Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ шукае падставы, каб папоўніць сьпіс невыязных


Афіцыйныя прафсаюзы прыгразілі падаць у суд на тых, хто, на іх думку, наладзіў «траўлю работнікаў», якія падалі пазовы супраць апазыцыянэраў за заклікі да санкцыяў. ФПБ гатовая адстойваць гонар і годнасьць сваіх сябраў і арганізацыі ў цэлым у судах. Каго абвінавачвае ФПБ?

Паводле Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на розных інтэрнэт-сайтах, у прэсе зьяўляюцца камэнтары «зьневажальнага характару» адносна сябраў ФПБ Марыны Цыбліенкі, якая падала ў суд на Віктара Івашкевіча, і Аляксея Емяльянчыка, які падаў у суд на экс-кандыдата ў прэзыдэнты, былога палітвязьня Дзьмітрыя Вуса. Цяпер ФПБ пагражае судом за абразу гонару і годнасьці намесьніку старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандру Бухвоставу, кіраўніку незалежных прафсаюзаў «Граніта» Алегу Стахаевічу, старшыні пярвічнай арганізацыі Беларускіх незалежных прафсаюзаў Мазырскага НПЗ Юрыю Швецу і старшыні БКДП Аляксандру Ярашуку. У інтэрвію «Свабодзе» Аляксандар Бухвостаў адзначыў, што кіраўніцтва ФПБ распачало прапагандысцкую кампанію ў абарону рэжыму ў Беларусі.

Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў
«То бок які рабочы стане пісаць гэтыя заявы? Гэта рабочага прымусілі, запужалі, угаварылі. Выкарысталі тое, што яны не разумеюць, што рабіць. Гэта такі прафсаюзны маразм, бездапаможнасьць у вырашэньні праблемаў, якія стаяць перад прафсаюзамі з пункту гледжаньня абароны працоўных. Вось, напрыклад, узровень жыцьця ўпаў. Што Фэдэрацыя зрабіла? Нічога. Наагул, уся віна за ўсё гэта кладзецца на Козіка, на Фэдэрацыю. Бо прафсаюзы павінны былі абараняць не рэжым, а рабочых „Граніта“. Тады б гэта былі прафсаюзы. А калі яны абараняюць рэжым, які цісьне рабочых, то чаго ад іх можна чакаць?»

Юрый Швец сказаў, што нікога не цкуе, а выказвае сваю пазыцыю. Таксама ён лічыць, што ФПБ і яе сябры «ўносяць вялікае замяшаньне на Мазырскім НПЗ».

«Гэта ўсё рабілася наўмысна. Я сёньня заходзіў да аднаго з кіраўнікоў прадпрыемства і выказаў сваю пазыцыю. Чаму кіраўніцтва заводу дазваляе на тэрыторыі заводу праводзіць канфэрэнцыі прадстаўнікам ФПБ і даводзіць заведама хлусьлівую інфармацыю пра тое, што санкцыі нібыта паўплываюць на наша прадпрыемства? Кіраўніцтва заводу гэтага не пацьвярджае. Мне гэтую жанчыну і шкада. Яна, відаць, і не разумее, што адбылося. Цяпер, выходзіць, усе гэтыя прафсаюзныя дзеячы ўбаку. А яна судзіцца. І цяпер яны спрабуюць мяне ўцягнуць у гэтыя разборкі, бойкі, калатнечу. Мне рабіць больш няма чаго, як Цыбліенку зьневажаць. Я яе пасьля таго, як яна напісала, і ў вочы ня бачыў».

Алег Стахаевіч адзначае, што ўлады ня толькі паставілі мэту занесьці яго ў сьпіс невыязных, але і наагул «прыбіць на месцы»:

Алег Стахаевіч
Алег Стахаевіч
«Цыбліенку я асуджаў, яна па ўказцы адміністрацыі гэта рабіла. Канечне, будзем асуджаць такіх людзей. Насамрэч улада ўвяла нас у галечу, крызіс. Няхай падасьць пазоў на саму ўладу, на ўрад, які зрабіў нас жабракамі».

Аляксандар Ярашук адзначае, што афіцыйныя прафсаюзы цяпер шукаюць падставы, каб абвясьціць невыязнымі яго і іншых актывістаў незалежных прафсаюзаў. Дарэчы, дзякуючы пазовам Цыбліенкі і Емяльянчыка ўжо сталі невыязнымі палітыкі Віктар Івашкевіч і Дзьмітрый Вус. Спадар Івашкевіч распавёў, што наведаў суд Савецкага раёну Менску, каб высьветліць лёс пазову Цыбліенкі.

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
«Там ёсьць пастанова судзьдзі, што яна зьвярнулася 30 сакавіка ў Міністэрства юстыцыі, каб мяне не пускалі празь мяжу. Мне сказалі, што нейкай падпіскі аб нявыезьдзе ад мяне не патрабуецца. Суд пакуль нават не разгледзеў пытаньне, ці ў прынцыпе я вінаваты. І прымаць да мяне нейкія абмежавальныя, карныя меры, як да падазраванага, яны ня маюць права. Да таго ж я маю права абскардзіць гэта цягам 10-ці дзён. Яны сьвядома не давялі да мяне гэтую паперу, каб я не пасьпеў яе абскардзіць. Такія вось дробныя гульні рэжыму».

11 красавіка стала вядомае імя васямнаццатага фігуранта сьпісу невыязных — каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава, якога зьнялі зь цягніка ў Вільню. Улады пакуль не патлумачылі прычынаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG