Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

У сакавіку 2012 году ў размове з моладзевым актывістам Іванам Шылам я прасіў найперш ахарактарызаваць Канавалава як чалавека.

— Прызываліся мы разам, і, пачынаючы ад карантыну, часта кантактавалі, бо былі ў адным дывізіёне, хоць і ў розных батарэях. Часта нас адпраўлялі на розныя заданьні. Ён даволі хутка атрымаў званьне сяржанта, быў ужо кіраўніком малодшай ступені, і часта мне даводзілася пад ягоным кіраўніцтвам выконваць нейкія працы, хадзіць у нарады. І скажу шчыра, што як сяржант, як малодшы кіраўнік мне ён падабаўся. Мне імпанаваў ягоны падыход, бо ён не даваў такіх заданьняў, як у войску часта робіцца — працаваць дзеля працы ці капаць адсюль і да абеду. Таксама ён ня быў прыхільнікам дзедаўшчыны, якая і ў нас існавала, не вылучаўся на фоне малодшых прызыўнікоў. З гэтага пункту гледжаньня большасьць таварышаў па службе была рада зь ім выходзіць у нарад, бо ў яго былі разумныя патрабаваньні, разумны падыход.

А як чалавек ён быў больш закрыты. Наколькі памятаю, ён нічога не казаў пра сваю сям’ю, да яго нават ніхто ў войска не прыяжджаў за ўвесь тэрмін службы. Як са сваякоў, гэтак і з проста знаёмых. Я толькі ведаў, што ён зь Віцебску, што недзе працаваў там на заводзе, адкуль звольніўся перад войскам.

— Ці былі нейкія ўчынкі, якія б сьведчылі пра ягоныя чалавечыя рысы: больш злы ці больш добры, злапомны ці даверлівы, чэрствы, мяккасардэчны? Які ён быў?

З пункту гледжаньня камандзіраў не зусім добрасумленны быў у яго падыход да сваіх абавязкаў, і з-за гэтага часта ў яго былі канфлікты з камандзірам дывізіёну, з «ідэолягам»

— Злапомны ня быў дакладна. Дый не было ў яго такіх праблемаў, каб выявіліся нейкія пэўныя рысы характару. Сказаў бы, што такое нэўтральнае ўражаньне пакінуў пра сябе. Асаблівай дабрыні, як і асаблівай злоснасьці, у ягоным характары не выяўлялася. Але паўтаруся, што агульнае ягонае стаўленьне да таварышаў па службе было добрае, прычым ён не дэманстраваў, што мае нейкую перавагу за кошт вайсковага званьня. Пры гэтым ён меў праблемы з камандаваньнем, магчыма, і з-за вось гэткіх стасункаў з таварышамі па службе, што ня быў такі патрабавальны, як трэба было. Ён нават мусіў адседзець на гаўптвахце. Яго адмыслова завозілі на Менскую гаўптвахту. За тое, што падчас ягонага дзяжурства ў карантыне ня ўгледзеў, як адзін навабранец спрабаваў павесіцца. Спроба была няўдалая, ня думаю, што Канавалаў мог сапраўды ўсё пракантраляваць, як нехта пайшоў у прыбіральню і там спрабаваў нешта зрабіць, але яго зрабілі адказным. Магчыма, былі нейкія прэтэнзіі і апроч гэтага, бо на гаўптвахту часта вязуць за нейкую сукупнасьць заўвагаў. Скажам так, з пункту гледжаньня камандзіраў не зусім добрасумленны быў у яго падыход да сваіх абавязкаў, і з-за гэтага часта ў яго былі канфлікты з камандзірам дывізіёну, з «ідэолягам».

— Якія былі ягоныя палітычныя перакананьні? Ён іх неяк выяўляў?

— Казаў, што на выбарах галасаваў за Мілінкевіча, але збольшага да палітыкі быў даволі абыякавы. Пэрыядычна мог сказаць, што мэтады, якія выкарыстоўвае апазыцыя, неэфэктыўныя. Але сам не прапаноўваў нейкіх іншых варыянтаў. Я выпісваў незалежную прэсу ў войска, і ён яе ахвотна чытаў, але каб акрэсьліваў сваю пазыцыю ці хаця б размаўляў на палітычныя тэмы, — такога ня памятаю. Ён увогуле мала размаўляў, быў больш маўклівы.

— Але вядома, што пра выбухі вы ўсё ж зь ім размаўлялі. А што ён пра іх казаў і ў якой сувязі?

— Так, мы размаўлялі пра выбух 2008 году, але сам ён нічога не распавядаў пра гэта. Яго цікавіла, якія ёсьць вэрсіі, што пра гэта пішуць, што думаюць людзі ў маім асяродзьдзі. У свой час мяне выклікалі на допыты ў сувязі з выбухам 3 ліпеня, і яго цікавіла, пра што мяне запытвалі сьледчыя на гэтых допытах, ці бралі ў мяне адбіткі пальцаў. Пытаўся маёй думкі, ці знойдуць злачынцаў. Яго цікавілі вэрсіі, хто гэта мог зрабіць. Ён пра гэта чытаў і выяўляў цікавасьць да гэтай тэмы. Ён быў хіба адзіны, хто гэтым цікавіўся сярод маіх таварышаў па службе. Сам ня бачыў, але шмат хто зь іх казаў мне, што ў ягоным тэлефоне бачылі дастаткова відэа, прысьвечанага нейкім тэрактам.



І што мне яшчэ запомнілася, — што ў яго была добрая тэхнічная падрыхтоўка. Прыкладам, ён мог лёгка праз інтэрнэт знайсьці нейкія веды, схемы, дадзеныя. Гэтак, яго цікавілі зьвесткі пра сымуляваньне хваробаў, якія трэба прымаць прэпараты для гэтага. Ён ведаў, што можна для гэтага прымаць, што ня трэба. Я сам у хіміі разьбіраюся, і ў мяне склалася ўражаньне, што ён дастаткова добра ў гэтым разьбіраўся. Быў такі момант. Мы зь ім езьдзілі разам у Рэспубліканскі вайсковы шпіталь. У яго было падазрэньне на варыкознае расшырэньне венаў. Было незразумела, ці патрэбная яму апэрацыя, але ён ведаў пра гэтак званы люфт — такі момант у дыягностыцы гэтай хваробы, калі немагчыма сказаць, патрэбная апэрацыя ці не. Я чуў размову лекара з нашым начальнікам мэдычнай службы, як лекар казаў, што яму апэрацыя непатрэбная, але, паколькі Канавалаў гэтак упарта настойваў, апэрацыю яму зрабілі. Як на мяне, дык гэта неяк у дзіўны бок яго характарызавала, нетрывіяльна. Бо я ж з размоваў зь ім ведаў, што ніякіх боляў у яго не было, але ж вось дзеля чагосьці яму гэта спатрэбілася.

— Дык што вы мяркуеце пра ягоную датычнасьць да тэракту: гэта ён зрабіў, ці не зусім ён, а пад нечым кіраўніцтвам?

— Не, я ўсё ж схільны думаць, што выбух зьдзейсьніў ён. Але гэта ня значыць, што я давяраю сьледзтву і суду. Я хацеў бы, каб справа была перагледжаная і каб увялі мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Асабіста магу дадаць, што ў мяне ёсьць інтуітыўнае ўражаньне, што ён мог зрабіць гэты выбух. Я разумею, што ўлада ў нас вельмі кепская, калі не сказаць яшчэ горш, але ўсё ж у мяне ўражаньне, што да выбуху яна сапраўды ня мае дачыненьня, а яго мог зрабіць Канавалаў. На відэа я пазнаў яго дакладна: ягоная хада, ягоная вопратка — я бачыў яе на ягоных фатаздымках.

Аўтар працягвае аналізаваць слабыя месцы ў вэрсіі сьледзтва

Расейскія экспэрты: «Партрэтнага падабенства няма»


На відэа з мэтро Канавалава пазнаюць ягоныя таварышы па службе, пазнае ягоны сябар Кавалёў, у тым ліку і даючы паказаньні ў судзе. А што афіцыйная экспэртыза — ці прызнала яна, што зь цяжкай торбай па станцыях «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году хадзіў менавіта Дзьмітрый Канавалаў? Тут усё ня так адназначна.

Экспэртыза прайшла быццам бездакорна. Адзначу адразу, што, каб было з кім параўноўваць, Канавалава адмыслова вывозілі ў мэтро, ставілі на тыя месцы, дзе яго зьнялі камэры. Гэта рабілася сама меней двойчы: у ноч на 15 красавіка і яшчэ раз 5 траўня. Першую экспэртызу паказалі на відэа ў судзе. Запісвалася яна позна ўначы. Канавалаў хадзіў па цёмным Менску, прывязаны адмысловым дротам да ўнушальнага выгляду ахоўніка, выглядаў стомленым і сам да сабе ня вельмі падобным — таму што быў апрануты ў нейкую куртку і шаравары яўна не свайго памеру.

Магчыма, адзеньне Канавалава якраз тады забіралі на экспэртызу, а яго апранулі ў тое, што знайшлі ў ізалятары КДБ. Параўнаўшы атрыманыя кадры з запісам камэр ад 11 красавіка, экспэрты расейскага ФСБ не знайшлі «партрэтнага падабенства» паміж падазроным Канавалавым і чалавекам з торбай, што і адзначылі ў сваім заключэньні. Праўда, яны ж адзначылі, што асаблівасьці адзеньня асобы на відэа супадаюць з асаблівасьцямі адзеньня, узятага ў Канавалава на экспэртызу.

Калі ж Канавалава здымалі на экспэрымэнце 5 траўня і параўноўвалі здымкі зь відэа ад 10 красавіка (нагадаю: паводле сьледзтва, Канавалаў 10 красавіка праводзіў рэкагнасцыроўку перад тэрактам), то было знойдзена партрэтнае падабенства, але толькі «сярэдняй ступені». Пры гэтым расейскія экспэрты адзначылі на відэа «сьляды міжкадравага мантажу». Таксама сьляды міжкадравага мантажу экспэрты знайшлі і на ключавым відэа 11 красавіка са станцыі «Кастрычніцкая».





Суд ва ўсіх гэтых «сьлядах» асабліва разьбірацца ня стаў: новых экспэртыз відэа не прызначыў, усё было патлумачана тым, што гэта тэхнічныя асаблівасьці відэазапісу, але накладаньня выяваў няма. Суд нават не дазволіў адвакату Станіславу Абразею пракамэнтаваць відэа на экране манітора падчас працэсу. Аргумэнт быў такі: «Відэа ўжо вывучалася». Між тым адвакат браўся давесьці не якую драбязу, а тое, што відэадоказ падроблены. У выніку Станіславу Абразею давялося ў спрэчках тлумачыць, як кажуць, на пальцах, што ў які момант адбывалася ў кадры. Нагадаю, раней пракурор меў магчымасьць камэнтаваць відэа падчас дэманстрацыі, а гэта зусім іншыя ўмовы для абгрунтаваньня сваёй пазыцыі.

У адной з экспэртыз, на якія спасылаліся сьледзтва і потым суд, было пазначана, што рост падазронага, зьнятага на відэа 11 красавіка ў мэтро, адпавядае росту Дзьмітрыя Канавалава, зьнятага на сьледчым экспэрымэнце. Гэтую экспэртызу Станіслаў Абразей таксама аспрэчваў. Адвакат карыстаўся ўмоўнымі рыскамі ў пэўных месцах на рэальным відэа і на кадрах з экспэрымэнту. Калі накласьці выявы, то рыскі не супадуць гэтак, як яны супалі ў экспэртаў. Рост Канавалава на відэа і рэальнага Канавалава, паводле адваката, быў розны. Але прадэманстраваць свае дасьледаваньні з дапамогай судовага манітора яму таксама не дазволілі.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?


Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG