Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падчас рабочай паездкі ў Столінскі раён кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даручыў да восені вырашыць зямельнае пытаньне.

Падчас рабочай паездкі ў Столінскі раён кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даручыў да восені вырашыць зямельнае пытаньне, знайшоўшы балянс паміж інтарэсамі людзей і дзяржавы. Паводле Лукашэнкі, зямлёй павінен валодаць той, хто больш эфэктыўна працуе.

Нагодай для заявы сталі пытаньні выдзяленьня дадатковых земляў фэрмэрам, якія працуюць у Столінскім раёне. Лукашэнка адзначыў, што яму ўсё роўна, хто будзе апрацоўваць зямлю — фэрмэр, прыватнік або калгас. «Чаму нельга аддаць гэтую зямлю людзям? — сказаў Лукашэнка. — Фэрмэры павінны быць забясьпечаныя зямлёй, зямлю трэба аддаць тым, хто працуе больш эфэктыўна». Разам з тым ён адзначыў, што сёньня не стаіць пытаньне аб расфармаваньні калгасаў і саўгасаў.

Камэнтуючы гэтую заяву, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка адзначыў:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«У 1996 годзе, калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, мы тады прапанавалі ўвесьці права на зямлю як на тавар. Яшчэ тады на рэфэрэндум мы ўнесьлі гэтую прапанову. Але сёньня іншае становішча. Яно палягае ў тым, што эканоміка падае і патрэбныя грошы ў бюджэт. Тут можа быць такое, што бліжэйшым часам урад унясе прапанову на ўласнасьць на зямлю, бо і ў Расеі, і ў Казахстане гэта ёсьць. У Адзінай эканамічнай прасторы трэба нешта аднолькавае ў эканоміцы і ў палітыцы. Бо сёньня прадпрымальнік у значна цяжэйшым стане, чым у Расеі і Казахстане».

У інтэрвію радыёстанцыі «Русская служба новостей» Лукашэнка заявіў, што цяпер у Беларусі нават «гектар сельгасугодзьдзяў немагчыма атрымаць бяз подпісу прэзыдэнта». Ён таксама распавёў пра жудаснае ўражаньне ад Падмаскоўя, якое забудавана катэджамі і дзе няма ніводнага поля. Чаму ж Лукашэнка зноў загаварыў пра зямлю? Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Усё, што тычылася ранейшых мэтадаў кіраўніцтва краінай, паказала тупік. Зайшлі ў тупік. На 34 мільярды даляраў набралі даўгоў — трэба аддаваць. Уся гэтая сацыяльна-арыентаваная мадэль зрабіла беларусаў беднымі. З-за сацыяльнай арыентаванасьці заробкі ў тры разы меншыя, чым у Расеі. І таму пачынаецца гэтая рыначная балбатня, размовы, што трэба аддаваць эфэктыўнаму ўласьніку. Радасны міністар эканомікі ўжо зьбіраецца прадаваць восем прадпрыемстваў. То бок калі палітычная эліта паказала сваю няздатнасьць, яна вырашыла то раздаваць зямлю, то прадаваць прадпрыемствы. Гэта жалю вартае відовішча».

Канстанцін Скуратовіч

Канстанцін Скуратовіч

Падчас паездкі ў Столінскі раён Лукашэнка таксама заявіў, што ў 2013 годзе асноўным напрамкам фінансаваньня стане мэліярацыя. Кіраўнік краіны зьбіраецца ўвесьці ў абарот вялізныя аб’ёмы земляў. Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч скептычна ставіцца да гэтай ідэі:

«Калі аднекуль узяліся грошы і іх дае Лукашэнка, то абавязкова знойдзецца ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі пэўная колькасьць людзей, якія хуценька гэтыя грошы пастараюцца разьдзяліць. Але гэта будзе чарговае нечуванае глупства. Яно зьяўляецца з пэрыядычнасьцю 5–10 гадоў. Гэта вялікія капіталаўкладаньні, якія рабіліся яшчэ пры Савецкім Саюзе. У Беларусі такіх грошай няма. І гэта ўсё непатрэбна, гэта чысты тлум».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG