Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аварыі ў Расеі загінулі пяць беларусаў

абноўлена

Жыхары Сянна, якія ехалі ў Расею на працу, сталі ахвярамі ДТЗ: 15 красавіка каля 6-й раніцы на 392-м кілямэтры трасы «Дон» у Ліпецкай вобласьці мікрааўтобус «Фольксваген» на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў фуру, што стаяла на ўзбочыне. Пяцёра загінулі, кіроўца і яшчэ двое пасажыраў цяпер у шпіталі гораду Яльца.

Да аварыі аўтамабіль зь беларусамі быў у дарозе каля чатырнаццаці гадзін. Паводле адной з вэрсіяў, кіроўца «Фольксвагена» мог заснуць за рулём, пасьля чаго і здарылася сутыкненьне.

А ў беларускім райцэнтры Сянно мясцовыя жыхары са скрухай абмяркоўваюць трагічнае здарэньне — нічога падобнага тут ня памятаюць.

За машынай, якая трапіла ў аварыю, ехала яшчэ адна: у першай кіроўцам быў Аляксандар Камандышка, які цяпер у шпіталі, а ў другой — ягоны бацька, які таксама вёз людзей на заробкі. Пра гэта апавёў спадар Сяргей, які таксама езьдзіць на расейскія будоўлі:

«Дзьве машыны, караванам ехалі... Езьдзяць разам знаёмыя — натуральна, не па адным. Бо ўсё можа быць, асабліва калі першы раз. Гэта ж Расея! А можна і не вярнуцца. Раз на два-тры гады прывозяць і такія грузы. Во сёлета прывезьлі з Масквы чалавека, там дрэнна стала, памёр. Але каб такое — у нас упершыню!»

Спадар Сяргей кажа, што ехаць у Расею сеньненцаў вымушаюць беспрацоўе і нізкія заробкі на радзіме:
палова насельніцтва едзе ў Расею, а яшчэ палова — у нас тут горад „дальнабойшчыкаў“ ...

«У горадзе тут ільнозавод, малаказавод, і ўсё з прадпрыемстваў буйных. Бюджэтная сфэра, сфэра паслугаў, але ў асноўным калгасы-саўгасы. А каго па нашых часах задаволіць заробак у мільён рублёў? Таму палова насельніцтва едзе ў Расею, а яшчэ палова — у нас тут горад „дальнабойшчыкаў“. Ці свае машыны маюць, ці працуюць кіроўцамі ў фірмах-перавозчыках...»

Жыхарка Сянна спадарыня Лідзія мяркуе, што пра нейкі трагічны выпадак можа распавесьці ці ня кожны тутэйшы жыхар:

«Ніхто не вядзе такую статыстыку: паехалі сабе і паехалі, ваша прыватная справа! А вельмі часта чуваць — таго пабілі, у таго грошы адабралі. А то бывае, думаюць усе, што ён у Расеі працуе, а ён ужо... невядома дзе! Вось з майго дома летась такой парой хавалі маладога хлопца... Беларусаў цэняць, што яны такія сумленныя, працавітыя, дурных думак няма ў іхных галовах. Але ж іх лёгка і паддурваюць, бо ў Расеі прайдзісьветаў шмат! Праблема страшная, проста ніхто не аналізуе».

Некалі жыхар Сянна спадар Віктар езьдзіў працаваць на будоўлі Маскоўскай вобласьці. Цяпер, як ён кажа, езьдзіць даводзіцца далей: у расейскай «глыбінцы» болей плацяць, бо беларусаў едзе на працу ўсё больш і больш, і расьце канкурэнцыя:

Езьдзіць, напэўна, чвэртка ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі ...

«Заробкі пачалі падаць там, у Расеі, для беларусаў. Некаторыя вяртаюцца. Усё, што за Масквой — гэта далёка, канечне! Але едуць цяпер і ў Сыбір, і за Ўрал. Езьдзіць, напэўна, чвэртка ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі».

Звальненьне зь беларускіх прадпрыемстваў і працаўладкаваньне ў Расеі не вітаецца на дзяржаўным узроўні. Таму спадар Сяргей зусім ня пэўны, што сем’ям загінулых у Ліпецкай вобласьці сеньненцаў можна спадзявацца на нейкую адмысловую дапамогу ад мясцовых уладаў:

«Сумняюся я, што дапамогуць! Знаёмы паехаў у Маскву на працу, месяц узяў за свой кошт. А прыехаў, дык у яго дзіця захварэла, а яму ў бальнічным адмовілі! У нас жа такая праца ў краіне не вітаецца. Прэзыдэнт нешта такое казаў на гэты конт»...

Але, кажуць сеньненцы, апошняя трагедыя ды іншыя небясьпечныя акалічнасьці наўрад ці паўплываюць на памкненьні людзей атрымліваць добрыя заробкі ў суседняй дзяржаве. Бо на расейскія будоўлі іх штурхае безвыходнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG