Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Канавалаў так і не назваў сайт, на якім ён нібыта знайшоў зьвесткі пра тое, як вырабіць выбуховыя рэчывы ды як сабраць бомбу. Сказаў, што ўжо ня памятае — і сьледчыя супакоіліся. Узьнікае лягічнае пытаньне: чаму яго не пасадзілі за кампутар, каб усё знайшоў зноў і прадэманстраваў, як ён гэта рабіў раней?

Вядома, Канавалаў мог бы ад такога экспэрымэнту і адмовіцца, але ж не адмовіўся ён ад зьбіраньня бомбы з макароны. Ці не таму гэты экспэрымэнт не правялі, што стаў бы відавочны сапраўдны ўзровень кампутарнай пісьменнасьці Канавала? З другога боку, у матэрыялах справы цытавалася перапіска Канавалава ў інтэрнэце, куды ён уваходзіў праз мабільны тэлефон, яшчэ калі служыў у войску ў 2010 годзе. Значыць, усё ж разьбіраўся і мог сапраўды знайсьці патрэбную інфармацыю. Чаму ж тады не знайшоў гэтага на замову сьледзтва? Пэўны адказ напрошваецца адзін: чамусьці не замаўлялі. А вось чаму не замаўлялі — адказаў можа быць шмат. У тым ліку і той, што ведалі, наколькі гэта рызыкоўна для вэрсіі сьледзтва.

Увогуле са сьледчымі экспэрымэнтамі на гэтым працэсе дзеяліся дзіўныя рэчы. Дакладней сказаць — на сьледзтве, а суд іх фактычна прыняў. Зьняты на відэа славуты экспэрымэнт па імітацыі зьбіраньня бомбы 2011 году Канавалаў здаў на тройку, бо памыліўся ў складзе выбухоўкі (не назваў алюмініевага парашку) і наблытаў з паражальнымі элемэнтамі. За зьбіраньне макета бомбы 2008 году Канавалаву ўвогуле можна ставіць двойку, бо ён нарабіў некалькі істотных памылак: з колькасьцю батарэек, зноў з памерам гаек, таксама сабраў інакшы электрычны ланцуг.

На судзе былі абвешчаныя вынікі экспэртызы ФСБ, якая палічыла, што бомба 2011 году, якую сабраў Канавалаў на экспэрымэнце, адрозьніваецца ад рэальнай. Але фактычна суд ад гэтай экспэртызы адмахнуўся. Шмат пытаньняў у непрадузятага назіральніка выклікалі і экспэрымэнты, якія праходзілі пры ўдзеле міліцыянта, экспэрта Сьцяпана Клімовіча. На відэа бачна, што некаторымі сваімі пытаньнямі ён хутчэй падказвае Канавалаву адказы. Суд у такіх умовах мог правесьці свой экспэрымэнт — і да дэманстрацыі відэа, і нават пасьля. Прапанаваць Канавалаву зноў сабраць бомбу ва ўсіх на вачах — рызыкі ніякай, а выглядала б пераканаўча. Чаму ў нас такое немагчыма? Але ў суду ня ўзьнікла ніякіх сумненьняў наконт вэрсіі сьледзтва, а да сумненьняў абароны ён паставіўся як звычайна.




Дзіўны выбух 2008 году


На допыце 13 красавіка Канавалаў сказаў, што калі не ўзарвалася першая закладзеная бомба, то ён пачакаў яшчэ хвілін 10 і вярнуўся на кватэру па другую. Актывізаваў яе і не пабаяўся вярнуцца фактычна на тое ж месца, яшчэ нават бліжэй да пляцоўкі, дзе быў Аляксандар Лукашэнка.

Паміж часам меркаванага выбуху першай бомбы і закладкай другой прайшло ня менш за паўгадзіны. Першую бомбу ўжо на той момант знайшлі і спрабавалі яе абсьледаваць, адначасова абсьледавалі навакольную тэрыторыю — шукалі іншыя бомбы. Хоць шукалі з сабакам, нічога падазронага не знайшлі. Вядома, магло там атрымацца, што Канавалаў заклаў другую бомбу ўжо пасьля таго, як тое месца праверылі з сабакам. Але каб зьвесткі пра першую бомбу не дайшлі да Лукашэнкі і не зьмянілі ягоных паводзінаў і паводзінаў ягонай аховы — у гэта паверыць цяжка. Але дапусьцім, што ахову вакол Лукашэнкі пасьля знаходкі першай бомбы не павялічылі, а тыя міліцыянты, што стаялі ў зьнешнім ачапленьні, зноў «празявалі» і прапусьцілі Канавалава з другой бомбай у пакунку ад соку.

Аднак ужо не меркаваная пагроза, а сапраўдны выбух бомбы неўзабаве пасьля 12-й ночы зноў не зьмяніў плянаў Лукашэнкі. Прычым той ня толькі ня зьехаў прэч зь небясьпечнага скрыжаваньня, а нават пайшоў разьбірацца асабіста на месца выбуху! І гэта пры тым, што мусіў ведаць, што гэта ўжо другая па ліку бомба, а значыць, можа быць і трэцяя, і чацьвёртая! Пагадзіцеся, вельмі дзіўныя паводзіны і для лідэра краіны, і для ягонай аховы, якая адказвае за жыцьцё прэзыдэнта перад законам. І тут не магу не падзяліць сумненьні палкоўніка ў адстаўцы, былога камандзіра брыгады вайсковага спэцназу Ўладзімера Барадача, які ў сакрэтах аховы першых асобаў дастаткова дасьведчаны.

Прапаную вытрымкі з артыкула Ўладзімера Барадача, які зьявіўся на сайце «Беларускі партызан» напярэдадні суду над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым. (Невялікія купюры ў артыкуле зроблены мною выключна зь меркаваньняў памеру тэксту. Таксама я разьбіў артыкул Уладзімера Барадача на падзагалоўкі, каб дапамагчы арыентавацца ў аргумэнтах палкоўніка — А.Г.)

З артыкула «Хто ладзіць скокі на крыві?»


09.09.2011.

Палкоўнік Уладзімір Барадач працягвае аналізаваць матэрыялы наконт справе аб тэракце ў менскім мэтро, разгляд якой пачнецца ў Вярхоўным судзе 15 верасьня. Як лічыць наш экспэрт, у гэтай гісторыі зашмат няяснасьцяў і супярэчнасьцяў, якія дазваляюць зрабіць выснову, што віцебскіх тэрарыстаў уцёмную выкарыстоўвалі нейкія іншыя магутныя сілы, набліжаныя да ўлады.

...«Выбух 11 красавіка 2011 г., як стрэл «Аўроры», зьявіўся сыгналам для новай буйнамаштабнай апэрацыі па ўмацаваньні рэжыму, апраўданьні сваіх дзеяньняў 19 сьнежня 2010 году, паскарэньні выдачы Масквой крэдыту, зрыве вынясеньня рашэньня Эўразьвязу па Беларусі, стрымліваньні росту сацыяльна-палітычнай напружанасьці ўнутры краіны.

Цывілізаваны сьвет, паводле задумы, павінен быў падтрымаць краіну, якая абвясьціла барацьбу з тэрарызмам. Аднак вінаватых ужо загадзя падрыхтавалі і вызначылі.

Аляксандар Лукашэнка (17.33 15.04. 2011 г.) удакладніў: «Дэстабілізацыя абстаноўкі на харчовым рынку, валютным рынку, а таксама выбух у мэтро — гэта зьвёны аднаго ланцуга»...

Пракол. Ня можа быць таго, чаго ня можа быць


23 гадзіны 43 хвіліны 11.04.2011 г. «Прааналізуйце ўсе факты, магчыма, ёсьць сувязі з выбухам 3 ліпеня. Можа, гэта зьвёны аднаго ланцуга», — заявіў Лукашэнка на нарадзе ў сувязі з выбухам у мэтро. Прайшло менш за 6 гадзін пасьля выбуху, яшчэ чуваць былі стогны зьнявечаных людзей. Але Лукашэнка нецярпліва дае кірункі сьледчым. Там жа ўскосны доказ (адбіткі пальцаў) будучага абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро, які папоўніць недахоп доказаў у апошнім злачынстве.

Сьледзтва «ўстанавіла» наяўнасьць гэтай сувязі, але не на карысьць заказчыка. Ніякай тэхнічнай сувязі паміж выбухамі 2008 і 2011 году няма. Сувязь толькі ў тым, што ў абодвух выпадках у якасьці «казла адпушчэньня» фігуруе асоба пазаштатнага «інфарматара» Канавалава. Вынікамі выбуху ў абодвух выпадках скарысталася ўлада.

У той час міністар унутраных спраў Навумаў сьцьвярджаў: «Менскай выбуховай прыладзе ўвогуле не было аналягаў у сьвеце. Ніводзін замежны спэцыяліст ніколі яшчэ з такой не сутыкаўся. Такое выбуховае прыстасаваньне ў народзе называюць «кіса», або трыперакіс ацэтону. «Зварыць 30 грамаў такой сумесі — гэта пагроза для жыцьця чалавека, а ў нашым выпадку гаворка ідзе пра 700 грамаў». Але на 11 красавіка ў тэрарыстаў было ўжо 5–7 кг у мэтро, плюс, па словах прэзыдэнта, яшчэ 3 бомбы. Пра тратыл тут і гаворкі няма.

18.48 13.04.2011 Старшыня КДБ перакручвае дадзеныя МУС па выбуху 2008 г. і 2011 г.: «Тэракт у менскім мэтро быў зьдзейсьнены з выкарыстаньнем раней невядомага выбуховага рэчыва» (хлусьня). Паводле ягоных словаў, такое ж рэчыва было ўжыта і пры выбуху ў Менску ў 2008 годзе, і аналягаў ВР не ўдалося выявіць «у дадзеных ніводнай зь дзяржаваў» (адкрытая хлусьня, абвяргаецца нават афіцыйнымі экспэртамі ў 2008 і 2011 гг.). Далей ён працягвае: «Аднаго грама выкарыстанага рэчыва хопіць для таго, каб адарваць кісьць рукі» (і праўда, правяраючы невядомае рэчыва ў выяўленым пакеце «Садочак» у 2008 г., супрацоўнік «Алмазу» страціў два пальцы). Генэрал Зайцаў наўмысна хлусіў людзям, не дачакаўшыся канчатковых вынікаў экспэртызы па выбуху ў мэтро, ва ўнісон словам Лукашэнкі пра «зьвёны аднаго ланцуга».

Выходзіць, прадаўцы «рэзалі» шашкі пілой і распрадавалі тратыл па грамах. Дый памяць у хлопцаў хвацкая, памятаюць усё да грама, а вось прадаўцоў забылі

Зьвярніце ўвагу. Паводле заключэньня экспэртызы, пасьля апошняга выбуху выяўленыя элемэнты тратылу, уратрапіну, салетры, парашку алюмінію і г.д.

Тлумачу, з усіх дадзеных элемэнтаў спэцыялістам можна зрабіць ВР паніжанай магутнасьці ў звычайных умовах. Але для дэтанацыі (выбуху) дадзеных ВР, як правіла, выкарыстоўваецца прамежкавы дэтанатар у выглядзе тратылавай шашкі. Нават ад заводзкага дэтанатара яно не выбухае. Што да складу выбуховага рэчыва, ніякай сувязі з выбухам 4 ліпеня няма. Калі б чалавек на відэа ў мэтро нёс у торбе зарад, у якім выкарыстоўвалася ВР, як і ў 2008 годзе, то людзей на гэтай станцыі размазала б па сьценках. Тратылавы эквівалент зараду склаў бы 40 кг, калёна паляцела б як аловак.

Дарэчы, нічога агульнага паміж гэтымі выбухамі ня выявілі экспэрты ФСБ. З высновамі сьледзтва па дадзеным пытаньні не пагадзіліся і іншыя міжнародныя экспэрты.

Але, каб выканаць указаньні Лукашэнкі пра наяўнасьць гэтай узаемасувязі, сьледзтва прымушаюць ісьці на падлог. Хочуць даказаць, што ў тым зарадзе, які выбухнуў у 2008 годзе, мог быць тратыл (хоць экспэрты яго там не заўважылі). Канавалаў «купляе» ў Кавалёва і іншых нявызначаных асобаў 375 грамаў тратылу, захоўвае яго 3 гады, вырабляе 700 грамаў ВР і ўзрывае 4 ліпеня. Заўважу, тратыл захоўваецца ў выглядзе 400-, 200- і 75-грамовых шашак. Ніяк не атрымліваецца 375 грамаў.

Выходзіць, прадаўцы «рэзалі» шашкі пілой і распрадавалі тратыл па грамах. Дый памяць у хлопцаў хвацкая, памятаюць усё да грама, а вось прадаўцоў забылі. Пры куплі валюты на чорным рынку можна страціць грошы (кантралюецца ўладай), а пры гандлі зброяй зь незнаёмымі людзьмі страчваюць усё. Прадаўцоў сьмерці не знайшлі, бо іх не было. Але якім адкрытым нахабствам, лянотай і пачуцьцём беспакаранасьці трэба валодаць для таго, каб не зазірнуць у матэрыялы расьсьледаваньня іншай справы. У двухлітровым пакеце «Садочак», які не разарваўся, выбуховае прыстасаваньне ня мела тратылу (афіцыйныя дадзеныя МУС).

Навошта злачынцу 375 грамаў тратылу, калі ён сам «можа» рабіць ВР у 2 разы больш магутнае? Да таго ж для выбуху тратылу неабходныя заводзкія дэтанатары. Напрошваецца пытаньне, не адлюстраванае ў пастанове: у каго купіў Канавалаў тратыл для выбуху ў мэтро? Экспэртамі выяўлена наяўнасьць элемэнтаў тратылу, уратрапіну, салетры, парашку алюмінію. Тут выкарыстоўвалася ВР паніжанай магутнасьці, выбух якога без дадатковага зараду немагчымы. А дзе ён купіў электрадэтанатары, прыёмныя і перадавальныя прылады, пра якія не сказана ў знакамітым тварэньні А. Шведа? Ах, якая драбяза, Канавалаў па жыцьці вінаваты. Дастаткова адбітку пальца на пакеце...



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG