Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Літве самыя турысты


У 2011 годзе Беларусь выйшла на першае месца па ліку наведвальнікаў Літоўскай Рэспублікі, значна апярэдзіўшы Нямеччыну, Польшчу, Расею і Латвію.

Кожны пяты турыст ў Літве ў мінулым годзе быў беларусам. Усяго ў 2011 годзе Літву наведалі 368 тысяч турыстаў зь Беларусі — на 26% больш, чым у 2010 годзе. Гэта 21% ад усіх замежных турыстаў, што наведвалі Літву. У сярэднім беларускі турыст праводзе ў Літве 3,5 сутак. Такія лічбы прывяла на прэсавай канфэрэнцыі ў Амбасадзе Літвы ў Менску дырэктар Дзяржаўнага дэпартамэнту па турызме Літвы Раймонда Балнене.

Цікава, што бальшыня беларускіх турыстаў наведвае Літву самастойна, не звяртаючыся да паслугаў турыстычных кампаній. Вельмі важнай крыніцай інфармацыі зьяўляецца інтэрнэт. Каб прывабіць турыста, трэба патраціць грошы на маркетынг, інфармацыю, прэзэнтацыі, кажа Раймонда Балнене. Таму Дэпартамэнт зараз прадстаўляе новы брадукт — сіці-брэйк. Найбольшай папулярнасцю ў беларусаў карыстаецца сталіца Вільнюс. 40% беларускіх турыстаў прыязджалі ў Літву да сяброў і родных, 29% усіх паездак былі дзелавымі.

У 2011 годзе беларусам было выдадзена 150 тысяч літоўскіх віз, што на 40% больш, чым у 2010-м. 40% выдадзеных у мінулым годзе віз былі шматразовымі. Да таго ж, у Літву прыяжджаюць беларусы, якія маюць візы, выдадзеныя амбасадамі Польшчы, Нямеччыны, іншых краінаў шэнгенскай зоны. Асабнай статыстыкі, колькі выдадзена менавіта турыстычных візаў, не вядзецца, паведаміў консул Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Таўрас Паяўіс.

Дырэктар дэпартамэнту турызму Літвы Раймонда Балнене распавяла, што асноўнымі напрамкамі турызму ў Літве ў 2011 годзе былі сіці-брэйкі, культурны турызм, канфэрэнц-турызм, актыўны турызм, аздараўленчы турызм і СПА. Аматараў культурнага турызму часцей за ўсё вабяць Вільня, Трокі, Коўна, Клайпеда. Для аздараўлення беларусы выбіраюць курорты Друзгенікі, Палангу, Нерынгу, Бірштонас і іншыя. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў Літве істотна разьвіваецца аграрызм, экатурызм. Зараз актыўна працуюць і прымаюць гасьцей 650 сядзібаў агратурызму. У Літве ёсьць шмат магчымасцяў для актыўнага турызму: заняткаў гольфам, верхавой яздой, водным турызмам, назіраньнем за птушкамі, рыбалкай, палётамі на паветраным шары, у многіх гарадах пабудаваныя аквапаркі і горналыжныя трасы.

2012 год у Літве абвешчаны Годам культурнага турызму. У Літве працуюць усясьветна вядомыя тэатральныя рэжысэры Эймунтас Някрошус, Оскарас Каршуновас, Яна Рос, Рімас Туімінас. У трэція выхадныя траўня ва ўсіх гарадах Літвы будуць праводзіцца Дні вулічнай музыкі, у чэрвені-жніўні — Фэстываль усясьветнай музыкі. У першыя выходныя жніўня ў Клайпедзе пройдзе традыйцыйнае, 53-е Сьвята мора.

Але ёсьць два чыньнікі, якія крыху перашкаджаюць яшчэ больш актыўнаму разьвіцьцю турызму ў суседнюю краіну: дарагоўля візаў (для беларусаў віза ў краіны шэнгенскай зоны каштуе 60 эўра, у той час як для расейцаў і ўкраінцаў — 35 эўра), і чэргі аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG