Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі міліцыі патрабавалі, каб ён прыбраў вышыванку са словамі «Жыве Беларусь», якую прымацоўвае да бел-чырвона-белага парасона, калі распаўсюджвае незалежную прэсу.

Апазыцыянэр апавёў, што яго спачатку здымалі на відэакамэру, а каля 13.40 затрымалі ды завезьлі ў апорны пункт правапарадку каля Чыгуначнага райвыканкаму:

«Са мной размаўляў Канстанцін Аднапалаў, які назваўся намесьнікам начальніка аддзелу прафіляктыкі Чыгуначнага раёну. Ён заявіў, што я мушу прыбраць „плякат“ — так ён назваў вышыванку са словамі „Жыве Беларусь!“ Гэтую вышыванку зрабіла ўласнымі рукамі ды падаравала мне наша віцебская актывістка Антаніна Піванос. Атрымалася вельмі прыгожа! Я сказаў супрацоўніку міліцыі, што ў нас на будынку па вуліцы Гогаля ёсьць надпіс „Квітней, родная Віцебшчына!“ Зьмест падобны, але ніхто ня мае прэтэнзіяў!»

Барыс Хамайда кажа, што размова ў міліцыі была вельмі дзіўная. Яго распытвалі і пра асабістае жыцьцё, і пра палітычныя погляды, і пра сымболіку — бел-чырвона-белую стужку і парасон тых самых колераў, пад якім актывіст стаіць каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна. Супрацоўніка міліцыі цікавіла, ці зарэгістраваныя тыя выданьні, што спадар Хамайда распаўсюджвае, а таксама — ці няма ў апазыцыянэра прэтэнзіяў да работнікаў міліцыі.

Паводле Барыса Хамайды, прафіляктычная гутарка працягвалася каля паўгадзіны, потым яго адпусьцілі без складаньня пратаколу. Што да вышыванкі «Жыве Беларусь», то віцебскі актывіст кажа, што і заўтра, і надалей яна будзе побач зь ім на ранейшым месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG