Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў: Жыве Беларусь!


Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і з жонкай Ірынай Халіп ідуць сустракаць Зьмітра Бандарэнку. 15.04.2012

Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і з жонкай Ірынай Халіп ідуць сустракаць Зьмітра Бандарэнку. 15.04.2012

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі даў эксклюзіўнае інтэрвію сайту charter97.org --> http://www.charter97.org/ru/news/2012/4/15/50841/ на другі дзень пасьля выхаду на волю.

Хартыя-97: За ўсю гісторыю лукашэнкаўскай Беларусі з усіх палітвязьняў, якіх у краіне было тысячы, вам, напэўна, давялося перажыць больш за ўсіх: катаваньні, зьдзекі, шантаж забойствам жонкі і сына, сем этапаваньняў з адной калёніі ў другую, адзіночная камэра, поўная ізаляцыя... Чаму менавіта з вамі абышліся так жорстка?

Андрэй Саньнікаў: Напэўна, пытанне не да мяне, і я ня думаю, што перанёс больш, чым хто-небудзь іншы. У дачыненьні да ўсіх сёньняшніх палітвязьняў былі зьняты ўсе абмежаваньні на “беспредел”. Таму тое, што адбывалася са мной, тое, што адбываецца з астатнімі - гэта беспрэцэдэнтныя зьдзекі, катаваньні і зноў жа - ня з мэтай дамагчыся нейкай просьбы, прызнаньня віны. Усё нашмат страшней: зьнішчыць фізычна, зьнішчыць маральна. Чаму гэта адбываецца, пытаньне таксама не да мяне. Я думаю, што ўся гэтая практыка абавязкова будзе асуджана.

Хартыя-97: Пра тое, якім катаваньням вы падвяргаліся, вы змаглі паведаміць у судзе, потым перадаць праз адвакатаў і жонку. Ці ёсьць нешта, чаго мы ня ведаем?

Саньнікаў: Я думаю, што я ня маю права сёньня падрабязна распавядаць, што са мной адбывалася, таму што мая сям'я, калегі, аднадумцы сёньня застаюцца закладнікамі. Я па сабе ведаю, як любое неасьцярожнае слова можа быць выкарыстана супраць іх.

Магу толькі сказаць, што, на мой погляд, была мэта зьнішчыць мяне фізычна, пажадана давесьці да самагубства, штурхнуўшы да бестэрміновай галадоўкі. Зрабіць так, каб фізычную ліквідацыю можна было сьпісаць на добраахвотнае рашэньне пайсьці з жыцьця. Я баюся, што тое самае адбываецца зь Сяргеем Каваленкам і іншымі палітвязьнямі ...

Хартыя-97: Гэта значыць, мэтады спецслужбаў не зьмяніліся з 1937 году?

Саньнікаў: Калі я кажу пра тое, што наогул няма абмежаваньняў, я маю на ўвазе, што спэцслужбы (і няе толькі спэцслужбы) пайшлі нашмат далей, чым іх калегі ў сталінскія часы. Нават пры Сталіне не зьвярталіся да такіх гнюсных мэтадаў у дачыненьні да палітвязьняў, як сёньня ў Беларусі.

Хартыя-97: Вам не здаецца што гэта асабістая помста Лукашэнкі вам, як найбольш моцнаму яго суперніку?

Саньнікаў: Безумоўна, я бачу тут асабісты матыў. Але дзеля справядлівасьці мушу сказаць, што я вітаю яго рашэньне памілаваць мяне, Змітра Бандарэнку і вельмі спадзяюся - усіх астатніх палітвязьняў. Ведаю, што яму вельмі нялёгка было гэта зрабіць.

Хартыя-97: І чаму, па-вашаму, ён гэта зрабіў?

Саньнікаў: Адказ відавочны. Гэта, безумоўна, уплыў захадаў, прынятых Эўразьвязам. Але тут хачу падкрэсліць: толькі дзякуючы салідарнасьці беларусаў, сем'яў палітвязьняў, нашых сяброў, фактычна ўсёй краіны ў рашэньнях уплывовых міжнародных структур пачала зьяўляцца выразная і прынцыповая палітыка ў дачыненьні да Беларусі.

Хартыя-97: Вельмі шмат аб чым хочацца ў вас спытаць, але разумеем, што за адну размову не атрымаецца. Ацаніце дзень 19 сьнежня 2010 году: і самі выбары, і вячэрнія падзеі на Плошчы.

Саньнікаў: Я лічу, што 19 сьнежня мы ўсе перажылі хвіліны найвышэйшага эмацыйнага ўздыму, які пасьля ўлады ператварылі ў найглыбейшую трагедыю апошніх гадоў. Да гэтага часу лічу, што ў той момант была магчымасьць пачаць прадметны дыялёг для выхаду Беларусі з тупіку, але сярод чыноўнікаў не знайшлося ніводнага мужнага чалавека, які быў бы гатовы ўзяць на сябе адказнасьць. Я думаю, што на гэтае пытаньне двума словамі не адкажаш. Думаю, гэта тэма для асобнай гутаркі.

Хартыя-97: Андрэй Алегавіч, гэты дзень стаў фатальным для вас. Вы апынуліся ў турме, ваша жонка Ірына Халіп таксама была арыштаваная, вы ледзь ня страцілі сына, практычна ўсе члены вашага штабу зазналі рэпрэсіі. Не шкадуеце, што пайшлі ў прэзыдэнты?

Саньнікаў: Гэтае пытаньне не зусім правільнае. Проста іншага рашэньня не было. З другога боку гэта правільнае пытаньне, бо нішто мяне так ня мучыць, як лёс маёй сям'і, маіх сяброў. Але віны сваёй у гэтым я не адчуваю, таму што я быў і застаюся прынцыповым прыхільнікам негвалтоўных дзеяньняў. І калі й была радасьць у мяне ў СІЗА КДБ, то гэтая радасьць была зьвязана з умоўным вызваленьнем жонкі, з тым, што Натальлі Радзінай удалося зьехаць ад перасьледаў, з тым, што маім сябрам удалося пазьбегнуць арышту. У СІЗА КДБ мяне «засьцерагалі» ад любой інфармацыі, зьвязанай з выездам за мяжу маіх сяброў, але, калі яна прасочвалася празь сьцены «амэрыканкі», гэта была сапраўды радасьць.

Хартыя-97: Андрэй Алегавіч, што Вы хочаце сказаць людзям, якія за вас галасавалі, якія змагаліся за ваша вызваленьне?

Саньнікаў: Я ніяк не чакаў такой хвалі салідарнасьці, падтрымкі, чалавечых адносінаў, такога ўдзелу ў лёсе палітвязьняў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць: толькі дзякуючы гэтаму ўзьнік такі ціск на рэжым, які прывёў да майго вызваленьня і павінен у найбліжэйшым часе прывесьці да вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Хартыя-97: Мы яшчэ пазмагаемся?

Саньнікаў: Жыве Беларусь!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG