Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой падставе Атрошчанкаву забаранілі выезд зь Беларусі?


Падставай для ўнясеньня яго ў сьпіс невыязных стаў нібыта нявыплачаны штраф, хаця рашэньне суду пра спагнаньне штрафу яшчэ не ўступіла ў законную сілу.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандар Атрошчанкаў 13 красавіка наведаў аддзел грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага РУУС Менску. Там актывісту паведамілі, што яму абмежаваны выезд за мяжу, бо ён павінен заплаціць штраф у сувязі з рашэньнем Аршанскага суду.

«Гэта абсалютна незаконна, бо прысуд быў 29 сакавіка, а ўжо 30 сакавіка я быў уключаны ў базу невыязных. Пры гэтым я падаў скаргу ў Віцебскі абласны суд на рашэньне суду ў Воршы, таму гэтае рашэньне не ўступіла ў законную сілу. Але нават калі б гэтае рашэньне ўступіла ў сілу, то я маю месяц, каб заплаціць штраф. Я лічу, што гэта абсалютна надуманая падстава».

11 красавіка стала вядомае імя васямнаццатага фігуранта сьпісу невыязных — каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава, якога зьнялі зь цягніка ў Вільню.

«Я далучыўся да сьпісу вельмі годных людзей, таму адчуваю сябе досыць добра ў гэтым асяродзьдзі. У гэтым сьпісе людзі, якія займаюць вельмі прынцыповую пазыцыю адносна правоў чалавека. І таму зразумела, чаму так робяць улады».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандар Атрошчанкаў кіраваліся ў Брусэль праз Маскву на цягніку «Менск — Масква». У Воршы іх зьнялі зь цягніка і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Кожнаму прысудзілі адміністратыўны штраф у памеры 350 тысяч беларускіх рублёў.

Выезд зь Беларусі забаронены:

палітыкам — Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку, Валеру Ўхналёву, Станіславу Шушкевічу, Вінцуку Вячорку, Віктару Івашкевічу, Аляксандру Атррошчанкаву;

праваабаронцам — Валянціну Стэфановічу, Андрэю Бандарэнку, Гары Паганяйлу, Алегу Гулаку;

журналістам — Андрэю Дынько, Жане Літвіной, Міхаілу Янчуку.
XS
SM
MD
LG