Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць падвышацца заробкі?


У чацьвер Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заробкі ў Беларусі вырастуць толькі з ростам прадукцыйнасьці працы. Ці ёсьць нізкія заробкі сацыяльна-эканамічнай праблемай? Якой пазыцыі ў гэтым пытаньні прытрымліваюцца ўлады? Якімі мэтадамі ўрад зьбіраецца дасягнуць падвышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба.

Ці ёсьць нізкія заробкі сацыяльна-эканамічнай праблемай?


Валер Карбалевіч: «У чацьвер, наведваючы Гомельскую вобласьць, Лукашэнка прызнаў, што „ўсё больш і больш працоўныя калектывы і людзі ўздымаюць пытаньне пра рост заробкаў“. І сапраўды, на прадпрыемствах і ўстановах па ўсёй краіне з прычыны нізкіх заробкаў успыхваюць працоўныя канфлікты. Вядома, таксама, што працоўная міграцыя зь Беларусі прыняла даволі значныя маштабы. Так што праблема існуе ўжо шмат месяцаў. І тут важна, што яе прызнала кіраўніцтва краіны. Ці так гэта?»

Леанід Злотнікаў: «Зразумела, гэта праблема. Беларусы зарабляюць менш, чым суседзі. Яны бачаць, што рэальныя заробкі зьніжаюцца цягам апошніх двух гадоў.

Гэта пераходзіць у сфэру палітыкі. Рэйтынг прэзыдэнта значна панізіўся, бо заробкі ўплываюць на гэты паказчык больш за ўсё. І кіраўнік дзяржавы гэта адчувае».

Барыс Жаліба: «Вядома, гэта сацыяльна-эканамічная праблема, якая можа лёгка перарасьці ў палітычную. Апошнім часам урад павысіў заробкі. Але з пачатку году ў працоўных калектывах здараюцца хваляваньні. Калі на буйных прадпрыемствах заробкі забясьпечваюцца больш-менш нармальныя, то на меншых людзі зарабляюць часта 1,5–2 мільёны рублёў. Мэр Менску Ладуцька нядаўна заявіў, што каб утрымліваць сям’ю, мужчына павінен зарабляць 5–6 мільёнаў.

Заява прэзыдэнта, што рост прадукцыйнасьці працы павінен расьці хутчэй, чым заробкі, — слушная. А ў беларускай эканоміцы сытуацыя была заўсёды адваротная.
Для падвышэньня прадукцыйнасьці працы і заробкаў патрэбныя новыя тэхналёгіі, капіталаўкладаньні, прамыя замежныя інвэстыцыі.

Для падвышэньня прадукцыйнасьці працы і заробкаў патрэбныя новыя тэхналёгіі, капіталаўкладаньні, прамыя замежныя інвэстыцыі. Але сытуацыя з замежнымі інвэстыцыямі зрабілася горшаю».

Злотнікаў: «Пачалася працоўная міграцыя. У Расеі заробкі значна большыя. А там існуе кадравы дэфіцыт, бо насельніцтва зьніжаецца з хуткасьцю 1 млн чалавек на год. А беларусы — самыя кваліфікаваныя мігранты з тых, якія працуюць у Расеі. Туды едуць нашы будаўнікі, кваліфікаваныя адмыслоўцы. Гэта адмоўна адбіваецца на беларускай эканоміцы, на росьце валавых паказчыкаў, на выкананьні плянаў па будаўніцтве (напрыклад, у Менску)».

Супярэчлівыя заявы


Карбалевіч: «Пасьля Новага году Лукашэнка заяўляў, што да канца году мы павінны павысіць сярэднія заробкі ў краіне да 500 даляраў і выйсьці зь мінулагодняга крызісу. Палітолягі казалі, што перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў улады будуць зноў гнаць заробкі. Эканамісты зьвярнулі ўвагу на тое, што апошнім часам пачала хутка расьці грашовая маса, і гэта нібыта пацьвярджае такую лінію ўладаў.

І вось раптам у чацьвер Лукашэнка патлумачыў, што ўлады не зьбіраюцца падвышаць заробкі. „Ёсьць прадукцыйнасьць працы, ёсьць рост продажаў — калі ласка, падымайце заработную плату. Няма гэтай прадукцыйнасьці працы — няма зарплаты“, — заявіў Лукашэнка, наведваючы Гомельскую вобласьць. І ўдакладніў, што „інакш мы паўторым яшчэ раз гэты фінансава-эканамічны крызіс, які прайшоўся па нас зусім нядаўна“. Дык якую ж насамрэч эканамічную лінію зьбіраюцца праводзіць улады ў гэтым пытаньні?»

Жаліба: «Гэтая лінія вагаецца. Натуральна, улады асьцерагаюцца, каб мы не зваліліся ў змрочны сцэнар мінулага году. Пакуль расьце экспарт, рост грашовай масы збалянсаваны ростам прытоку валюты.

Але мы ведаем звычкі нашай улады. Перад выбарамі яна можа зноў запусьціць працэс штучнага росту заробкаў. Зразумела, што ў матэрыяльнай сфэры рост заробкаў трэба зарабіць. А як гэта ажыцьцявіць у бюджэтнай сфэры? А там працуе траціна занятых у эканоміцы».

Злотнікаў: «Зразумела, прэзыдэнт хацеў бы росту заробкаў. Але Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС у якасьці ўмовы выдзяленьня крэдыту патрабуе не дапускаць эканамічна неабгрунтаванага падвышэньня заробкаў. Пра гэта ж кажа і МВФ. Дарэчы, чарговая транша з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС павінна была прыйсьці ў лютым, але дасюль яе няма.
Заява Лукашэнкі адрасаваная крэдытадаўцам.

І летась, і сёлета краіна спажывае больш, чым стварае. Таму падвышаць заробкі няма з чаго. Хіба што з замежных крэдытаў. А іх краіна не атрымлівае ўжо тры месяцы. А адток валюты з краіны на пагашэньне мінулых крэдытаў ідзе. Так доўга працягвацца ня можа. Таму заява Лукашэнкі адрасаваная крэдытадаўцам.

Іншы момант. У банках набралася вялікая грашовая рублёвая маса. Нацбанк, каб стрымаць паступленьне гэтай масы ў эканоміку, пазычае грошы ў камэрцыйных банкаў пад аблігацыі на 2–3 месяцы. Але праз гэтыя месяцы Нацбанк верне камэрцыйным банкам яшчэ больш грошай, з працэнтамі. Калі няма валюты, то нельга ўтрымацца ад інфляцыі і дэвальвацыі. У гэтай сытуацыі падвышаць заробкі — гэта значыць павялічваць грашовую масу. І можна сарвацца ў той крызіс, які быў мінулым годам. Магчыма, усьведамленьнем такой небясьпекі таксама тлумачыцца гэтая заява Лукашэнкі».

Зноў адміністратыўныя мэтады?


Карбалевіч: «Таксама Лукашэнка заявіў, што кіраўнікоў тых прадпрыемстваў, дзе затрымліваюць заробкі, будуць здымаць з пасады, і больш ім займаць кіраўнічыя пасады будзе нельга. Дык што, зноў адміністрацыйныя мэтады дзеля вырашэньня эканамічных праблем?»

Жаліба: «Такімі мэтадамі гэтыя праблемы ня вырашыць. Галоўная прычына нашых праблем — тое, што пасьля мінулагодняга крызісу наша эканоміка не зьмянілася. Яна засталася нерэфармаваная. Дырэктыўныя паказчыкі, адсутнасьць свабоды цэнаў, тармажэньне прыватызацыі. Дырэктары ня маюць свабоды скарачаць работнікаў.

Эканоміка сёлета трымаецца за кошт таннага газу. Ён каштуе 160 даляраў за 1 тысячу кубичных мэтраў. Гэта амаль удвая таньней, чым напрыканцы мінулага году. А ва Ўкраіне газ каштуе каля 400 даляраў. Плюс нафта бяз мыта. Добра працуюць асноўныя экспартэры: Белкалій і НПЗ. Пры нармальнай замежнаэканамічнай каньюнктуры гэты год мы больш-менш спакойна перажывем. Але сур’ёзных высноў з крызісу мінулага году ўлады не зрабілі».

Злотнікаў: «Мінулымі гадамі, калі можна было яшчэ праядаць рэсурсы, такія мэтады застрашваньня дырэктарату давалі пэўны вынік. Цяпер іх няма. І пазыкаў няма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG