Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бабкова — пра шматколерную палітру беларускай літаратуры


Вольга Бабкова

Вольга Бабкова

Палітра жыцьця вельмі разнастайная. Праз колеры і пахі мы запамінаем істотныя рэчы — і радасныя, і трагічныя. «Далоў шэрыя сьцены!» — накрэсьліў хтосьці высокі над дзьвярыма ліфта ў шпіталі «Хуткай дапамогі». Варта было прачытаць гэтыя словы і сьцены сапраўды пасунуліся..

Уладзімер Караткевіч. Сіняя-сіняя... Апавяданьне. Збор твораў. Т.2. Менск 1988

Неверагодна цудоўны аповед Уладзімера Караткевіча пра Радзіму. А таксама пра высакародзтва і змаганьне, вечнасьць і марнасьць, слабасьць і моц, адчай і надзею. Пра пяшчоту.

Дзеяньне аповеду адбываецца ў 1880 годзе ў Паўночнай Сахары. Галоўны герой Пятрок Ясюкевіч, былы паўстанец, навучэнец Віленскай гімназіі, удзельнік геаграфічнай экспэдыцыі, а напраўду — блукальнік і бесхацінец, апынуўшыся ў памежнай сытуацыі ў распаленай і бязьлітаснай афрыканскай пустэльні, перад загадкавай усьмешкай сфінкса, але з маленькай і трапяткой Джаміляй, дачкой шэйха, даказаў, што насамрэч чалавечае жыцьцё зусім не вартае жалю. «Шастакрыльцы! Сыны Белабога! Наперад!», — калісьці прачытаў уражаны Пятрок Ясюкевіч у старадаўняй кнізе пра Ўсяслава...

Караткевіч напісаў аповед у 1964 годзе.

Марыя Вайцяшонак. На зялёным чаўне Харона. Апавяданьне з кнігі «Сад нявіннасьці». Менск, УП Тэхнапрынт, 2002

У Марыі Вайцяшонак — унікальная пісьменьніцкая інтанацыя. Хтосьці або штосьці навучылі яе вельмі істотнаму — захаваньню дару бачыць, чуць, адгукацца, зьдзіўляцца. Прымаць. Гераіня аповеду Данута жыве поруч з многімі людзьмі, а ходзіць аднымі сьцежкамі са згубленым «бязважкім» Імполікам, што зламаўся ад страты любай жонкі, да глыбіні ўсьвядоміўшы сьмерць і жаль расстаньня. Данута лёгка трапляе ў ягоную пустэльню, бо мае гэты страшны досьвед — страту адзінай дачкі і не хоча супраціўляцца болю. Здольная да жыцьця і любові ўсёй душой, да радаснага абжываньня самых няўклюдных куткоў быцьця, цяпер абірае самоту, бо праз разуменьне непастаянства праяваў гэтага сьвету адчувае вялікі сум. А поруч з Данутай яшчэ ёсьць лес, рака, пагоркі, сад і вока мастачкі, якое зьмешвае колеры смутку. І ёсьць уласны голас, каб паспрабаваць праз яго адчуць раўнавагу ў гэтым няпэўным сьвеце. Ніхто іншы ёй так не патрапіць.

Васіль Быкаў. Жоўты пясочак. Апавяданьне з кнігі «Сьцяна». Менск. «Наша Ніва». 1997

Чытаць гэты твор Быкава (як урэшце і ўсе ягоныя творы) балюча. Але неабходна. Колькі б ня даведваліся мы пра тыя «праклятыя часы, праклятую эпоху» з дакумэнтаў і ўспамінаў, менавіта Быкаў здолеў, дзякуючы глыбокаму бачаньню прыроды чалавека, паказаць праз пазнавальныя вобразы герояў аповеду ўнівэрсальнасьць трагізму. На ўсе часы...

Цёмная замкнутая буда на колах сталася апошняй цеснай прасторай у гэтым сьвеце для шасьцёх чалавек: хутараніна, сьледчага НКУС, паэта, рабочага-парційца, маскоўскага грабежніка, двараніна. Іх апошні шлях: з Амэрыканкі — праз горад — у Курапацкі лес — да ямы з жоўтым пясочкам — у нішто. Каты і ахвяры. Ахвяры і каты. Усё сталася пераблытаным у нетрах пачварнага мэханізму — дзяржавы, якую ў аповедзе ўвасабляе заглохлы ў гразкай каляіне грузавік, які рэанімуецца ўрэшце самімі ж ахвярамі (хіба што маскаль адсядзеўся), каб пад’ехаць на ім да пагорка з жоўтым пясочкам.. .

Зьміцер Бартосік. Чорны пісталет. Апавяданьні з уласнага жыцьця. Vostraja Brama. Наша Ніва. Вільня-Менск, 2002

Дасьціпныя аповеды Зьміцера Бартосіка былі напісаныя на мяжы блізкіх нам стагодзьдзяў і здолелі засяліць і асьвятліць гэтую «мяжу» безьліччу цёплых рэчаў. Падобна на тое, што аўтар сапраўды прысеў на зручным услончыку ды завалокся папяросным дымком успамінаў, выпускаючы штораз новае колка. Кожная гісторыя — сюжэт з уласнага жыцьця, распавяданы так, што адчуваецца смак самога гэтага жыцьця: хлапечая мара пра чорны пісталет, гісторыя пра чаравікі забойцы, пра цёплую эстэтыку драўлянага беларускага ровара, пра прытульную магілу Багдановіча ў правінцыйнай Ялце, пра самую высокую гару ў Беларусі, адкуль маглі б быць бачнымі два моры, пра раптоўную радасьць ад пачутай з вуснаў бамжыхі навіны: «Лукашэнка памёр», а таксама пра Вільню, Гомель, Менск.. . Пра Беларусь і Расею. Пра іх розныя дарогі і розныя нябёсы. Урэшце пра тое, што час павінен пражывацца, а не мінацца.

Уладзімір Арлоў. Ордэн белай мышы. Апавяданьне з кнігі «Ордэн белай мышы». Менск. Мастацкая літаратура. 2003

Невялікае апавяданьне Арлова захапляе апроч сюжэту і пазнавальнага аўтарскага стылю разуменьнем істотнасьці прамоўленых у ім словаў. У адной краіне ўсіх было па адным: адзін кароль, які ўсім «тыкаў», адзін генэрал, адзін канібал, адзін пісьменьнік..., бо як толькі колькасьць асобаў павялічвалася, (напрыклад, 2 студэнты+2 прафэсары), тут жа з’яўлялася бунтоўніцкая пэтыцыя. А яшчэ ў краіне былі заўсёдная стабільнасьць, пазытыўныя працэсы і глухія чуткі. Адзіны ў краіне ювэлір вырабляе ордэн Белай мышы і кароль вырашае ўганараваць ім адзінага ў краіне пісьменьніка ды запрашае ў палац на келіх бардоскага ...

Прырода аўтарытарнай улады ці, увогуле, праблема ўладара і творцы — невычэрпная тэма ў сусьветнай літаратуры. І ў беларускай, вядома, таксама. Таму так важна запомніць чатыры правілы таго самага адзінага ў краіне пісьменьніка: Ня верыць. Не баяцца. Не прасіць. Ня дзячыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG