Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца МАЗу захаваць свой брэнд пасьля аб’яднаньня з КамАЗам?


Беларускі ўрад усё яшчэ разьлічвае на стварэньне холдынгу «Расбелаўта» з удзелам Менскага аўтазаводу і Камскага аўтазаводу з Набярэжных Чаўноў.

Перамовы пра такі канглямэрат вядуцца ўжо больш за год, аднак аб’яднаць дзяржаўнае беларускае прадпрыемства з акцыянэрным расейскім аказалася не такой простай справай. Пры гэтым аналітыкі перакананыя: нават у выпадку рэалізацыі праекту Менску давядзецца пайсьці на значныя саступкі — ажно да адмовы ад знакамітага брэнду ці поўнай страты кантролю над адным з флагманаў беларускай прамысловасьці.

Ад пачатку мінулага году кіраўнікі беларускага ўраду заяўляюць, што Беларусь і Расея блізкія да стварэньня холдынгу паміж МАЗам і КамАЗам. Напярэдадні першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка зноў сказаў, што бакі маюць усе перадумовы, каб знайсьці кампрамісны варыянт аб’яднаньня. Па яго словах, падобны тандэм будзе выгадны абодвум прадпрыемствам, паколькі гэта той выпадак, калі зьявіцца магчымасьць стрымліваць імпарт, асабліва пасьля ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Сямашка таксама адзначыў, што аб’яднаньне расейскага і беларускага вытворцаў грузавікоў павялічыць іх канкурэнтаздольнасьць. Праўда, наўпрост даў зразумець, што канчатковае рашэньне адносна мэтазгоднасьці стварэньня холдынгу застанецца за Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў
Адзін з прафсаюзных лідэраў Аляксандар Бухвостаў шмат гадоў адпрацаваў у машынабудаўнічай галіне і лічыць, што з гледзішча супрацьстаяньня міжнародным аўтамабільным карпарацыям падобнае аб’яднаньне цяперашніх канкурэнтаў сапраўды апраўданае:

«Улічваючы, што ствараецца Адзіная эканамічная прастора, цалкам разумна ставіць пытаньне аб’яднаньня двух заводаў дзеля таго, каб вытрымаць зьнешнюю канкурэнцыю. З гэтага пункту гледжаньня такі працэс можна разглядаць як пазытыўны. Ну, вось глядзіце: раней МАЗ рухавікі цалкам закупляў у Яраслаўлі. Значыць, ён залежаў ад яраслаўскіх заводаў. КамАЗ робіць рухавікі сам, у камаўзаўцаў свой завод па вытворчасьці рухавікоў. І для нас гэта важна, бо ў Беларусі нічога падобнага няма. Прыкладам, рухавікі нашага маторнага заводу не дасягнулі ўсясьветных стандартаў і па магутнасьці, і, магчыма, па сваёй якасьці. Але калі мы хочам канкураваць з аўтамабільнымі транснацыянальнымі карпарацыямі, то па сваіх парамэтрах павінны выходзіць ня толькі на Эўра-4, але і на Эўра-5, і далей. І гэта таксама важна».
Улічваючы, што ствараецца Адзіная эканамічная прастора, цалкам разумна ставіць пытаньне аб’яднаньня двух заводаў.

Аднак у адмыслоўцаў выклікае шмат пытаньняў сам мэханізм меркаванага аб’яднаньня. Уласна працэс стварэньня холдынгу затармазіўся з-за таго, што Беларусь не задавальняла першапачатковая ацэнка актываў Менскага аўтазаводу. Незалежныя экспэрты прыйшлі да высновы, што кошт МАЗу — 800 мільёнаў даляраў. У дзяржаўных ведамствах апэлявалі да прынцыпова іншай лічбы — 2,5 мільярда даляраў. Аднак нават куды больш капіталізваны КамАЗ быў ацэнены ў 1 мільярд 680 мільёнаў даляраў. У выніку беларускі бок пагадзіўся на кампрамісную суму ў крыху больш як 1 мільярд даляраў.

Зыходзячы з гэтага, расейцы хочуць атрымаць кантрольны пакет акцый у сумесным прадпрыемстве. Паводле экспэртных падлікаў, сумарна расейскія акцыянэры («Растэхналёгіі», Тутаеўскі маторны завод ды іншыя) прэтэндуюць на 54% акцый, беларускія (МАЗ, Менскі маторны завод і БАТЭ) — на 46%. Цяпер якраз і вядуцца перамовы пра пакет акцый, які будзе належаць новаму холдынгу. Дарэчы, ужо вядома, што офіс «Расбелаўта» будзе знаходзіцца ў Маскве.

Падобны расклад дае падставы меркаваць, што Беларусь больш страціць, чым атрымае. Калі ўгода будзе заключаная паводле расейскіх умоў, падкантрольны расейскаму боку холдынг атрымае кантрольны пакет МАЗа. Тады незразумела, ці атрымае Беларусь грашовую кампэнсацыю за такое аб’яднаньне, ці ўзнагарода за бясплатную перадачу МАЗа пад кантроль расейскага боку прадугледжаная канфідэнцыйнымі дамовамі? Колішні дарадца генэральнага дырэктара МАЗа Валянцін Лопан не выключае, што ў такім выпадку ўзьнікне праблема ў тым ліку з брэндам:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
«Само сабой, яны брэнд могуць і ліквідаваць. Але і пакінуць таксама. Ведаеце, усё ж робіцца прагматычна, бо бізнэс грунтуецца перадусім на камэрцыйнай выгадзе. Калі яны правядуць нейкую ацэнку і ўбачаць, што брэнд МАЗ для спажыўцоў важны, то могуць назву і пакінуць. У тым выпадку, канечне, калі брэнд будзе дапамагаць прадаваць канчатковую прадукцыю. Але, зь іншага боку, Беларусь проста страціць свой завод, гэта відавочна. Безумоўна, тут яшчэ вельмі шмат закулісься. Зь іншага боку, нельга адкідваць і такую гіпотэзу, што на дадзеным этапе гэта збольшага размовы. То бок, КамАЗ карыстаецца такімі навінамі, каб падняць каціроўкі сваіх акцый на біржы ў Маскве, і такім чынам нарасьціць сваю капіталізацыю. Бо навіны пра тое, што з МАЗам могуць быць нейкія альянсы, падвышаюць гэтыя каціроўкі, біржа на гэта вельмі дакладна рэагуе».

У пацьверджаньне гэтых слоў — біржавыя навіны ММВБ-РТС. На тле абмеркаваньня навінаў пра стварэньне холдынгу з МАЗам акцыі КамАЗа імкліва растуць. 13 красавіка каштоўныя паперы КамАЗа даражэлі на 8,4% — да 49,37 расейскіх рублёў, а цягам дня кошт падвышаўся нават на 9,1%. Так рынак адрэагаваў на навіны пра аднаўленьне перамоваў аб стварэньні холдынгу структуры «Расбелаўта», у якую будуць унесеныя адпаведныя пакеты акцый прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG