Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС РФ заклікае расейцаў ня езьдзіць у Грузію


Міністэрства замежных спраў Расеі рэкамэндуе грамадзянам краіны ўстрымлівацца ад паездак у Грузію.

«Спэцслужбы Грузіі працягваюць сыстэматычна адлоўліваць і рэпрэсаваць расейцаў, якія прыяжджаюць у краіну», – гаворыцца ў апублікаваным сёньня паведамленьні МЗС. Гаворка ідзе пра ўжываньне дзейнага ў Грузіі з 2008 году – пасьля ўзброенага канфлікту з Расеяй – закону «Аб акупаваных тэрыторыях».

У адпаведнасьці зь ім, наведваньне самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі без дазволу Тбілісі зьяўляецца парушэньнем грузінскага заканадаўства і караецца штрафам, альбо зьняволеньнем на тэрмін да чатырох гадоў.

Днямі стала вядома, што затрыманы ў Грузіі ў лютым 2012 году за наведваньне Абхазіі жыхар Падмаскоўя Канстанцін Радзівонаў можа вярнуцца ў Расею – пасьля выплаты штрафу. І гэта не адзіны падобны выпадак затрыманьня расейцаў у Грузіі, падкрэсьліваюць у МЗС.

Расея прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў 2008 годзе, пасьля канфлікту з Грузіяй. Пераважная большасьць краін сьвету не прызнаюць гэтыя рэспублікі ў якасьці сувэрэнных дзяржаў.
XS
SM
MD
LG