Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў: У беларускім праве няма палітычных артыкулаў


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў правёў у Ерэване сумесную прэсавую канфэрэнцыю зь міністрам замежных спраў Армэніі Эдуардам Налбандзянам. Карэспандэнт армянскай службы Радыё Свабода спытаўся ў спадара Мартынава пра далейшы лёс палітзьняволеных і, у гэтым кантэксьце, пра пэрспэктывы ўзаемаадносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Мартынаў: «Што тычыцца тэмы так званых палітзьняволеных, адзначу наступнае. У беларускім праве ўвогуле няма паняцьцяў і артыкулаў палітычнага характару. Тая катэгорыя асобаў і пэрсаналій, якія вы мне прыгадваеце, знаходзіліся ў месцах зьняволеньня паводле судовага рашэньня за зьдзяйсьненьне абсалютна канкрэтных і зразумелых правапарушэньняў, якія трапляюць пад перасьлед паводле закону. Учора і заўчора ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь двое зь іх былі памілаваныя – гэта тыя, хто напісаў прашэньне пра памілаваньне. Што датычна іх будучыні – яны прыватныя грамадзяне краіны, трэба на гэтую тэму зьвяртаца да іх.

Што да ўзаемаадносінаў Беларусі з Эўразьвязам, падкрэсьлю, што Беларусь заўсёды выступала за глыбокія і раўнапраўныя адносіны. Мы і ЭЗ зьяўляемся зацікаўленымі партнэрамі. Скажу вам, што экспарт і ўзаемаабарот з Эўразьвязам вымяраецца мільярдамі даляраў. Гэта гандаль, у якім зацікаўленыя абодва бакі.

Мы таксама зьяўляемся партнэрамі ў буйным стратэгічным транзыце – парадку 100 мільёнаў тон грузаў перамяшчаецца штогод паміж Эўропай і ўсходняй часткай нашага кантынэнту празь Беларусь, – у абодва бакі. Празь Беларусь ідуць сур'ёзныя патокі энэрганосьбітаў расейскіх у Эўропу – 70 адсоткаў (прыблізна) расейскай нафты ідзе ў Эўропу, прыблізна 20 адсоткаў газу. У нас вельмі сур'ёзныя ўзаемадзеяньні ў сфэры барацьбы з такімі зьявамі, як незаконная эміграцыя, наркатрафік, недапушчэньне незаконнага перамяшчэньня радыёактыўных і ядзерных матэрыялаў, кантрабанды і гэтак далей. Мы – сур'ёзныя партнэры. Беларусь у гэтым зацікаўленая і гэтага не хавае. Чаго мы не прымаем – гэта палітыкі дыктату і санкцый. Гэтая палітыка няправільная не таму, што яна нам не падабаецца, а таму, што яна і беспэрспэктыўная, і безвыніковая.

Беларусь за тое, каб у нашых адносінах з ЭЗ адбывалася паступовая дээскаляцыя, той, на жаль, непрыемнай напружанасьці, якая маецца, і прыкладаем да гэтага адпаведныя намаганьні. Спадзяемся, што гэтыя намаганьні будуць узаемнымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG