Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Субота ў Менску і Гомелі


Людзі асьвячаюць булкі і яйкі, а таксама рыхтуюцца сустрэць сьвята Ўваскрашэньня Хрыста.


Менск


Фотанарыс ад Петрапаўлаўскай царквы.


Гомель


Звыш паўтары сотні праваслаўных храмаў Гомельшчыны пачынаюць сёньня сьвяточныя літургіі з нагоды Вялікадня — Уваскрэсеньня Хрыстова. Да гэтай найвялікшай урачыстасьці вернікі рыхуюцца асабліва старанна.

Жыхарка абласнога цэнтру спадарыня Тамара, парафіянка праваслаўнай царквы Архістраціга Міхаіла, што на Рэчыцкай шашы:

«Канечне, спачатку парадак у доме наводзім, каб да чыстага чацьвера ўсё было чысьцютка, прыбрана. Потым ужо, у пятніцу, напякла булак, яйкі пафарбавала і прышла вось асьвяціць, каб вечарам былі ўжо асьвечаны. Але яшчэ й вечарам прыду на службу — зь дзецьмі, з унукамі прыйду. І будзем тут стаяць, сустракаць сьвята».


Верніца Людміла, у сваю чаргу, на вялікую суботнюю літургію прыйшла ў храм з сваячніцамі Тацянай і Юляй:

«Мы недзе тыдзень трымалі пост, сорак дзён не пасьціліся».

Перад сьвяточнай усяночнай службай верніцы прыйшлі пасьвяціць велікодныя стравы, а яшчэ — падаць сьвятару запіскі.

Юля: «Пісалі запіскі за здароўе жывых, за спачын памерлых родзічаў, ставілі сьвечкі. Зараз будзем сьвяціць пірагі, яйкі».

Спадарыня Юля кажа, што бажніца Архістраціга Міхаіла — асаблівая. Яна перавезена з выселенай пасьля Чарнобылю вёскі Вылева Добрускага раёну.

Аднаўляць яе дапамагалі й курсанты інстытуту Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, у тым ліку й сама Юля, калі была курсанткай гэтай вучэльні:

«Гэты храм быў перанесяны з заражанай зоны, ён як быццам храм памяці ахвяраў Чарнобылю. Мы дапамагалі кветкі тут садзіць, наводзіць парадак на тэрыторыі. Заўсёды на Вялікдзень дзяжурылі тут усю ноч».

На тэрыторыі перавезенага з зоны храму ёсьць жывы куток — тут у загародках ходзяць козы, гусі.

Нават пакалечаны бусел знайшоў ля бажніцы прытулак.

Дарослыя ідуць у храм зь дзецьмі. Сюды прыяжджаюць і праваслаўныя вернікі з вакольных вёсак. Прыкладам, пэнсіянэрка Ульляна з Асаўца, дзе бажніцы няма.

Бабуля кажа, што да Вялікадня падрыхтавацца цяпер ня так проста, бо прадукты дарагія:

«Ужо мы забыліся, калі было танна. Але ўсё адно на Вялікдзень купляем абавязкова — і яечка, і малочнае, і масьлеца. Усё гэта купляем. І мяса, каўбаскі якой, тыя ж кулічы. Я купляю ўсё гэта ў краме, а потым прыходжу сюды ў суботу пасьвяціць».

Прыходзіць на ўсяночную службу ў бабулі Ўльяны сілаў няма, таму яна застаецца дома:

«Сядзім і слухаем малітву па тэлевізары. Глядзім ажно да таго часу, пакуль велікодныя пірагі не пачнуць асьвячаць. Трэба перахрысьціцца — перахрысьцімся».

Сьвяточныя набажэнствы ў Гомелі зьбіраюць да храмаў і гарадзкіх бадзягаў. З самага ранку ля Свята-Траецкага храму стаялі людзі з працягнутай рукой — прасілі міласьціну.

56-гадовы Ўладзімер: «Мяне жыцьцё прывяло. На працу мяне нікуды не бяруць, а мне ж штосьці паесьці трэба. Таму я тут. Людзі заўсёды добрыя ёсьць».



Горадня


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG