Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Базан: «Аўтарадыё» — адзінае СМІ, зачыненае за падзеі сьнежня-2010


Юры Базан

Юры Базан

На FM-частаце 105,1, дзе да пачатку 2011 году вяшчала «Аўтарадыё», пачало працу радыё «Сталіца», якое дагэтуль можна было слухаць на ўльтракароткіх хвалях і якое зьяўляецца падразьдзяленьнем Белтэлерадыёкампаніі. Такім чынам, спробы калектыву «Аўтарадыё» адстаяць права на вяртаньне ў эфір аказаліся бясплённымі.

Эфірны выпуск «Аўтарадыё» быў спынены 12 студзеня 2011 году. Загад аб забароне на права выкарыстаньня частаты 105,1 быў вынесены на падставе рашэньня Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, якую ўзначальвае міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі.

Афіцыйнай падставай да пазбаўленьня частаты «Аўтарадыё» стаў «распаўсюд інфармацыі, якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Падчас кампаніі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у сьнежні 2010 году ў эфіры радыёстанцыі, як і ў іншых мэдыях, былі зьмешчаныя інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева. У прыватнасьці, спадар Саньнікаў у сваім агітацыйным роліку заявіў, што лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы, што было расцэнена як заклік выходзіць на несанкцыянаваную акцыю. Іншыя СМІ, уключна зь дзяржаўнымі, за аналягічныя словы не пацярпелі.

Спробы заснавальнікаў «Аўтарадыё» аспрэчыць рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні праз суд плёну ня мелі: спачатку Вышэйшы гаспадарчы суд заняў бок радыёстанцыі, але неўзабаве зьмяніў сваю пазыцыю, не знайшоўшы падставаў да рэабілітацыі «Аўтарадыё».

Перадачу частотаў 105,1 дзяржаўнаму радыё «Сталіца» камэнтуе дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан:
Праляскоўскі паўсюль і ўсюды заяўляў: частата 105,1 нібыта нейкая конкурсная і ўсё выдзяляецца па конкурсе. Дзе быў гэты конкурс? ..

«Цяжка нешта сказаць па гэтым пытаньні. Справа ў тым, што я заплаціў за частату 105,1 да канца чэрвеня. То бок, я дзейнічаў у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, паколькі частоты выдзеленыя пад перадатчыкі „Аўтарадыё“. І я абавязаны плаціць. Далей: цяперашні міністар спадар Праляскоўскі (нават спадаром не магу яго назваць, грамадзянін Праляскоўскі) паўсюль і ўсюды, нават у судзе праз свае структуры заяўляў: частата 105,1 нібыта нейкая конкурсная і ўсё выдзяляецца па конкурсе. Дзе быў гэты конкурс? Я спрабую знайсьці, але нічога няма. Чаму кулюарна, таемна выдзялялася гэтая частата „Сталіцы“? Якім чынам? Што гэта за „Сталіца“? У іх што, радыёстанцыям частот не хапае? Распрацуйце сабе частоты. Але нібыта так атрымліваецца, што як быццам нават праводзіўся нейкі конкурс. На сайце Мінінфарму ніякіх зьвестак. Зразумела, што затыкалі дзірку. Конкурс быў закрыты, для сваіх, дзеля таго, каб перакінуць рэсурс. Гэта адно пытаньне. А другое — „Аўтарадыё“ плаціць за частату».

Рэсурсы «Аўтарадыё» перададзеныя «Сталіцы» якраз у той час, калі быў вызвалены экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, чые словы, рэтрансьляваныя праз «Аўтарадыё», паслужылі нагодай да далейшага перасьледу калектыву рэдакцыі.
Я сустракаўся з гэтым Праляскоўскім, гэта ягоная асабістая, канкрэтная, так бы сказаць, нелюбоў да „Аўтарадыё“.

Юрый Базан: «Найперш, Саньнікава проста вызвалілі, ён не апраўданы. Я нешта нідзе ня бачыў паведамленьняў, што ён рэабілітаваны… Ну, а пра „Аўтарадыё“ неяк забыліся, але відавочная адна простая рэч: „Аўтарадыё“ — гэта адзінае зачыненае СМІ за падзеі сьнежня 2010 году. Адзінае! Кагосьці палохалі, у суды цягалі, штрафамі абкладвалі, але нікога не зачынілі! Зьліквідавалі толькі „Аўтарадыё“. Ня ведаю, што будзе далей, але я не зьбіраюся ўсё так пакідаць. Нават што да выдзяленьня гэтай частаты, таму што „Аўтарадыё“ чэсна плаціла за частотны рэсурс. І калі праводзіўся, як сьцьвярджаюць чыноўнікі, нейкі конкурс, то чаму пра яго ніхто ня ведае? І як там тая радыёстанцыя зьявілася? Ніхто нічога ня ведае, усё схавана, усё ў таямніцы. Зрэшты, як звычайна. Я зараз проста зьбяру ўвесь гэты матэрыял і адпраўлю першай асобе. Хай глядзіць, што гэта за міністар такі і чым ён займаецца».

Юрый Базан перакананы, што «Аўтарадыё» зьліквідаванае толькі на падставе асабістай антыпатыі да радыёстанцыі з боку кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі:

«Ніякіх папярэджаньняў мы не атрымлівалі, ні ад каго. Гэта проста як падклалі нейкую гадасьць. Я сустракаўся з гэтым Праляскоўскім, гэта ягоная асабістая, канкрэтная, так бы сказаць, нелюбоў да „Аўтарадыё“. Гэтаксама яна была ў спадара Слабадчука, які ўжо не намесьнік міністра. Які, дарэчы, пры сустрэчах у вочы казаў, што яму не падабаецца „Аўтарадыё“, яму падабаецца жанар шансон. Чаму вы, маўляў, шансон ня круціце? Мы, гавару, зусім іншая радыёстанцыя, пры чым тут шансон? І ўсю гэтую сытуацыю ў немалой ступені ствараў усё той жа Слабадчук. Самі разумееце, дзе мы жывём, каб да некага цяпер спрабаваць дастукацца…».

На сайце Белтэлерадыёкампаніі зьявіўся запіс, што радыёстанцыя «Сталіца» Беларускага радыё пачала вяшчанне ў Менску ў FM-дыяпазоне на частаце 105,1. Раней радыё можна было слухаць на ўльтракароткіх хвалях 72,89, а таксама праз інтэрнэт. «Сталіца» працуе 6:00 да 2:00. У структуры вяшчаньня музычныя праграмы займаюць 45% эфірнага часу, інфармацыйна-аналітычныя — 30%, культурна-пазнавальныя — 25%. Мова вяшчаньня — беларуская.

Радыё сталіца ўжо прысутнічала ў FM-дыяпазоне, але ў 2003 годзе яе частата была перададзена станцыі «Радыюс-FM».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG