Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці апазыцыянэраў і чыноўнікаў


Кацярына Статкевіч на акцыі ў падтрымку бацькі
Кацярына Статкевіч на акцыі ў падтрымку бацькі

Газэта «Салідарнасьць» правяла дасьледаваньне --> http://gazetaby.com/cont/print.php?sn_nid=44517 , як жывуць дзеці Міколы Статкевіча, Анатоля Лябедзькі, Уладзімера Някляева, Сяргея Сідорскага, Лідзіі Ярмошынай і Надзеі Ермаковай. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

Дочкі Мікалая Статкевіча жывуць у Нямеччыне

У экс-кандыдата ў прэзыдэнты, а цяпер палітвязьня Міколы Статкевіча — дзьве дарослыя дачкі Кацярына і Ганна. Абедзьве жывуць у Нямеччыне.

Яны скончылі БДУ, але працу ў Беларусі знайсьці не змаглі.

— У большай ступені з-за мяне. Хоць у свой час і самі ўдзельнічалі ў акцыях, малодшую нават затрымлівалі, — падзяліўся Мікола Статкевіч з карэспандэнтам «Салідарнасьці» у 2010 годзе.

Кацярына скончыла магістратуру ўжо ў Нямеччыне і цяпер працуе ў галаўным офісе аўтаканцэрну «Аўдзі» — займаецца прамысловай лягістыкай. Нядаўна яна абараніла дысэртацыю і атрымала дыплём доктара навук.

Каця — старэйшая дачка Міколы Статкевіча.

Па сьлядах старэйшай сястры Ганна Статкевіч выйграла стыпэндыю і зьехала ў Нямеччыну. Цяпер яна выхоўвае сына (унуку Міколы Статкевіча ў траўні споўніцца 3 гады) і разважае, ці ёй працягваць адукацыю.

Арцём Лябедзька: «За мяжой жыць не хачу»

Арцём — адзіны сын лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Да 26 гадоў ён скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ і магістратуру ЭГУ па спэцыяльнасьці «эўрапейскае міжнароднае права».

— У сына былі праблемы з працаўладкаваньнем, — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасьці» палітык.



Паводле яго, быць сынам апазыцыянэра ў Беларусі — як мець белы білет. Браць такога супрацоўніка не хацелі ні дзяржаўныя, ні камэрцыйныя структуры.

— Кадравікі перадавалі мне прывітаньне, — іранізуе Анатоль Лябедзька.

«Вы самі ўсё разумееце», — так тлумачылі адмовы ў прыёме на працу яго сыну.

Аднак удача ўсё ж усьміхнулася Арцёму. І цяпер ён працуе ў беларускай кампаніі па спэцыяльнасьці. Яе назву сын лідэра АГП не афішуе, каб зноў ня стаць беспрацоўным.

— У мяне няма ніякага жаданьня ісьці ў палітыку, — прызнаўся 26-гадовы хлопец. — Хопіць аднаго палітыка ў сям’і!

Тым ня менш, Арцём ходзіць на мітынгі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. За мяжу зьехаць ніколі не хацеў і магчымасьці не шукаў.

Вымушаная эміграцыя Евы Някляевай

Ева — дачка паэта Ўладзімера Някляева — з канца 90-х жыве ў Фінляндыі.

— Яна вымушана была зьехаць з краіны, — распавёў лідэр кампаніі «Гавары праўду!» карэспандэнту «Салідарнасці».

Па словах Уладзімера Някляева, за дачкой палявалі людзі ў цывільным, і яна перабралася ў Фінляндыю, дзе ў той час жыў бацька. Ева выйшла замуж за беларуса і нарадзіла сына Станіслава.

Уладзімер Някляеў ганарыцца дачкой:

— Ева — мэнэджэр культуралягічных праектаў. Нядаўна фінскі ўрад узнагародзіў яе прэміяй за ўнёсак у разьвіцьцё тэатральнага мастацтва.

Дочкі Сідорскага

Былы прэм’ер-міністар, а цяпер член калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі — шчасьлівы бацька дзьвюх дарослых дачок.

Старэйшая Алена атрымала дзьве вышэйшыя адукацыі: у Гомельскім дзяржунівэрсытэце і БДЭУ. Прычым другі раз студэнткай стала, ужо нарадзіўшы дзіця, што не перашкодзіла ёй абараніцца на «выдатна».

Як распавяла «Cалідарнасьці» жонка Сяргея Сідорскага Людміла, калі дачка зразумела, што мовы павінен ведаць кожны чалавек, які паважае сябе, яна вырашыла атрымаць другую адукацыю.

— Калі мы з мужам вучыліся, у пашане інжынэры былі. Да нас былі ў модзе вайскоўцы, артысты, юрысты, — успамінае Людміла Сідорская.

Іх малодшая дачка Аксана скончыла БДУ.

— Падчас вучобы дачка па паўдня працавала ў кампаніі-апэратары мабільнай сувязі. Потым ўладкавалася ў банк, — працягвае Людзьміла Сідорская. — Пазьней сышла ў культурны цэнтар. Цяпер Аксана ў дэкрэтным адпачынку. Думаю, што будзе шукаць іншую працу. Магчыма, сыдзе ў рэкляму.

Аляксея Ярмошына можна сустрэць у судзе

Некалькі гадоў таму ў інтэрвію «Вячэрняму Менску» старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прызналася: «Мая сям’я — гэта мой сын Аляксей».

Тады кіраўнік ЦВК наракала, што сын, разьмяняўшы чацьвёрты дзясятак, усё ніяк не ажэніцца.



— Думаю, яму проста вельмі камфортна існаваць у маім ценю. Па сутнасьці, сыну ўжо час... Хоць мне абсалютна ўсё роўна, — гаворыць адкрыта Лідзія Міхайлаўна.

Зараз сыну Ярмошынай 35 гадоў. Нядаўна ён зьмяніў месца працы. Пайшоў зь Менскай гарадзкой пракуратуры ў калегію адвакатаў. Пра гэта распавялі «Салідарнасьці» аднакурсьнікі Ярмошына.

Цікава, што зьяўленне Аляксея ў адвакатуры практычна супала з пазбаўленьнем ліцэнзіі адваката Ўладзімера Някляева Тамары Сідарэнка і яе змушаным сыходам з прафэсіі.

Надзея Ермакова выхоўвала дзяцей адна

Кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова некалькі гадоў таму ў інтэрвію «Комсомольской правде в Белоруссии» сказала:

— Маё асабістае жыцьцё сёньня — дочкі, зяць і ўнук Мікіта.

Ермакова двойчы была замужам. Абодва яе мужы былі прыгожыя, але сем’і разбурыліся з-за іх праблем з алькаголем.

Дачцэ Наташы было чатыры гады, калі Надзея Ермакова разьвіталася зь першым мужам.

— Я зразумела, што далей так нельга. Пекла не лепшае месца для дзіцяці, і нельга дазваляць сябе прыніжаць.

Другі шлюб распаўся, калі сям’я пераехала ў Менск. Муж Надзеі Ермаковай — малады пэнсіянэр МУС — не знайшоў сябе ў сталіцы і пачаў піць. Пасьля сьлёз і ўгавораў Надзея дамовілася з ранейшай сям’ёй, што яго прымуць назад. Неўзабаве ён памёр.

Вядома, што дачок — Натальлю і Юлію — Ермакова выхоўвала адна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG