Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саньнікаў: Галоўнае цяпер — змагацца за вызваленьне ўсіх


Андрэй Саньнікаў. Менск, 15 красавіка

Андрэй Саньнікаў. Менск, 15 красавіка

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў быў вызвалены зь віцебскай калёніі 14 красавіка.

2.05 На Прывакзальнай плошчы Менску сустракалі вызваленага з турмы экс-кандыдата на выбарах прэзыдэнта 2010 года Андрэя Саньнікава.

На пляцоўцы перад галоўным уваходам у вакзал з кветкамі сабралася каля ста прыхільнікаў і паплечнікаў палітыка, праваабаронцы, былыя палітвязьні, іх сваякі, родныя тых, хто цяпер працягвае знаходзіцца ў вязьніцах. Сустракалі Андрэя Саньнікава і ягоная цешча Люцына Бяльзацкая і цесьць Уладзімер Халіп.


Маці палітвязьня Ала Ўладзімераўна засталася дома па прычыне хваробы. А жонка Ірына Халіп не змагла прыехаць на гэтую сустрэчу з-за забароны выходзіць на вуліцу пасьля 22 гадзіны, якая дзейнічае пасьля яе ўласнага выраку за Плошчу. Яна з сынам Данікам чакала Андрэя ўжо дома.

Андрэя Саньнікава зь Віцебска на машыне прывёз ягоны прэсавы сакратар Аляксандр Атрошчанкаў, таксама былы палітвязень.


Пасьля абдымкаў, словаў вітаньня, аплядысмэнтаў, выгукаў «Жыве Беларусь!», «Наш прэзыдэнт!» Андрэй Саньнікаў падзякаваў усім, хто прыйшоў яго павітаць, і ўсім, хто яго падрымліваў гэтыя паўтара гады, якія ён правёў у зьняволеньні:

«Дзякую ўсім за падтрымку, за салідарнасьць. Я пакуль яшчэ не ведаю, на якім я сьвеце, але лічу, што тая салідарнасьць, якая была, падтрымка, ня толькі вызваліла, але і выратавала мяне».


Андрэй Саньнікаў папрасіў, каб ягоныя словы салідарнасьці перадалі ўсім, зазначыў важнасьць падтрымкі з боку беларусаў, ягонай сям’і, якая шмат рабіла для ягонага вызваленьня, ўсяго беларускага грамадзтва:

«Менавіта гэта выклікала міжнародную салідарнасьць. А зараз мы павінны дамагацца, каб вызваліць іншых палітвязьняў. Гэта зараз самае галоўнае».

Больш падрабязна адказаць на пытаньні журналсітаў Саньнікаў ня змог:

«Усе адказы — заўтра. Мая сям’я па-ранейшаму ў закладніках».






Каля 23.00 Андрэй Саньнікаў на аўто са сваімі паплечнікамі выехаў зь Віцебску ў Менск. Тым часам Сяргей Парсюкевіч, які першым сустрэў Саньнікава пасьля вызваленьня, у сваім Фэйсбуку паведамляе, што «ў даведцы аб вызваленьні Андрэя Алегавіча было напісана, што ён адпушчаны на падставе ўказу аб памілаваньні АСУДЖАНЫХ — у множным ліку».

ПЕРШАЕ ВІДЭА АНДРЭЯ САНЬНІКАВА ПАСЬЛЯ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ



24:00 Ірына Халіп: Я ўбачу мужа апошняй


Ірына Халіп напісала ў Фэйсбуку: Муж едзе дадому. Ехаць за ім альбо хаця б насустрач я не магу - паводле ўмоваў прысуду я ня маю права выходзіць з кватэры пасьля 22:00. Так што ўбачу мужа апошняй - пасьля таго, як нашы сябры і мае калегі сустрэнуць яго на вакзале.

23.00 МЗС Польшчы: Вызваліце ўсіх палітвязьняў!


Міністэрства замежных спраў Польшчы вітала вызваленьне палітвязьня Андрэя Саньнікава:

“Вязень сумленьня, кандыдат на пасаду прэзыдэнта пасьля паўтарагадовага знаходжаньня ў турме выйшаў сёньня на волю. Міністэрства замежных спраў Польшчы паўтарае свой заклік да неадкладнага вызваленьня ўсіх астатніх палітычных зьняволеных у Беларусі.

Хочам таксама выказаць беларускаму народу, у прыватнасьці тым, якія церпяць перасьлед, і іх сем’ям, найлепшыя пажаданьні з выпадку Велікодных сьвятаў”,– гаворыцца ў паведамленні МЗС Польшчы.


22.15 Івашкевіч: «Гэта доказ эфэктыўнасьці санкцыяў»

Паплечнік Андрэя Саньнікава па перадвыбарчай кампаніі Віктар Івашкевіч лічыць, што ціск на беларускія ўлады трэба працягваць: «Сэнс сёньняшняй падзеі не ў прашэньнях аб памілаваньні і ня ў тым, што Лукашэнка стаў добрым, сэнс у санкцыях Захаду, у тым, што яны ішлі па нарастаючай. Падзейнічала пазыцыя часткі беларускага грамадзтва на прадмет санкцыяў, яе уплыў на эўрапейскіх палітыкаў, якія кожны раз рабілі больш рашучыя крокі. Гэта доказ эфэктыўнасьці санкцыяў і таго, што толькі так і трэба дзейнічаць: патрабаваць вызваленьня і палітычнай ды грамадзянскай рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў, правядзеньня свабодных выбараў з удзелам тых зь іх, хто гэтага захоча. Нельга спыняцца на паўдарозе. Толькі свабодныя выбары могуць гарантаваць, што ня будзе новых палітвязьняў».


Карэспандэнтка Свабоды пра сустрэчу Саньнікава



21.51 Мілінкевіч: «Гэта перамога салідарнасьці»

Палітык Аляксандар Мілінкевіч пра вызваленьне Андрэя Саньнікава: «Як улада ні спрабуе запалохаць грамадзтва, як не рэпрэсуе ягоную дэмакратычную частку, усё роўна перамагаюць тыя людзі, якія змагаюцца за дэмакратыю. Гэта перамога салідарнасьці. Я рады за Андрэя і ягоную сям’ю. Я ведаю, колькі яны прыклалі намаганьняў для таго, каб яго выпусьцілі. Спадзяюся, што і іншыя палітвязьні хутка выйдуць на свабоду, і больш ня будзе палітзьняволеных на Беларусі».


21.27 Чакаецца, што Саньнікаў прыедзе ў Менск каля гадзіны ночы на аўтамабілі аднаго са сваіх паплечнікаў.

21.20 Стэфановіч: «У гэтым годзе мы ўбачым на волі ўсіх палітвязьняў»

​Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтра «Вясна» гэтак ацэньвае магчымасьці вызваленьня астатніх беларускіх палітвязьняў: «Я вельмі рады, шчыра рады гэтай навіне. Мы гэтага чакалі, я думаю, што наступным будзе Зьміцер Бандарэнка, які таксама напісаў прашэньне пра памілаваньне. Гэта вынікае з выказваньня Лукашэнкі пра тое, што ён адпусьціць тых, хто напісаў такія прашэньні. Што датычыць іншых беларускіх палітвязьняў, то тут складана прагназаваць. Але я думаю, што да канца года мы ўсіх іх пабачым на волі, магчыма, пасьля парлямэнцкіх выбараў».


21.10 Жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук сказала «Свабодзе», што ніякай інфарамцыі аб магчымым вызваленьні яе мужа не мае.

21.04 Кароль: «Гэта вынік эўрапейскіх санкцыяў»

Палітоляг Аляксей Кароль камэнтуе вызваленьне Саньнікава: «Тое, што адбылося — гэта добры знак, я рады за Саннікава, яго сям'ю, маленькага сына. Гэта на самай справе добрая навіна. Веру, што будуць і іншыя вызваленьні. Але баюся, што ня ўсіх і не адразу, а па частках, гэта значыць прадоўжыцца гэты гандаль закладнікамі. І ёсць вялікая небясьпека, што тыя, хто не падпісаў прашэньне аб памілаваньні, як гэта зрабіў Андрэй Саннікаў, у тым ліку і былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, не будуць адпушчаныя. І так і будуць сядзець. Вось гэта небясьпечна. Вызваленьне — гэта вынік узьдзеяньня санкцый, і надзея Лукашэнкі зноў вярнуць сабе магчымасьць лавіраваньня паміж Усходам і Захадам. Гэта сведчаньне таго, што Лукашэнку ня хочацца цалкам трапляць пад васальную залежнасьць ад Расеі. Ці добры гэта знак для дэмакратычнай грамадзкасьці? Не. Мы ня бачым тут ніякай лібэралізацыі, ніякага намёку на падрыхтоўку да дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў. Гэта лавіраваньне будзе заўсёды ўпірацца ў тую перашкоду, за якой улада будзе баяцца страціць кантроль над сытуацыяй у краіне. Яны не дапусьцяць тут ніякіх сумленных і свабодных выбараў, таму што першыя ж сумленныя і свабодныя выбары каменя на камені не пакінуць ад гэтай улады».

20.44 Ірына Халіп пакуль адмовілася ад камэнтароў. «Пакуль не пабачу, не паверу», — сказала яна карэспандэнту «Свабоды».

20.35 Марына Адамовіч сказала, што няма інфармацыі пра вызваленьне ейнага мужа Міколы Статкевіча.

20.20 Вольга Банадарэнка сказала, што ёй пакуль нічога невядома пра вызваленьне мужа.

20.05 «Перш за ўсё я хачу падзякаваць людзям за салідную падтрымку. Гэта была сапраўды моцная падтрымка. Я нават фізычна адчуваў гэта. Салідарнасьць людзей мяне ня толькі падтрымлівала, але і выратавала», — заявіў Саньнікаў «Свабодзе».



Саньнікаў сказаў, што не гатовы адказаць на пытаньне, як ён ставіцца да Лукашэнкі, які падпісаў памілаваньне.

Ён таксама сказаў, што пакуль не гатовы адказаць на пытаньне пра свае пляны.

Саньнікаў заявіў, што на здароўе ня скардзіцца, але мае прастуду.



Саньнікаў таксама паведаміў «Свабодзе», што прыкладна а 17.30 яго выклікалі ў адміністрацыю калёніі «Віцьба-3» і сказалі зьбіраць рэчы. Потым паказалі даведку, у якой быццам бы была спасылка на ўказ прэзыдэнта пра памілаваньне. Саньнікаў хуценька сабраў рэчы, яго завезьлі на чыгуначны вакзал. Адтуль ён патэлефанаваў жонцы і адвакату. Цяпер Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў кватэры віцебскага грамадзкага актывіста Сяргея Парсюкевіча і чакае сяброў зь Менску.


20.00 Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп паведаміла «Свабодзе», што Саньнікаў сам пазваніў Ірыне і паведаміў, што яго выпусьцілі.

Марына Кавалеўская, адвакат Саньнікава, таксама пацьвердзіла «Свабодзе», што яго вызвалілі.

19.55 Паплечнікі былога кандыдата на прэзыдэнта выехалі па яго зь Менску.





Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі за падзеі 19 сьнежня. Пасьля суду Саньнікаў зьмяніў тры папраўчыя ўстановы. Вядома, што ў канцы году палітвязень напісаў прашэньне аб памілаваньні. Ягоныя сваякі мяркуюць, што гэта адбылося пад ціскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG