Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вернікаў праваслаўнай царквы — Вялікая пятніца


У праваслаўнай царкве — пярэдадзень вялікай начной літургіі, якая распачне галоўнае хрысьціянскае сьвята — Уваскрашэньне Хрыстова.

У Вялікую пятніцу праваслаўныя хрысьціяне ўшаноўваюць Плашчаніцу — белую тканіну, у якую быў загорнуты пахаваны Ісус Хрыстос. У Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы пабывала Галіна Абакунчык.

Вялікая пятніца ў царкве — дзень асаблівай жалобы: у гэты дзень паклалі ў магілу закатаванага Хрыста. Людзі прыходзяць ціха, запальваюць сьвечкі і моўчкі стаяць каля ўкрыжаваньня і абразоў. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Што для вас гэтае сьвята, як вы да яго рыхтуецеся?»

Спадарыня: «Кожны па-свойму рыхтуецца. Па-першае, гэта душэўны пост: памятаць пра тое, што душу сваю неабходна ўмацоўваць і пераканаўча верыць у сьвятасьць, дабро і ўсё найлепшае».

Спадарыня: «Вельмі хочацца, каб гэтае сьвята праходзіла ўрачыста. Таму, калі сходзіш у царкву, то ўсё ўжо зусім па-іншаму ўспрымаецца. Каб вось прыйсьці дахаты і навырабляць якіх-небудзь прысмакаў, якія бываюць толькі на гэтае сьвята. І калі затым нясеш гэта ўсё асьвячаць, то ўсё ўжо ўспрымаецца зусім інакш. Мне падаецца, што чалавек вельмі маленькі і слабы ў жыцьці, таму калі ў яго ёсьць падтрымка з вышыняў, то гэта вельмі добра».

Спадарыня Ніна — супрацоўніца кіёску, дзе найбольш купляюць цяпер сьвечкі — верыць, што людзі ідуць у царкву не для таго, каб аддаць даніну модзе:

«У царкве не павінна быць моды, а ў царкве павінна быць вера. Модна — гэта, ведаеце — моднае адзеньне, модны абутак — модна ўсё, а царква не павінна трымацца моды».

Карэспандэнтка: «Шмат людзей прыходзіць?»

Ніна: «Шмат прыходзіць, асабліва прыходзяць да Плашчаніцы. Прыходзяць, не ўжываўшы ежу — гэты дзень лічыцца строгім пастом, і вось людзі нічога не ядуць і гэтак прыходзяць пакланіцца сьвятыні».

Карэспандэнтка: «Прыгожа, радуе?»

Ніна: «Вельмі радуе. Вялікдзень — адно з такіх сьвятаў, якое ўсім радасьць прыносіць».
Каля царкоўнага кіёска.

Каля царкоўнага кіёска.


У самой жа царкве — апошнія прыгатаваньні да вынасу Плашчаніцы: белай тканіны, у якой паклалі ў магілу закатаванага Хрыста. Тое месца ў царкве, дзе кладзецца Плашчаніца — самае шанаванае і ўпрыгожанае. Матушка Наста кажа, што рыхтуе дэкарацыю для Плашчаніцы з маленства:

Наста: «Плашчаніца будзе ляжаць на вось такой маленькай труне. А вакол мы ўсё ўпрыгожваем. Гэта ўсё прыдумляе мая мама, матушка Тацьцяна, і яна мяне гэтаму навучала з самага дзяцінства. Людзі зьбіраюць грошы падчас Вялікага посту — даюць ахвяру на кветкі. Ну, а пасьля кветкі набываюцца, і мы ўсё гэта ўкладаем».
Матушка Наста ўпрыгожвае месца для Плашчаніцы.

Матушка Наста ўпрыгожвае месца для Плашчаніцы.


Карэспандэнтка: «Чырвоныя і белыя кветкі на крыжы — гэта сымбаль чаго?»

Наста: «Чырвоны колер — гэта, натуральна, колер цярпеньняў, пакутаў і сьмерці Хрыста, а белыя — уваскрашэньне. Жоўценькія кветкі вакол крыжа — гэта промні: калі Збавіцель уваскрос, то вакол усё зазіхацела».

Карэспандэнтка: «Што для вас гэтая праца?»

Наста: «Для мяне гэта, канечне, „капеечка“ ў Царства нябеснае — гэтак зарабляю сабе месца. І мне гэта вельмі падабаецца, таму што Бог ёсьць любоў і мы ўсе павінныя любіць Госпада, бліжніх сваіх. Таму для мяне гэта вялікая радасьць — упрыгожваць Плашчаніцу і што ў мяне ёсьць магчымасьць гэта зрабіць».
XS
SM
MD
LG