Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэтэктыўная, любоўная і палітычная сюжэтныя лініі пераплеценыя ў рамане нямецкага пісьменьніка Марціна фон Арнта (Martin von Arndt), дзеяньне якога адбываецца ў сучаснай Беларусі, паведамляе сайт Deutsche Welle (Нямецкай Хвалі).

Галіны генэалягічнага дрэва сям'і Васіля настолькі пераплеценыя, што разабрацца ў ёй можна толькі з дапамогай адмысловай схемы. Ня менш заблытаныя і сэксуальныя сувязі прадстаўнікоў сямейства. Дзед Васіля Іштван замыкаецца ў прыбіральні з дачкой-падлеткам, якая, пасталеўшы, шантажом дамагаецца блізкасьці свайго пляменьніка, раўнуючы яго да ўласнай сястры. Увогуле, распуста па поўнай праграме...

Вугорац-камуніст Іштван па волі лёсу заснаваў сям'ю ў беларускім мястэчку пад Горадняй, жыхары якога называюць сябе ў рамане проста «тутэйшыя». Мясцовыя мужыкі па вечарах п'юць «упокат», а жанчыны гуляюць у падкіднога дурня. Гэтае жыцьцё і спрытна закручаны сямейны сюжэт Марцін фон Арнт уплятае ў палітычны кантэкст.

Пра зьмены, якія адбываюцца ў краіне, чытач даведваецца праз прызму ўспрыманьня галоўнага героя Васіля, ад чыйго імя вядзецца апавяданьне. Напрыклад, калі той заўважае, што ў школе ім больш ня трэба пісаць лісты сябрам з братэрскіх сацыялістычных краін, мы разумеем: гэтыя краіны перасталі існаваць.

Герой нашага часу


Васіль нарадзіўся ў 1974 годзе ў напаўсонным райцэнтры Заходняй Беларусі. Родную мову вучыў як замежную. Начытаны, але ўнівэрсытэтаў не канчаў, хоць пачынаў вучыцца ў Менску і Будапэшце. «Плянаў няма, так, няпэўныя мэты», – кажа ён пасьля заканчэньня школы. Васіль не сымпатызуе ніводнай з палітычных сілаў. Ён жартуе з прэзыдэнта, «які па волі Госпада ўзяў усё найгоршае з сацыялізму і капіталізму, добранька перамяшаў і назваў гэта Беларусьсю».

У той жа час ён скептычна ставіцца да заходняй дэмакратыі, да прынцыпу «ўсё ўключана». «У гэтай скрыначцы з грамадзянскімі правамі, перавязанай падарункавай стужкай, знаходзіцца порцыя капіталістычнага лайна, таму ад яе сьмярдзіць», – кажа Васіль, спрачаючыся са сваім сябрам-апазыцыянэрам Станіславам.

Станіслаў залучае Васіля да «страчанага пакаленьня», што згубілася сярод музычных каналаў і тэлесэрыялаў, гіпэрмаркетаў і рэстаранаў хуткага харчаваньня. «Ты, Вася, як і ўсе тут, сканцэнтраваны выключна на сваім асабістым жыцьці», – папракае яго Станіслаў.

Са словаў аўтара рамана, Васіль – не тыпова беларускі пэрсанаж. «Гэтая жыцьцёвая стомленасьць уласьцівая многім маладым людзям, якіх я сустракаў за апошнія 20 гадоў у розных краінах Усходняй Эўропы», – кажа 43-гадовы пісьменьнік. Бацькі Марціна фон Арнта родам з Вугоршчыны. Таму яму блізкая ўсходнеэўрапейская мэнтальнасьць.

Менскія будні


У Беларусі фон Арнт упершыню пабываў на пачатку дзевяностых, прыехаўшы на канцэрт са сваёй музычнай групай. Ён быў уражаны атмасфэрай эўфарыі, што панавала ў краіне, якая толькі што стала незалежнай. Другі раз ён прыехаў сюды ў 2008 годзе і, як прызнаецца, не пазнаў краіну. «Вонкава Менск моцна наблізіўся да Захаду. Аднак у пляне каштоўнасьцяў Беларусь цяпер знаходзіцца далей ад Заходняй Эўропы, чым на пачатку дзевяностых», – кажа фон Арнт.

Аўтар пражыў у Менску некалькі месяцаў. Яму важна было ўвабраць атмасфэру. Ён падоўгу размаўляў з апазыцыянэрамі. Наладзіць кантакт дапамагла дзяўчына пісьменьніка, якая валодае расейскай і беларускай мовамі. Пагружацца ў менскія будні нямецкаму аўтару не заўсёды было лёгка. «Аднойчы я сядзеў у інтэрнэт-кавярні і чытаў кнігу. Раптам да мяне падсаджваецца малады чалавек, называе па-нямецку маё імя, адрас і дату прыезду ў Беларусь. Затым устае і сыходзіць», – успамінае фон Арнт. Ад гэтай сустрэчы аўтару стала не па сабе.

«Увечары сябры распавялі мне некалькі анэкдотаў пра КДБ, і мне стала лягчэй», – кажа пісьменьнік. Паводле яго слоў, ён яшчэ нідзе не сустракаў такіх душэўных людзей, як у Беларусі. Свой раман фон Арнт плянуе выдаць таксама на расейскай і беларускай мовах.

Сэрца горада


Калі фон Арнт у 2008 годзе прыехаў у Менск, малады апазыцыянэр, які вазіў яго па горадзе, мімаходзь сказаў: «А вось гэта месца, дзе нас пэрыядычна зьбіваюць пасьля выбараў». Гэтая фраза і тая мімалётнасьць, зь якой яна была прамоўленая, настолькі ўрэзалася ў памяць аўтара, што ён вырашаў назваць сваю кнігу «Кастрычніцкая плошча». У адной са сцэн галоўны герой рамана збоку назірае за зьбіцьцём апазыцыянэраў менавіта тут, у «сэрца горада».

«Гэта – палітычны раман, хоць на першы плян і вынесеная гісторыя адной сям'і. Я проста хацеў зрабіць кнігу больш чытэльнай для немцаў», – кажа фон Арнт. Нямецкія крытыкі станоўча адгукаюцца пра «Кастрычніцкую плошчу», хвалячы раман то за ўдалае спалучэньне камічнага і трагічнага, то за дэтэктыўны сюжэт. У беларуса ж пасьля прачытаньня кнігі застаецца горкі асадак: ад падабенства таго, пра што ідзе гаворка ў рамане, зь сёньняшняй рэальнасьцю.
XS
SM
MD
LG