Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура і міліцыя накіроўваюць скаргі Стэфановіча ў Мінабароны


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Усьлед за Генэральнай пракуратурай, якая накіравала скаргу намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча ў Міністэрства абароны, гэтак жа зрабіла і міліцыя Партызанскага раёну Менску.

11 сакавіка Стэфановіч ня змог выехаць зь Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» супрацоўнікі памежнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выезьдзе.

Падставай для абмежаваньня было названае ўхіленьне ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу.

Праваабаронца на 12 гадоў старэйшы за максымальны прызыўны ўзрост і ўжо праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 1990-92 гадах, адзначае Правабарончы цэнтар «Вясна».

Стэфановіч зьвярнуўся па тлумачэньні ў Партызанскі райваенкамат Менску. Там яму паведамілі, што райваенкаматам ніякіх рашэньняў наконт абмежаваньня права выезду зь Беларусі не прымалася.

Аднак начальнік упраўленьня міліцыі Партызанскага РУУС Парашчук пісьмова адказаў праваабаронцу, што «зьвесткі пра грамадзянаў, у адносінах да якіх прыняты рашэньні пра часовыя абмежаваньні іх права на выезд з Рэспублікі Беларусь у сувязі з ухіленьнем ад зьяўленьня на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу заносяцца ў банк дадзеных ваеннымі камісарыятамі».

Таму, маўляў, супрацоўнікі міліцыі ня маюць ніякага дачыненьня да ўнясеньня прозьвішча Стэфановіча ў банк дадзеных.

Заяву праваабаронцы перанакіравалі для разгляду ў Міністэрства абароны.

21 сакавіка Стэфановіч падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Яе мусяць разгледзець на працягу аднаго месяца.

11 красавіка Валянцін Стэфановіч патэлефанаваў у канцылярыю суду, каб даведацца пра дату разгляду скаргі. Аднак яму паведамілі, што час суду яшчэ не прызначылі, а справу будзе разглядаць судзьдзя Алена Сямак.


Выезд зь Беларусі забаронены:

палітыкам — Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку, Валеру Ўхналёву, Станіславу Шушкевічу, Вінцуку Вячорку, Віктару Івашкевічу, Аляксадру Атррошчанкаву;

праваабаронцам — Валянціну Стэфановічу, Андрэю Бандарэнку, Гары Паганяйлу, Алегу Гулаку;

журналістам — Андрэю Дынько, Жане Літвіной, Міхаілу Янчуку.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG