Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абсякае беларускага амбасадара


Уладзімер Дражын, пасол Беларусі ў Літве

Уладзімер Дражын, пасол Беларусі ў Літве

«Выказваньні беларускага амбасадара Ўладзімера Дражына аб тым, што Літва можа пацярпець ад санкцый, уведзеных ЭЗ у адносінах да Беларусі, зьяўляюцца тэндэнцыйнымі і некарэктнымі.»

Пра гэта паведамляе ў камэнтары DELFI МЗС Літвы.

«МЗС хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што заявы амбасадара Беларусі зьяўляюцца тэндэнцыйнымі і не адлюстроўваюць рэальнай сытуацыі, а выказваньні пра літоўскіх палітыкаў ацэньваюцца як некарэктныя і непрыстойныя для дыплямата», — заявіў прадстаўнік МЗС Літвы Міндаўг Лашас.

Напярэдадні ў гутарцы з журналістамі амбасадар Беларусі ў Вільні Ўладзімер Дражын папярэдзіў, што Літва, падтрымліваючы санкцыі Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі, рызыкуе пазбавіцца транзыту беларускіх грузаў праз порт Клайпэда, і страты могуць скласьці мільёны літаў.

«Калі палітыкі ня ўмешваюцца і ня блытаюцца пад нагамі, то гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларусьсю і Літвой будуць толькі расці, а Клайпэда стане асноўным портам для Беларусі», — дадаў Дражын. Ён адзначыў, што большасць літоўскіх кампаній не ўхваляюць эканамічныя санкцыі.

Прадстаўнік МЗС Літвы Міндаўг Лашас зьвярнуў увагу на тое, што ЭЗ ня ўводзіў санкцый у дачыненьні да сэктараў эканомікі Беларусі, а «былі ўведзеныя кропкавыя абмежавальныя меры, якія ў дадзены момант прымяняюцца да фізычных і юрыдычных асобаў, асабіста датычных да пагаршэньня сытуацыі з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі.»

«Будучыня адносін ЭЗ і Беларусі залежыць ад паводзінаў Менску,» — падсумаваў Лашас.
XS
SM
MD
LG