчатковай мэтай, хутчэй гэта адзін са сродкаў дасягненьня нейкай мэты. Якой? Мяркую, можна здагадвацца, пра што гаворка. Прыкладам, тое, што агучыў пацярпелы Саакян — зьмена ўлады — гэта больш падобна да матыву. Але суд чамусьці не захацеў, каб пра гэта было публічна абвешчана, і спыніўся на «дэстабілізацыі». Заўважце, і сьледчыя на першых допытах спрабавалі распытваць нешта пра далейшыя пляны, а потым адчапіліся, і судзьдзя не прыклаў ніякіх намаганьняў, каб высьветліць: а што Канавалаў зьбіраўся рабіць пасьля гэтай «дэстабілізацыі»?



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»


Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG