Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў славацкай сталіцы пачалася сустрэча палітыкаў і экспэртаў з краін Цэнтральнай і Заходняй Эўропы, а таксама Злучаных Штатаў.

Адкрыў форум прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіцо. Сярод запрошаных на канфэрэнцыю — шэраг беларускіх экспэртаў, у тым ліку палітоляг, дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, якога мы папрасілі распавесьці пра хаду форуму.

Лагвінец: «Гэтая канфэрэнцыя праводзіцца ўжо восьмы раз. Сёлета яна мае надзвычай высокі ўзровень прадстаўніцтва — у ёй удзельнічаюць тры прэзыдэнты, некалькі прэм’ераў і 15 міністраў з розных краін Цэнтральнай Эўропы.

На ранішняй сэсіі сёньня выступалі кіраўнікі трох краін — Славеніі, Славаччыны і Харватыі.

Сёньня — асноўны дзень канфэрэнцыі. Сярод тэмаў абмеркаваньня — праблемы эўрапейскай бясьпекі, эканамічны крызіс у Эўразьвязе, адносіны з ЗША, разьвіцьцё падзеяў у арабскім сьвеце пасьля дэмакратычных зьменаў і няўдалых спробаў гэтых зьменаў.

Таксама будзе абмяркоўвацца і беларускае пытаньне, яно так ці інакш згадваецца падчас сустрэчаў з экспэртамі. Сёньня ўвечары адбудзецца адмысловая дыскусія на тэму Беларусі, у якой будуць удзельнічаць як беларускія, гэтак і амэрыканскія і эўрапейскія экспэрты.

Зь Беларусі ў канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прафэсар Андрэй Вардамацкі, кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі Новак, прадстаўнікі Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, а таксама шэраг маладых экспэртаў. У сьпісе запрошаных і нават дакладчыкаў быў кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік.

Вельмі шкада, што няма прадстаўнікоў беларускай дзяржавы».
XS
SM
MD
LG