Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брэйвік прасьлязіўся ў судзе


У Нарвэгіі завяршыўся першы дзень суду над ультраправым тэрарыстам Андэрсам Брэйвікам, абвінавачваным у двайным тэракце ў Осла і на востраве Утоя, у выніку якога загінулі 77 і былі параненыя больш за паўтары сотні чалавек.


У сувязі з пачаткам гэтага судовага працэсу паліцыя Осла ўжыла беспрэцэдэнтныя ў гісторыі краіны захады бясьпекі. Прылеглыя да будынка суду вуліцы заблякаваныя, усе праходзяць праз рамкі-мэталашукальнікі, а асабістыя рэчы праглядаюцца, як у аэрапортах. Уваход у будынак суду дазволены толькі па пропусках як для саміх удзельнікаў працэсу, так і для прэсы і публікі.

Нарвэскае тэлебачаньне трансьлюе ў інтэрнэт жывы рэпартаж з судовай залі.

Зайшоўшы ў будынак суду 33-х гадовы Брэйвік выкінуў перад сабой руку у праваэкстрэмісцкім прывітаньні. На пачатку судовага паседжаньня ён адмовіўся падняцца, заявіўшы, што не прызнае легітымнасьці суду. Ён заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым ні ў якім злачынстве, бо ягоныя напады на знак пратэсту супраць лібэральнасьці нарвэскіх законаў аб эміграцыі, былі неабходныя для таго, каб прадухіліць захоп краіны мусульманамі.

На судзе Брэйвік гаварыў ціхім, спакойным голасам, фармулюючы адказы ясна і выразна, не выказваючы ніякіх пачуцьцяў. Аднак, адзін раз ён расплакаўся — калі дзяржаўны абвінаваўца дэманстраваў на вялікім экране ў залі суду відэафільм, зроблены самім Брэйвікам і выкладзены ім на Youtube незадоўга да тэрактаў. 12-хвілінны ролік змантажаваны з выяваў крыжакоў і антыісламскіх прапагандысцкіх матэрыялаў.

Паводле нарвэскага псыхіятра К’ерсьці Наруд, такая манэра паводзінаў тэрарыста сьведчыць аб поўнай адсутнасьці ў яго пачуцьця суперажываньня: «Брэйвік бывае закрануты за жывое, толькі калі справа тычыцца яго самога і яго пасланьняў. Гэта паказвае, што ён зьяўляецца пэрсонай, цалкам занятай сабой і ўласным сьветам ».

Падчас сваёй прамовы генэральны пракурор Свэйн Холдэн прадэманстраваў прысутным у залі суду відэа і аўдыёматэрыялы, якія зьяўляюцца доказам віны Брэйвіка. Пракурор распавёў пра жыцьцё Брэйвіка да таго дня, калі быў зьдзейсьнены двайны тэракт у Осла і на востраве Утоя. Сярод іншага, дзяржабвінаваўца згадаў пра рыцарскі Ордэн тампліераў, членам якога, паводле Брэйвіка, ён зьяўляецца. «На нашу думку, супольнасьці, апісанай Брэйвікам, не існуе», — заявіў Свэйн Холдэн.

Акрамя таго, у прамове абвінаваўцы былі закрануты моманты, якія тычацца палітычнай актыўнасьці Брэйвіка. У 1997 годзе, у час вучобы ў камэрцыйнай гімназіі Осла, будучы тэрарыст далучыўся да моладзевага аддзяленьня лібэральна-кансэрватыўнай Нарвэскай Партыі Прагрэсу Fremskrittspartiets Ungdom (FpU), а ў пачатку 1999 года стаў членам «дарослай» партыі Fremskrittspartiet (FrP). Аднак у 2006 годзе Брэйвік быў выключаны зь яе за нясплату складак, а моладзевае крыло ён пакінуў сам годам пазьней.

У наступныя пяць дзён суд заслухае расказ абвінавачанага аб прычынах, якія штурхнулі яго на тэракт — як чакаецца, Брэйвік зможа выступіць 17 красавіка, і яшчэ некалькі дзён будзе выдзелена для дачы паказаньняў. Абвінавачваньне выкліча больш за 90 сьведак, адвакат Брэйвіка — каля 40.

Затым на працягу наступных тыдняў асобна будуць разгледжаныя дэталі абодвух тэрактаў і заслуханыя паказаньні сьведак. Справаздачы ж аб псыхічным стане абвінавачанага будуць прадстаўлены суду 18 і 19 чэрвеня. Плян судовых пасяджэньняў па справе Брэйвіка складзены такім чынам, каб да 22 чэрвеня працэс завяршыўся, і да 22 ліпеня быў абвешчаны прысуд, які пасьля можа быць абскарджаны.

На ўсе мерапрыемствы, зьвязаныя з судом над Брэйвікам, будзе выдаткавана амаль 16 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG