Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве — пра беларускую прыватызацыю


Варшава, будынак МЗС
Варшава, будынак МЗС

Сёньня ўвечары у Варшаве пачынаецца першая з сэрыі міжнародных канфэрэнцыяў праграмы «Эўрапейскі дыялёг на карысьць мадэрнізацыі Беларусі».

У двухдзённай канфэрэнцыі, тэма якой — прыватызацыя, возьмуць удзел больш за тры дзясяткі адмыслоўцаў зь Беларусі ды краінаў Эўразьвязу. Сярод арганізацыяў — МЗС Польшчы, Фундацыя міжнароднай салідарнасьці ды Біржа каштоўных папераў.

Адметна, што арганізатары запрасілі таксама некалькіх прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, аднак, паводле нашай інфармацыі з крыніцаў у МЗС Польшчы, папярэдне прыехаць у Варшаву даў згоду толькі адзін зь іх.

У канфэрэнцыі возьмуць удзел эўракамісар Штэфан Фюле, міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і, сярод іншых, сусьветна вядомы эканаміст, прафэсар Лешэк Бальцэровіч, які выступіць з дакладам.

Адметна, што прозьвішчы беларускіх удзельнікаў не падаюцца з тае прычыны, што іх могуць затрымаць на мяжы. Вядома, што гэта прадстаўнікі ўсіх галоўных апазыцыйных партыяў ды незалежныя экспэрты.

Гаворачы пра мэты канфэрэнцыі ды ўсяе праграмы, дырэктар Усходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Артур Міхальскі адзначыў:

«Мы хочам запрапанаваць вельмі пазытыўную палітыку ў дачыненьні Беларусі. Паказаць, што Польшча, Эўразьвяз, маюць вялікі досьвед і гатовыя ім зь Беларусьсю падзяліцца. Таму мы на гэтае спатканьне, прысьвечанае прыватызацыі, запрасілі экспэртаў зь Беларусі. Нам падаецца, што цяпер добры час, каб беларускія калегі сустрэліся з польскімі і экспэртамі і адмыслоўцамі з усяго сьвету, абмяняліся досьведам ды падумалі разам над тым, як правесьці ў Беларусі рэформы. Рэформы, якія раней ці пазьней і так трэба будзе правесьці».

Ідэя праграмы «Эўрапейскі дыялёг на карысьць мадэрнізацыі Беларусі» была запрапанаваная прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, яе падтрымалі у Эўразьвязе а 29 сакавіка сёлета пра паўстаньне праграмы абвясьціў камісар ЭЗ у пытаньнях пашырэньня і палітыцы добрасуседзтва Штэфан Фюле.

Плянуецца, што падобныя канфэрэнцыі на розныя тэмы, перадусім непалітычныя, будуць адбывацца рэгулярна ў сталіцах краінаў Эўразьвязу. Як стала вядома нашаму радыё, тэма наступнай канфэрэнцыі — экалёгія.

Па выніках канфэрэнцыяў будзе выдадзены адмысловая кніга, якая, як спадзяюцца арганізатары, можа стаць своеасаблівым дапаможнікам пры правядзеньні рэформаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG