Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцам — мяса і малако; беларусам — піва


Кіраўнікі беларускага ўраду спадзяюцца, што да канца красавіка адновіцца экспарт ва Ўкраіну мяса-малочнай прадукцыі, пастаўкі якой былі спыненыя 1 сакавіка.

Аднак экспэрты аптымізму чыноўнікаў не падзяляюць, бо лічаць, што Кіеў хоча атрымаць з канфлікту максымум выгады. У прыватнасьці, малочныя і мясныя вырабы могуць вярнуцца на ўкраінскі рынак толькі пасьля таго, як Беларусь перастане чыніць перашкоды на шляху таннага ўкраінскага піва.

Былы міністар сельскай гаспадаркі, а цяпер намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы заявіў, што пытаньне экспарту беларускай мяса-малочнай прадукцыі ва Ўкраіну будзе разьвязанае да канца месяца. У той жа час украінскі бок ніякіх заяваў наконт магчымых тэрмінаў ня робіць. Так, прэм’ер-міністар Украіны Мікалай Азараў сказаў, што аднаўленьне беларускіх паставак магчымае толькі пасьля агучваньня вынікаў экспэртызы ўкраінскіх адмыслоўцаў, якія цягам двух тыдняў інспэктавалі перапрацоўчыя заводы Беларусі. Адначасна ўкраінская міліцыя абвясьціла вайну беларускай кантрабандзе, якая пасьля забароны набыла вялікія маштабы.

Экспэрты лічаць, што вяртаньне беларускага малака і мяса на ўкраінскі рынак можа здарыцца ня так хутка, як прадказваюць урадоўцы. Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц кажа, што сярод умоў, якія можа выставіць Кіеў — скасаваньне перашкодаў на шляху ў Беларусь украінскага піва:

«Вось зараз, калі Ўкраіна адмовілася прымаць беларускія малако і мяса, гэта
украінскі бок проста знайшоў падставу, каб адстаяць свае інтарэсы на беларускім рынку ...

вельмі добрая нагода, каб нагадаць і пра піва. Зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць, што гэтыя тры пытаньні зьвязаныя з тым, што ўкраінскі бок проста знайшоў падставу, каб адстаяць свае інтарэсы на беларускім рынку. Тым больш, што кошт пытаньня прыблізна аднолькавы. Калі браць кошт паставак беларускіх малака і мяса ва Ўкраіну, то гэта дзесьці 20 мільёнаў даляраў. А калі браць імпарт украінскага піва ў Беларусь да ўвядзеньня мэханізму ліцэнзаваньня, дык гэта прыкладна 18 мільёнаў даляраў. Такім чынам, гэта вельмі блізкія сумы, і, напэўна, яшчэ адна падстава, каб увязаць адно пытаньне з другім».

Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная служба Ўкраіны ад 1 сакавіка прыпыніла ўвоз на ўкраінскую тэрыторыю мяса-малочнай прадукцыі беларускай вытворчасьці. Пасьля таго, як у лютым на Наваградчыне пад выглядам «вучэньняў» зьнішчылі сьвіное пагалоўе з прыватных падворкаў, украінскія вэтэрынары засумняваліся: а ці не з рэальнай эпідэміяй афрыканскай чумы вялася барацьба? Апроч таго, беларусаў ня раз папярэджвалі пра перавышэньне ў малочнай прадукцыі нормаў утрыманьня антыбіётыкаў. Ігнараваньне прэтэнзіяў урэшце прывяло да таго, што доступ беларускай прадукцыі ва Ўкраіну быў забаронены.

У канцы сакавіка, пасьля складаных перамоваў, Менск наведалі ўкраінскія спэцыялісты. Яны правялі аўдыт Дзяржаўнай вэтэрынарнай службы Беларусі і праінспэктавалі шэраг прадпрыемстваў галіны. Аднак вынікі экспэртызы пакуль не агучваліся.

Як лічыць эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, наўрад ці ўкраінскі бок будзе старацца зрабіць гэта як найхутчэй. На яго думку, цяпер самы зручны момант, каб вярнуць экспартны парытэт: мяса і малако — у абмен на таннае ўкраінскае піва:

«Кепскія адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай вакол піўной праблемы існуюць ужо даўно. Кіеў вельмі незадаволены тым, што Менск у аднабаковым парадку ўвёў у канцы 2010 году ліцэнзаваньне імпарту ўкраінскага піва. У сувязі з гэтым украінскія кампаніі неаднаразова зьвярталіся ў беларускі ўрад, прасілі, каб ім дазволілі пастаўляць у Беларусь прадукцыю без аніякіх перашкодаў. Але ж беларускі бок гэтыя прапановы адхіліў, таму што ўкраінскае піва больш таннае, чым беларускае. Гэта зьвязана з тым, што ва Ўкраіне не такія высокія цэны на солад ды іншыя інгрэдыенты, зь якіх вараць піва. Разумеючы гэта, беларускі ўрад не хацеў даваць свабоду ўкраінскім кампаніям на ўнутраным рынку».

Цягам 2005–2010 гадоў украінскія бровары павялічылі экспарт піва на беларускі рынак у 12 разоў. Аднак увядзеньне абавязковага ліцэнзаваньня спрычынілася да росту коштаў на ўкраінскія гатункі, у выніку чаго аб’ёмы рэалізацыі ў Беларусі за мінулы год упалі амаль у пяць разоў у параўнаньні з годам папярэднім. Калі ў 2010-м у Беларусь з Украіны было ўвезена блізу 50 мільёнаў літраў піва, то летась — менш за 10 мільёнаў. Піўныя вытворцы Ўкраіны захады беларускіх уладаў называюць «гандлёвай блякадай» і спадзяюцца зламаць штучныя бар’еры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG