Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Эскаляцыю адносін з Эўразьвязам вядзе Лукашэнка


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Вызваленьне з турмаў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі камэнтуе сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які таксама быў сярод арыштаваных і асуджаных за Плошчу.

«Прычына вызваленьня палітвязьняў адна — гэта цьвёрдая пазыцыя Эўразьвязу, тое, што зьявіліся рэальныя пагрозы санкцыяў, і тое, што ў канцы красавіка павінна зноў разглядацца беларускае пытаньне, а таксама — пагрозы пазбавіць Беларусь права праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі. Гэта ўсё паўплывала. Толькі цьвёрдасьць Эўрапейскага Зьвязу дазволіла гэтым двум закладнікам выйсьці на свабоду, і, я думаю, калі цьвёрдая прынцыповая пазыцыя застанецца і ў далейшым, то ўсе палітвязьні будуць вызваленыя.

Палітыкі Эўрапейскага Зьвязу чакалі б хоць нейкай нагоды, каб пачаць больш інтэнсіўна перамовы зь Беларусьсю. Эскаляцыі напружаньня там ніхто не хацеў. Эскаляцыя была толькі з боку беларускіх уладаў, з боку Лукашэнкі. І калі яны цяпер заяўляюць пра дээскаляцыю адносін, то яны маюць на ўвазе найперш сябе. Таму што з боку Эўразьвязу нічога падобнага не было. І я б не назваў іхнія крокі ў адказ на такую агрэсіўную і зьняважлівую палітыку беларускага кіраўніцтва адэкватнымі. Яны проста рэагавалі па мінімуме. Я вельмі спадзяюся, што палітыкі Эўразьвязу стрымаюць сваё слова, што іхнія патрабаваньні будуць цьвёрдыя ў дачыненьні да вызваленьня ўсіх закладнікаў рэжыму, усіх палітвязьняў, а ня толькі двух».

«Палітыка эскаляцыі напружаньня ў адносінах з Эўразьвязам, якая вялася беларускімі ўладамі, іх спроба гуляць мышцамі, якіх няма, — гэта суцэльны блеф. Беларусь знаходзіцца ў вельмі складаных і палітычных, і эканамічных умовах. На справе і Лукашэнка, і беларускі ўрад ведаюць, што сытуацыя вельмі складаная, што без падтрымкі Эўразьвязу немагчыма будзе ўтрымаць ад чарговага глыбокага крызісу беларускую эканоміку, і з палітычнага крызісу таксама выйсьці будзе немагчыма.

Разам з тым Віталь Рымашэўскі не выключае, што беларускія ўлады будуць набіраць і новых палітвязьняў:

«Рэжым Лукашэнкі пайшоў на вымушаныя саступкі. Ня трэба мець ілюзіяў, што нешта зьмянілася. Калі паглядзім на сытуацыю ўнутры Беларусі, гэтую кляўнаду з пашпартамі, калі людзям не даюць выехаць за мяжу, на адсутнасьць нейкага прагрэсу ў галіне свабоды слова, грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, то гэта паказвае, што па-ранейшаму бярэцца курс на аўтарытарнае кіраваньне краінай. І для таго каб нешта зьмяніць, патрэбна, каб узмацніліся беларускія дэмакратычныя сілы і голас беларускага народу стаў мацнейшы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG