Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіраўніка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Аляксея Пікуліка 6 красавіка забралі пашпарт і iPad. І праз шэсьць дзён сканфіскаваныя рэчы і дакумэнты не былі вернутыя. Мы папрасілі Аляксея Пікуліка пракамэнтаваць гэтую сытуацыю.

РС: Аляксей, на ваш погляд, чаму ў вас канфіскавалі пашпарт? Хіба ж Вы ня больш рашуча, чым хто б то ні было, выступалі супраць санкцый адносна Беларусі?

Пікулік: Ня ведаю. Гэта чарговая правакацыя. Я ня надта разумею, чаму, за што, зь якой мэтай. Відавочна, што перашкодзілі паехаць на глябальны форум па пытаньнях бясьпекі, які пачынаецца сёньня ў Браціславе.

РС: А вы спрабавалі даведацца праз афіцыйныя і неафіцыйныя каналы, у чым прычына канфіскацыі?

Пікулік: Усе мае каналы — гэта прыйсьці ў міліцыю і даведацца, што адбываецца з маім пашпартам. Мяне адфутбольвалі, казалі, што супрацоўнікі, якія займаюцца гэтай справай, ці выходныя, ці занятыя, ці на адказным заданьні. Адзінае, што цяпер застаецца, гэта пісаць афіцыйныя запыты.

РС: А ці заведзеная крымінальная справа з нагоды ці то бойкі з вашым удзелам, ці то падробкі вамі дакумэнтаў?

Пікулік: Наколькі я ведаю, ніякай крымінальнай справы на мяне не заводзілі і тое, што цяпер адбываецца, робіцца ў межах так званых апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Мяркую, што пашпарт яны будуць трымаць столькі, колькі ім захочацца мяне трымаць.

РС: А пра што з вамі размаўлялі ў міліцыі 8 гадзін 6 красавіка?

Пікулік: Першыя 3 гадзіны мяне апытвалі, дзе я быў і ці біўся я з кім-небудзь. Зразумела, я ня біўся. Пасьля гэтага мне паказалі рапарт, у якім адзін з супрацоўнікаў міліцыі выказаў сумнеў у сапраўднасьці маіх дакумэнтаў. У мяне забралі пашпарт і кампутар. А другі раз мяне затрымалі на трасе па падазрэньні ў тым, што у мяне могуць быць падробленыя дакумэнты. Зразумела, ніякіх такіх дакумэнтаў не знайшлі і адпусьцілі, пратрымаўшы 5 гадзінаў.

РС: Пасьля таго, што з вамі адбылося — вы не зьмянілі свае погляды адносна санкцый і палітыкі дыялёгу зь беларускай уладай?

Пікулік: Зразумела, не зьмяніў. Мае погляды базуюцца на аналізе, на дасьледаваньні, якія мы праводзім. І ніякі ціск на мяне не пацягне зьмены нашай пазыцыі. Мы не займаемся палітыкай, наша пазыцыя базуецца на сумаваньні ведаў, а не на нейкай палітычнай пазыцыі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG