Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У параўнаньні з Расеяй у нас заробкі нашмат меншыя»


На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў, што бяз росту прадукцыйнасьці працы ў Беларусі падвышэньня заработнай платы ня будзе. Між тым, у многіх працоўных калектывах людзі падымаюць пытаньне пра рост заробкаў, паколькі інфляцыя ў краіне застаецца высокай.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў, што бяз росту прадукцыйнасьці працы ў Беларусі падвышэньня заработнай платы ня будзе. Між тым, у многіх працоўных калектывах людзі падымаюць пытаньне пра рост заробкаў, паколькі інфляцыя ў краіне застаецца высокай.

Пра тое, колькі цяпер зарабляюць людзі ў Беларусі і як ставяцца да дзеяньняў улады ў гэтай галіне — у рэгіянальным аглядзе «Свабоды».

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, людзі ў сярэднім зарабляюць крыху болей за 320 даляраў. Да канца году ўлада абяцае падцягнуць зарплату да 500 даляраў. Але многія гэтаму ня вераць.

Мінакі на магілёўскіх вуліцах любыя пытаньні пра заробкі пераводзяць на параўнаньне тутэйшых зарплат з расейскімі. Як гэтая жанчына:

«У параўнаньні з Расеяй у нас заробкі нашмат меншыя. У Расеі такая сярэдняя, маленькая зарплата — 20 тысяч „расеі“, і цэны не нашмат большыя, чым у нас. А я зарабляю максымум 2,5 мільёна. Гэта рабіць трэба не падымаючы галавы».

Што да пэрспэктываў росту заробкаў у Беларусі, то аптымізму ў людзей няшмат. Як у гэтага мужчыны:
Ня веру, што ў нас зарплата падымецца.

«Ня веру, што ў нас зарплата падымецца больш-менш. Калі даляр быў тры тысячы, то людзі зараблялі па 500 даляраў, і гэта было больш-менш. Я ведаю людзей, якія зараблялі па мільёну пяцьсот і цяпер яны атрымліваюць па мільёну пяцьсот, але даляр ужо восем тысяч».

Мясцовыя ўлады тым часам супакойваюць:

«Плянуецца, што ў сьнежні 2012 году сярэдняя заработная плата складзе ня менш за чатыры мільёны рублёў», — заявіла на пачатку красавіка старшыня камітэту працы і сацыяльнай абароны насельніцтва аблвыканкаму Сьвятлана Тарасенка.

Выказваньне чыноўніцы прагучала да Лукашэнкавай устаноўкі наконт залежнасьці росту заробкаў ад прадукцыйнасьці працы. Ці скарэктавала абласная вэртыкаль свае абяцаньні? Публічных заяў пакуль не было. А як людзі ўспрынялі выказваньне Лукашэнкі?

«З гледзішча навукі гэтак і павінна быць. Прадукцыйнасьць працы павінна апярэджваць зарплату, але не наадварот. А калі вось па жыцьці, то я ня ведаю, колькі часу пройдзе, пакуль павысіцца заробак да годнага ўзроўню. Мы ж пакуль ня бачым, каб рэформы нейкія праводзіліся. Усё ідзе як ідзе».
. Як мне бабця сказала, варажбітка, што толькі праз чатыры гады мы пачнём падымацца.

На што ж спадзяюцца магілёўцы?

«Адзіная нейкая надзея — гэта на расейскія якія-небудзь капіталаўкладаньні, можа заходнія. Мо кітайцы паўдзельнічаюць. Як мне бабця сказала, варажбітка, што толькі праз чатыры гады мы пачнём падымацца».

Гарадзеншчына


Працоўныя на Гарадзеншчыне зьвязваюць спадзяваньні на рост заробкаў толькі з рэформамі і са зьменай уласьніка на прадпрыемствах, бо дзяржава ў многіх выпадках ня можа быць эфэктыўным гаспадаром.

Рабочы лідзкага прадпрыемства «Нёман», на якім зьбіраюць аўтобусы з адпаведнай назвай, спадар Аркадзь распавядае, што большасьць працаўнікоў на прадпрыемстве атрымліваюць заробак трохі больш за мільён. Зь яго слоў, шмат людзей звольніліся, бо ўсе бачаць, што няма ніякай пэрспэктывы.

Прадпрыемства, зь ягоных слоў, патрабуе інвэстыцыяў дзеля новых тэхналёгіяў, дзеля якасьці прадукцыі. Але грошай у яго ніхто не ўкладае:
Ды нашы аўтобусы пастаянна прыганяюць назад на завод, бо яны нават ня могуць адпрацаваць па гарантыі.

«Ды нашы аўтобусы пастаянна прыганяюць назад на завод, бо яны нават ня могуць адпрацаваць па гарантыі. Яны танныя самі па сабе і не вытрымліваюць канкурэнцыі па якасьці, вось іх тут затанна ў Беларусі і рэалізуюць».

Будаўнік з Горадні, спадар Васіль, распавядае, што большасьць маладых людзей зь іхнай будоўлі ад’ехала на заробкі ў Расею. Засталіся толькі старэйшыя альбо выпівохі. Ён кажа, што будаўнічую галіну неэфэктыўнай зрабіў крызіс:

«Тут на самой справе шмат што залежыць ад кошту будаўнічых матэрыялаў, бо цэны на іх вырасьлі з курсам даляра. А некаторыя вырасьлі нават у два-тры разы. То зразумела, што трэба недзе эканоміць — вось і эканомяць на заробках».

А вось яшчэ адзін будаўнік, спадар Аляксей, лічыць, што прычына нізкіх заробкаў у іншым:
Калі рабочыя звальняюцца, сыходзяць, то з адміністрацыі ўсе застаюцца працаваць.

«Думаю, што заробкі не растуць з асноўнай прычыны — эканоміка наша неэфэктыўная. Няма інвэстыцыяў, няма рэформаў, і ўсе прадпрыемствы знаходзіцца ў дзяржавы, а не ў прыватных кампаніяў».

Былы рабочы шклозаводу «Нёман» спадар Сяргей кажа, што некалі на заводзе працавала 16 печаў, а цяпер толькі чатыры. Новыя тэхналёгіі спрабуюць уводзіць, але аддачы ад іх няма. І самае галоўнае, на яго думку: начальства хутка стане больш, чым рабочых:

«Калі рабочыя звальняюцца, сыходзяць, то з адміністрацыі ўсе застаюцца працаваць. Нават калі скарачаецца цэх, то ім знаходзяць працу, пашыраюць аддзелы ў адміністрацыі, і яны ўсе сядзяць на заробках».

Берасьцейшчына


Паводле афіцыйнай статыстыкі, Берасьцейшчына цяпер займае апошняе месца сярод рэгіёнаў па заробках.

У рабочым пасёлку Мікашэвічы на Лунінеччыне працягваецца канфлікт гарнякоў прадпрыемства «Граніт» з адміністрацыяй, якая адмаўляецца прызнаваць наваствораную арганізацыю незалежнага прафсаюзу.

Не выконваюць сваіх ранейшых абяцаньняў і кіраўнікі мясцовай «вэртыкалі». У прыватнасьці, кажуць працаўнікі, на адным са сходаў старшыня Лунінецкага райвыканкаму Васіль Агіевіч абяцаў рост заробку да 8 мільёнаў рублёў.

А вось што ўдакладняе сёньня Аляксандар, кіроўца «БелАЗу» з 27-гадовым стажам:

«Так, было такое. Я быў тады на сходзе, калі яны прыяжджалі да нас са старшынёй Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцінам Сумарам. І ён выступаў: маўляў, што вы хочаце, у вас жа заробак 8 мільёнаў. Хлопец падняўся і даў яму цэтлік на заробак — а ў яго 3 мільёны 700. То ён зьдзівіўся: як, маўляў, у вас няма 8 мільёнаў? Ну, значыць, будзе 8 мільёнаў. Вось так сказаў».

Спадар Аляксандар кажа, што калі ў лістападзе ён атрымаў 5 мільёнаў 700 тысяч, у сьнежні ў яго было ўжо 5 мільёнаў, а за сакавік налічылі 3 мільёны 900 тысяч.

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што абяцаныя 8 мільёнаў былі звычайнай дэмагогіяй:

«І ўвогуле, пляваць яны хацелі на заробкі працоўных. У іх самая галоўная мэта — загнаць людзей у стойла пад назвай ФПБ».

Спадар Стахаевіч пацьвярджае, што заробкі за гэты час, наадварот, зьменшыліся:

«Вось канкрэтныя лічбы. Чыгуначны цэх, пагрузка, люкавы 4-га разраду: за сьнежань 2 мільёны 980, за сакавік — 2 мільёны роўна. Участак рамонту сыстэм вэнтыляцыі, сьлесар 5-га разраду: сьнежань — 3 мільёны 100 тысяч, сакавік — 2 мільёны 400».

Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні АГП, беларускі эканаміст Леў Марголін жыве ў Барысаве. Па словах суразмоўцы, у Барысаве цяпер 40 прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх тыповым прыкладам неэфектыўнай працы ў крызісны пэрыяд можа паслужыць ААТ «Барысаўдрэў». Аргумэнты Льва Марголіна:

«Нізкія заробкі — гэта вынік аб’ектыўнага працэсу. „Барысаўдрэў“ быў пабудаваны вельмі даўно. Тэхналягічнае абсталяваньне там таксама зношанае, і нічога прынцыпова новага няма. Вырабляць прадукцыю і рэалізоўваць яе дрэваапрацоўшчыкі могуць толькі за кошт параўнальна нізкай цаны. У гэтай сытуацыі, нават калі прадпрыемства працуе ў дзьве ці тры зьмены і мае шмат заказаў, то, здавалася б, яно павінна было квітнець, але сытуацыя і тут аднолькава дрэнная. А заробкі — малыя.
Патрэбныя рэформы, а не мэханічнае пераразьмеркаваньне прыбыткаў.

Увогуле, сярод прамысловых прадпрыемстваў ёсьць і дастаткова вядомыя — да прыкладу, БАТЭ ці завод „Аўтагідраўзмацняльнік“. Аднак, нягледзячы на тое, што яны шмат працуюць і нават пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт, заробкі таксама невялікія. Бо гэта такая эканамічная ўмова выжываньня, умова таго, што прадукцыя будзе мець попыт, і, галоўнае, — за межамі Беларусі.

І таму я ня думаю, што на загад Лукашэнкі яны могуць знайсьці нейкае выйсьце. Выйсьце можа быць толькі агульнае ў краіне. Патрэбныя рэформы, а не мэханічнае пераразьмеркаваньне прыбыткаў ад прадпрыемстваў, якія працуюць добра, да тых, якія працуюць дрэнна.

А пакуль усё застаецца нерэфармаваным, то Лукашэнка можа палохаць як заўгодна, але сытуацыя ад гэтага на лепшае ня зьменіцца…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG