Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерны ажыятаж у краінах былога СССР


Будаўніцтва Калінінскай АЭС, Расея

Будаўніцтва Калінінскай АЭС, Расея

Аварыя на фукусімской АЭС не адбіла ў былых савецкіх рэспублік ахвоты абзавесьціся атамнай энэргетыкай, піша Le Temps.

У адрозьненьне ад Нямеччыны, якая вырашыла назаўсёды выйсьці зь ядзернага клюбу, Беларусь пачала будаўніцтва сваёй першай АЭС, а Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком МАГАТЭ заявіў аб намеры Менску пабудаваць і другую атамную электрастанцыю. Як і варта было чакаць, Менск зьвярнуўся па тэхналёгіі і фінансаваньне праекту да свайго вялікага расейскага суседа, нагадвае Le Temps.

Не адстае і суседняя Ўкраіна. 26 красавіка з двухгадовым спазьненьнем пачынаюцца працы па мантажы 2-га саркафага вакол зруйнаванага рэактара Чарнобыльскай АЭС, а Кіеў ужо заяўляе пра намер будаваць новыя рэактары, хоць 66,3% украінцаў, паводле сацыялягічнага апытаньня, лічаць, што іх краіна павінна адмовіцца ад будаўніцтва новых АЭС, піша газэта.

У Казахстане, які ў савецкія часы зьведаў на сабе разбуральныя наступствы ядзерных выпрабаваньняў, зноў зьяўляецца цікавасьць да атамнай энэргетыкі: вырабляючы 20 тыс. тон урану на год, цяжка ўстрымацца ад спакусы, адзначае Le Temps. Казахстан, якому належыць 35% сусьветнага рынку ў гэтай галіне, ужо ёсьць неад’емным гульцом атамнай індустрыі. Зьяўляючыся буйным вытворцам нафты, Астана марыць пабудаваць АЭС як для папаўненьня нацыянальнага дэфіцыту вытворчасьці электраэнэргіі, так і для павелічэньня экспарту нафты, якая сёньня выкарыстоўваецца як паліва для электрастанцый.

У сваю чаргу, Масква нястомна працуе над тым, каб мадэрнізаваць свае тэхналёгіі, пераканаць патэнцыйных кліентаў у іх бясьпецы і прадаваць свае АЭС за мяжой. На сёньняшні дзень адзіным непасрэдным вынікам фукусімскай катастрофы стаў канец стратэгічнага альянсу «Расатаму» з Siemens, які на загад Бэрліну цалкам спыніў дзейнасьць у атамнай індустрыі. «Расатам» спрабуе скарыстацца такім паваротам падзей, ведучы «паляваньне» на пакінутых нямецкімі кампаніямі тэрыторыях, — піша газэта. — Два тыдні таму расійская і брытанская прэса пісала пра пляны «Расатаму» купіць долю ў брытанскім праекце Horizon, якая раней належала нямецкім кампаніям RWE і E. ON. Гаворка ідзе пра дзьве новыя АЭС агульным коштам 24.000.000.000 даляраў і магутнасьцю 6000 мэгават. Зьяўленьне на брытанскай тэрыторыі стала б сапраўдным дасягненьнем для «Расатаму», які сёньня будуе станцыі ў больш палітычна блізкіх Расеі краінах накшталт Кітаю, Індыі, Віетнаму, Турцыі, Банглядэшу і, зразумела, былых сатэлітаў СССР ", - падсумоўвае выданьне.
XS
SM
MD
LG