Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як паведамляецца, увосень 2012 году ў космас можа паляцець ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, які пасьпяхова прайшоў падрыхтоўку ў расейскім Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 41-гадовы Алег Навіцкі зьяўляецца расейскім грамадзянінам і палкоўнікам расейскіх ваенна-паветраных сілаў. І, па агульнапрынятых міжнародных стандартах, будзе лічыцца расейскім касманаўтам. Увогуле, паводле гэтых стандартаў, Беларусь ня мае сваіх касманаўтаў — хаця ў космас лёталі, прычым кожны тройчы, беларусы Пётра Клімук і Ўладзімер Кавалёнак.


А вось Украіна свайго касманаўта мае. Празь некалькі тыдняў пасьля зьнікненьня Савецкага Саюзу, у студзені 1992-га, было створанае Нацыянальнае касьмічнае агенцтва Ўкраіны, адна за другой былі распрацаваныя і зацьверджаныя чатыры дзяржаўныя касьмічныя праграмы. А ў 1997 годзе ў складзе экіпажу амэрыканскага шатлу «Калюмбія» ў космас паляцеў грамадзянін Украіны Леанід Каданюк. Пра пэрспэктывы Ўкраіны і Беларусі ў асваеньні космасу, пра тое, наколькі важна гэта для іміджу сувэрэннай краіны — гутарка з генэрал-маёрам, Героем Украіны касманаўтам Леанідам Каданюком.

Навумчык: Спадар Леанід, Вы можаце адказваць па-украінску, беларусы разумеюць украінскую мову, і таму было б дзіўна, каб з першым касманаўтам незалежнай Украіны мы гутарылі не-па украінску.

Каданюк: Добра.

Навумчык: Скажыце, тое рашэньне аб Вашым палёце — яно было выклікана палітычнымі прычынамі (падвысіць імідж незалежнай дзяржавы), ці гэта проста рэалізацыя касьмічнай праграмы, якая ўжо тады існавала, і цяпер існуе ва Ўкраіне?

Каданюк: Дзякуй за пытаньне, але спачатку я хацеў бы павіншаваць усіх зь Днём касманаўтыкі. Першы палёт чалавека ў космас, як і першы штучны спадарожнік Зямлі — тое было падзеяй, якія мелі ня толькі плянэтарнае, але і ўсясьветнае значэньне. Бо нарэшце на адной з плянэт Усясьвету зьявілася цывілізацыя, якая здолела стварыць такую тэхніку, што здолела пераадолець зямное прыцягненьне. Цяпер чалавек заўсёды будзе лётаць у космас, але першы палёт мы заўсёды будзем памятаць. Таму віншую ўсіх з гэтым сьвятам, сьвятам кожнага грамадзяніна цывілізаванай плянэты Зямля.

Ну а што да Вашага пытаньня, дык я ляцеў у космас у выніку дамоўленасьці 1994 году паміж прэзыдэнтамі ЗША і Ўкраіны — Леанідам Кучмам і Білам Клінтанам, яны дамовіліся пра палёт украінца. Я ляцеў у космас ужо як грамадзянін Украіны. Я пераехаў з Расеі ва Ўкраіну, я родам з Украіны, з Букавіны. Вы ведаеце, тут палітыкі не было. Хутчэй за усё, была мэта пацьвердзіць, што Ўкраіна ёсьць касьмічнай дзяржавай. І яна па праву лічыцца касьмічнай дзяржавай, паколькі належыць да тых краінаў, якія маюць поўны цыкл стварэньня касьмічнай тэхнікі — праектаваньне, выраб і эксплёатацыю ў касьмічным палёце. У сьвеце касьмічнымі тэхналёгіямі займаюцца 140-150 краінаў, але Ўкраіна ўваходзіць у колькасьць шасьці дзяржаў, якія маюць поўны цыкл. І я ляцеў у космас як грамадзянін Украіны з мэтай выкананьня ўкраінска-амэрыканскай праграмы экспэрымэнтаў.

Навумчык: На Вашым скафандры, акрамя амэрыканскага сьцягу, быў і жоўта-блакітны прапор?

Каданюк: Так, натуральна.

Навумчык: І Вы лічыцеся менавіта ўкраінскім касманаўтам? Юрыдычна гэта істотна, як і сьцяг на скафандры.
Юрыдычна я першы ўкраінскі касманаўт, як чалавек, які ўпершыню прадстаўляў у космасе ўкраінскую дзяржаву.

Каданюк: Юрыдычна я першы ўкраінскі касманаўт, як чалавек, які ўпершыню прадстаўляў у космасе ўкраінскую дзяржаву. Але першы ўкраінец, які пабываў у космасе — гэта наш легендарны Павал Раманавіч Паповіч, але ён ляцеў як грамадзянін Савецкага Саюзу. А як чалавек, які прадстаўляў Украіну, выконваў заданьне украінскага ўраду, які ляцеў з украінскім сьцягам, з украінскім гімнам — гэта быў я.

Навумчык: Чаму Вы стартавалі ў амэрыканскім шатле «Калюмбія» з мысу Канавэрал, а не ў расейскай ракеце з Байкануру?

Каданюк: Вы ведаеце, я яшчэ ў 1976 годзе быў уключаны ў атрад савецкіх касманаўтаў, але я быў адабраны ў групу шматразовай касьмічнай сыстэмы «Буран». Вы ведаеце лёс «Бурану». На жаль, «Буран» выканаў толькі адзін касьмічны палёт, дый тое — у аўтаматычным рэжыме, без экіпажу. Да другога палёту «Бурану» я ўжо рыхтаваўся. Там было тры экіпажы, у тым ліку і я.

Праграма была цікавая: «Буран» стартуе сам без экіпажу, а мы павінны былі стартаваць у караблі «Саюз-ТМ», састыкавацца на арбіце, выканаць выпрабаваньне яго на арбітальным участку, потым адстыкавацца ад «Бурану». «Буран» павінен быў вярнуцца зноў без экіпажу, а мы павінны былі састыкавацца з арбітальнай станцыяй «Мір». Тое была цікавая праграма, на жаль, яна не была выкананая, бо сама праграма «Буран» была спыненая. Але мы ў нашай касьмічнай групе прайшлі ўнікальную падрыхтоўку. Мне здаецца, што такой падрыхтоўкі больш ніхто не праходзіў і больш ніхто ня будзе праходзіць, бо мы прайшлі падрыхтоўку і як касманаўты-выпрабавальнікі, і як лётчыкі-выпрабавальнікі, вывучалі мэдыцыну, астраномію, астрафізыку, экалёгію — багата навук. Наша група была ўнікальнай, і я думаю, што больш груп з такой падрыхтоўкай ня будзе.

Навумчык: Вы сказалі, што Ўкраіна — адна з шасьці дзяржаваў, якая мае цалкам завершаны цыкл стварэньня касьмічнай тэхнікі. Гэта важна для Ўкраіны, для грамадзтва Ўкраіны, як Вы лічыце?

Каданюк: Натуральна важна, бо гэта ўздымае статус Украіны, статус як касьмічнай дзяржавы, статус і сярод дзяржаў, якія займаюцца касьмічнымі тэхналёгіямі. З пункту гледжаньня канкурэнцыі гэта ўспрымаецца можа і ня вельмі пазытыўна, але нас успрымаюць як краіну, якая вырабляе і ракеты, і спадарожнікі. Гэта вельмі важна і для ўраду, і для краіны.



Навумчык: Украіна мае вялізны патэнцыял, шмат што засталося і з часоў Савецкага Саюзу.

Каданюк: Так, адна траціна ракетна-касьмічнага патэнцыялу колішняга Савецкага Саюзу. Таму было б бадай што і злачынствам, калі б мы гэтым не скарысталіся, не працягнулі займацца касьмічнымі тэхналёгіямі.

Навумчык: Вось у Беларусі такога вытворчага касьмічнага патэнцыялу няма, але мы бачым пэўныя касьмічныя амбіцыі. І калі ёсьць такія касьмічныя амбіцыі — як, на Ваш погляд, магла б іх рэалізаваць Беларусь у цяперашняй сытуацыі? Дый ня толькі ў цяперашняй — нават калі адкінуць эканамічны крызыс, і гэтак далей. Скажам гэтак — пры нармальным эканамічным рэжыме.

Каданюк: Вы ведаеце, касьмічнымі тэхналёгіямі трэба займацца абавязкова. Але паколькі Беларусь ня мае такога патэнцыялу, навукова-тэхнічнага і асабліва вытворчага, дык хай лятаюць касманаўты. Цудоўна, што паляціць трэці беларус. Я цудоўна ведаю першых двух — Клімука і Кавалёнка, і мне прыемна, што будзе яшчэ адзін касманаўт зь Беларусі. Хай яму шчасьціць і хай будзе ўсё ў яго добра.

Навумчык: А як Вы думаеце, Беларусь магла б па такой праграме, як тады ў Вашым выпадку, калі супрацоўнічалі Ўкраіна і Амэрыка, з амэрыканцамі нешта зрабіць, каб ужо паляцеў ня проста этнічны беларус, а са сьцягам беларускім на скафандры?

Каданюк: Ну, я думаю, што мог бы паляцець і ў праграме ЗША, але ж Вы ведаеце, што цяпер амэрыканцы прыпынілі свае палёты на шатлах. Зараз яны робяць новы касьмічны карабель, але ён будзе ня хутка зроблены. І расіяне зараз робяць новы касьмічны карабель. Так што хай беларус ляціць з расейцамі — зь беларускім сьцягам. Але каб ляцець зь беларускім сьцягам, яму трэба мець грамадзянства Беларусі. Напэўна, трэба, я так сабе ўяўляю.

Навумчык: Вы прыгадалі прыпыненьне амэрыканскай касьмічнай праграмы — тут, напэўна, паўплывала не ў апошнюю чаргу трагедыя, якая здарылася дзевяць гадоў таму, у лютым 2003-га, з шатлам «Калюмбія», калі загінулі ўсе сямёра членаў экіпажу?
Хай беларус ляціць з расейцамі — зь беларускім сьцягам.

Каданюк: Так, вы ведаеце, там дзьве прычыны закрыцьця. Па-першае, праграма не апраўдвала сябе эканамічна. Бо дзеля таго, каб яна апраўдвала сябе эканамічна, трэба было ў год рабіць недзе 12-14 палётаў. А яны рабілі 3-5 палётаў. Гэта першая прычына. Другая прычына — бясьпека не была забясьпечана, таму з пяці караблёў два караблі загінулі. І дарэчы, адзін зь іх — «Калюмбія», на якім я лётаў.

Навумчык: Пэўна, для Вас тое былі драматычныя адчуваньні.

Каданюк: Так, трагедыя. Увогуле трагедыя, калі гінуць касьмічныя караблі, гінуць касманаўты. Але ў гэтым караблі загінула астранаўтка Карпана Чаўла, якая лётала са мной у экіпажы ў космас. Яна была індыйскага паходжаньня...

Навумчык: Там быў яшчэ і першы і адзіны ізраільскі касманаўт, здаецца.

Каданюк: Так, Ілан Рамон, першы ізраільскі касманаўт, які сядзеў на маім месцы.

Навумчык: Пан Леанід, Вы былі дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны 4-га скліканьня. Гэта часовы быў паход у палітыку ці Вы думаеце вярнуцца?

Каданюк: Не, не часовы паход. Больш за тое, палітыкай я цікаўлюся ўсё жыцьцё, палітыка для мяне — гэта другі космас. І я зьбіраюся балятавацца на чарговых выбарах у Вярхоўную Раду, буду ізноў балятавацца ў сваёй акрузе, на мажарытарнай акрузе. Я не хачу ісьці па сьпісах, я хачу, каб мяне абраў народ, тады я буду лічыць, што я — народны дэпутат Украіны

Навумчык: Дзякуй Вам і посьпехаў!

Каданюк: Дзякуй!
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG