Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружны. «Думаю, што трэба і мне зьяжджаць адсюль»


Упершыню я прыехаў у Дружны 2 гады таму — пасьля некалькіх экалягічных мітынгаў і Чарнобыльскага шляху, на які пасяленцы з забруджаных раёнаў, што складаюць ільвіную долю насельнікаў 9-тысячнага пасёлку, выйшлі пад лёзунгам «Хімічны Чарнобыль побач зь Менскам!»

Перад гэтым было сабрана 6 тысяч подпісаў пад зваротам супраць будоўлі расейскага тады прадпрыемства «Август-Бел». Афіцыйна — «па вытворчасьці сродкаў абароны расьлінаў», мясцовыя ж назвалі яго «заводам ядахімікатаў». Першапачаткова ім валодала жонка тагачаснага маскоўскага мэра Лужкова Алена Батурына. Цяпер, аднак, завод належыць дзяржаве і ўжо 2 гады працуе ў сакрэтным рэжыме. А днямі сябры тутэйшай незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі «Экаліга» паклікалі мяне самі — пасьля раптоўнага «дэсанту» ў Дружны амаль двух дзясяткаў пухавіцкіх «вэртыкальшчыкаў» на чале з старшынём райсавету Шапавалавым.

Пра гэты візыт мясцовыя дагэтуль гавораць з абурэньнем. Мяне сустрэў 53-гадовы кіраўнік «Экалігі», сябра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Абразоўскі, які і расказаў, як усё адбывалася.

Абразоўскі: «Яны селі ў прэзыдыюм, занялі першыя шэрагі, і два-тры толькі былі мясцовыя жыхары…»

Карэспандэнт: «Людзі не захацелі са сваімі кіраўнікамі сустрэцца?»

Абразоўскі: «Яны павесілі ноччу аб’яву, што назаўтра адбудзецца сход-сустрэча, і ўжо, відаць, адзначылі „галачкай“, што праведзена, напішуць справаздачу, што насельніцтва іх падтрымлівае. Аднак на гэтай сустрэчы яны не адказалі на ніводнае пытаньне. Нават калі бабулька спыталася, чаму няма дактароў у дружненскай паліклініцы, дык Шапавалаў адказаў, што „вы ж ноччу сьпіце, а трэба дзяцей рабіць, каб зь іх вырасталі лекары!“ Чалавек адказаў шчыра, таму што па-другому ня ведае, як вырашыць пытаньне. Задаваліся пытаньні, чаму дрэнная вада — у нас можна не купляць піва, бо яно аднаго колеру з вадой. У нас даўно не рамантуюцца ўнутрыдамавыя тэрыторыі. Адказ — будзе добрае надвор’е, будуць адрамантаваныя дарогі. Надвор’я „добрага“ ў Пухавіцкім раёне ўжо тры гады няма! І на кожнае пытаньне быў адказ — „чуць пазьней, мы гэтым пытаньнем не валодаем“. І я задаў апошняе пытаньне — калі праводзіўся кантроль за прадпрыемствам „Август-Бел“ на выкіды, якімі мэтадамі? Мне адказалі, што 16 сакавіка комплексная праверка выявіла, што ніякіх выкідаў няма, як і наяўнасьці пэстыцыдаў-гербіцыдаў ані ў вадзе, ані ў глебе…»

Зь Сяргеем Аляксандравічам едзем на звалку адкідаў, што за 100 мэтраў ад платоў «Август-Бела». А 6-й раніцы 2 гады таму сярод гары сьмецьця мы знайшлі нават непрыхаваныя 30-літровыя бочачкі з-пад ядахімікатаў зь сіняватай вадкасьцю на дне.

Абразоўскі: «Напісана «фармікадаксід 85% канцэнтрацыі. Гэта мурашыная кіслата — тут знакі, што пажаранебясьпечна, нельга, каб на рукі трапляла, і разьядае рэчывы — 3–8 катэгорыі небясьпекі…»

Карэспандэнт: «Во на этыкетках — «Made in China…»

Абразоўскі: «Гэтая гадасьць усё патруціць у акрузе. Ты ж калі жука труціш — адзін грам дадаеш. А тут 30 літраў — жах! Звалка ў месцы, дзе выходзяць грунтовыя воды, бачыце, колькі сьмецьця ў іх плавае. Каністры былі на беразе. У іх каля 100 грам засталося. Мы знайшлі тры каністры, рабочы сказаў, што іх было каля 300…»

А зараз 2012, нашы дні.

Карэспандэнт: «Спадар Сяргей, мы на тым жа палігоне і бачым усё тое ж…»

Абразоўскі: «Так, мы каля менскай ЦЭЦ-5. Вы бачылі, што там, дзе выходзяць грунтовыя воды на паверхню, звалка поліэтылену, бутэлек і рознага. А грунтовыя воды праходзяць празь пясок, глебу і трапляюць у воды, што знаходзяцца на іншых гарызонтах. А тая вада ідзе на Менск на спажываньне людзям — у нас тут два падземныя возеры. Таму мы патрабуем ад улады, каб быў праведзены аналіз гэтай вады…»

Карэспандэнт: «Нейкае „наўё“ зьявілася — катлаван побач…»

Абразоўскі: «Тое сьмецьце прысыпалі, а гэтае пачалі загортваць у катлаван — інакш палігон пашыраецца…»

Карэспандэнт: «Так нахабна рассыпаных балёнаў з цыянідамі мы не знайшлі…»

Абразоўскі: «Няма неабходнасьці зараз выкідаць тару. Тоячыся, як злодзеі, яны запусьцілі печ, і часамі ў нас у пасёлку брыдка пахне. Ані мы, ані ўлады ня ведаем, што выходзіць з гэтай печы пры спальваньні адкідаў…»

Карэспандэнт: «Тое, што вытварае „Август-Бел“, невядома, як і 2 гады таму?»

Абразоўскі: «Не, зараз яшчэ больш невядома! Усё, што робіцца там, — таямніца, але мы размаўляем з тымі, хто там працуе. Паводле іх, там адбываюцца тэхналягічныя аварыі з разьліцьцём пэстыцыдаў-гербіцыдаў…»

Карэспандэнт: «Хто працуе і колькі працуе?»

Абразоўскі: «Тут працуе каля 200 чалавек — часткова мясцовыя, часткова на „Август-Бел“ возяць зь Менску. Якая вытворчасьць — кажуць, што камэрцыйная тайна. Але ж прадпрыемства, якое шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю, здароўю людзей, ня можа быць таемным…»

Карэспандэнт: «Тым больш, калі, прыехаўшы пару месяцаў таму, Лукашэнка сказаў, што завод будзе пашырацца…»

Абразоўскі: «Так, але не павінен пашырацца на ўрадлівыя глебы!»

Карэспандэнт: «Вось, дарэчы, мы зараз праяжджаем і бачым палетак вялікі і цэх «Август- Бела»…

Абразоўскі: «Так, і плот непасрэдна каля палетку. Вакол заводу павінна быць кілямэтровая ахоўная санітарная зона. А тут расьце зерне, мы ня ведаем, куды яно ідзе, і немаведама, якое яно, колькі на яго выпала ападкаў розных. Улады, як і зараз пад Смалявічамі Батура, абяцалі многае. Печ па зьнішчэньні адкідаў існаваць ня будзе, таму што ў краіне не існуе лябараторыі, якая б выяўляла фураны і дыяксіны ў паветры, а адкіды нідзе захоўвацца ня будуць. Што за прадпрыемствам будзе нагляд і вядома гэта будзе народу. Аднак усё засакрэцілі…»

Непадалёк засьпелі фантасмагарычнае відовішча. З трубаправоду, які ідзе ў бок ЦЭЦ-5, мэтраў на 5 у вышыню выкідаліся патокі вады ды клубы пары. Пад’ехала аўто ды стала пад бясплатную мыйку. Суразмоўца камэнтуе.

Абразоўскі: «Гэта не вэнэцыянскія, а дружненскія фантаны з ЦЭЦ-5 — адваротны так званы водаправод. Людзі эканомяць, каб здабыць 5 градусаў цяпла, а мы 30 выкідаем у паветра. Мала таго — сотні тон вады! Яшчэ пры савецкай уладзе вядома было, што павінен быць замкнёны цыкль ужываньня вады. Мы бачым, што яна выкідаецца ў паветра ў выглядзе пары…»

***
У Дружным сустрэўся з пэнсіянэркай, раней прафэсійным хімікам, спадарыняй Аляксандрай Даніленкай. Яна адна зь нямногіх, хто з навакольных паселішчаў трапіў на памянёную сустрэчу з пухавіцкім начальствам.

Даніленка: «Мне абсалютна незразумела, чаму прыяжджала гэтая група. Калі ў іх была патрэба давесьці інфармацыю ці запытацца пра патрэбы людзей, дык трэба было забясьпечыць яўку. А нашае кіраўніцтва працуе, каб было менш людзей на гэтых сходах. З Дружнага была адна я. У нас аб’явы не было, што будзе гэты сход. Дык там чалавек 20 было, калі ня меней. Нашы клопаты — хімзавод, што нас труціць, і звалка. Паліклініка не ўкамплектаваная мэдпэрсаналам. Адказвае Шапавалаў, што наверсе ніяк ня вырашаць гэтае пытаньне. Прыехала дзяўчына, малады спэцыяліст, узяла адмацаваньне, бо тут жыць няма дзе, хоць у некалькіх кватэрах на тэрыторыі самой паліклінікі невядома хто жыве, але толькі не мэдпэрсанал…»

Падышла і яе паплечніца па «Экалізе», спадарыня Алена Буткоўская, дарэчы, сталая слухачка Радыё Свабода.

Карэспандэнт: «Спадарыня Алена, два гады таму вы сказалі, што ў Дружным пражываеце, як у рэзэрвацыі. Якія зьмены ўжо адбыліся?»

Буткоўская: «Мяняецца ляндшафт, асушаецца дрыгва, высякаюцца дрэвы…»

Карэспандэнт: «Што вы можаце сказаць пра пазыцыю ўладаў?»

Буткоўская: «У мяне вельмі горкі досьвед сустрэчаў і ліставаньняў — апэляваць можна да таго, хто пачуе. Ну, напрыклад, самае неверагоднае — у кожным раёне існуе экалягічная міліцыя. Дэ-юрэ ёсьць. а дэ-факта я ніколі ня бачыла. Як пачаў працаваць „Август-Бел“, вельмі пагоршылася якасьць вады. Усе адкіды ідуць у сеткі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Мала таго, што вельмі дрэнна пахнеш, памыесься — увесь пакрываесься плямамі…»

Абразоўскі: «Сёньня адстойваць свае правы народ павінен рознымі спосабамі. Пісаць лісты да добрых кіраўнікоў ня мае сэнсу, бо яны стварылі кляс. Раз напісаў — атрымаў адказ-аплявуху, другі, трэці — выйшаў змагацца за свае правы. Адстойваць — а ня проста пісаць лісты…»


Прыбіральшчыца газанапаўняльнай станцыі спадарыня Філімонава — яшчэ і вартаўніца катлавана, на якім ужо ў гэтым годзе павінен быў вырасьці 5-павярховы дом з трыма карпусамі.

Філімонава: «Каапэратыў зрабілі ў 2007-м — для шматдзетных і ільготнікаў. У мяне сыну ў сувязі з захворваньнем крыві павінны былі даць жыльлё. 32 сям’і шматдзетных і чарнобыльцы, сіроты, аўганцы. Тры гады незразумела што рабілася. У 2008-м прыехала адміністрацыя прэзыдэнта, забралі пашпарты, паўгода гэта яшчэ цягнулася. Была заключаная дамова з Салігорскам, і ў кастрычніку сёлета меўся быць адкрыты дом. Цяпер нам выдзелілі 120 мільёнаў, і нешта пачалося…»

Карэспандэнт: «Спадзеў ёсьць? Альбо думаеце — зноў падводныя камяні?»

Філімонава: «Ну, па-першае, дом каштуе 25 мільярдаў, а на сёлета нам далі толькі 4 мільярды. Я ў часе прамой лініі зьвярталася — як можна пабудаваць за год? Ну як здаць у 1 квартале 2013-га?!»

Я сустрэўся і з адзіным тут абраным незалежна ад уладаў дэпутатам пассавету Дружнага, спадарыняй Натальляй Рышард. Яна разводзіць рукамі — ніводнай сэсіі ад пачатку году не было, якія ўжо тут сустрэчы з выбарцамі. Што ж да сытуацыі ў пасёлку…

Рышард: «Тыя, што працуюць на „Август-Беле“ — у некаторых пачаліся праблемы са здароўем: у іх выпадаюць зубы, казалі, што будуць звальняцца. Ня думаю, што шалёныя мільёны маюць, а здароўя ні за якія грошы ня купіш! Ёсьць людзі, якім за 50 — чхаюць, нос закладзены. Часам на працу ідзем і ня можам зразумець, адкуль гэты пах. Яны абяцалі многае — і аквапарк пабудуюць, але зьбіраліся будаваць у Мар’інай Горцы. Яны абяцалі дарогі падрамантаваць, але ніхто нічога не рамантаваў…»


Разьвітваліся мы ўсё з тым жа спадаром Сяргеем Абразоўскім.

Карэспандэнт: «Хімічны Чарнобыль у Дружным працягваецца?»

Абразоўскі: «У першую чаргу — маральны, калі насельніцтва зьневажаюць. Пэстыцыды і гербіцыды ня маюць паху, як і радыяцыя. Аднак яны маюць уласьцівасьць назапашвацца ў арганізьме, у тым самым палетку за плотам, у вадзе…»

Карэспандэнт: «За 2 гады наступстваў на людзях ня бачна ці нешта ёсьць?»

Абразоўскі: «Мы зараз будзем праяжджаць каля могілак — яны вырасьлі ў тры разы. Нашы ж улады кажуць, што будзем жыць дрэнна, але нядоўга…»

Карэспандэнт: «З Дружнага яшчэ не ўцякаюць?»

Абразоўскі: «У тых, з кім я размаўляю, апошнім часам узьнікла ідэя перасяліцца ў іншае месца. Калі гэтая вытворчасьць будзе пашырана, я думаю, што трэба і мне зьяжджаць адсюль. На маю Радзіму прыйшлі захопнікі, якія хочуць атруціць мяне, маю сям’ю, маіх унукаў. Ім трэба капейка. З захопнікамі трэба згуртоўвацца і змагацца — і любымі сродкамі, якія даступныя!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG