Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхіятрычная экспэртыза як частка прэзыдэнцкай вэртыкалі


Сяргей Каваленка, фота ад 22 лютага

Сяргей Каваленка, фота ад 22 лютага

Судова-псыхіятрычную экспэртызу, якую прызначылі Сяргею Каваленку, ажыцьцяўляе дзяржаўная служба мэдычных судовых экспэртызаў. Яна падпарадкоўваецца непасрэдна генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь. А яе кіраўніка — галоўнага дзяржаўнага судова-мэдычнага экспэрта — прызначае сам прэызыдэнт.

Стацыянарную экспэртызу праводзяць у галоўным ўпраўленьні службы, якое знаходзіцца на тэрыторыі псыхіятрычнай бальніцы «Навінкі». Па словах супрацоўнікаў «Навінак», гэта зусім асобная структура, да якой кіраўніцтва і пэрсанал самой бальніцы ня маюць ніякага дачыненьня. У той жа час у бальніцы ёсьць рэанімацыя і адмысловыя спэцыялісты, якія займаюцца расстройствамі ўжываньня ежы і выводзяць людзей са стану галадоўкі. Аднак Каваленка наўрад ці да іх трапіць — так мяркуе адна з супрацоўніц «Навінак».

Цікавасьць да працэдуры судова-мэдычнай экспэртызы зусім не выпадковая. На экспэртызу ў «Навінкі» ня раз скіроўвалі фігурантаў вельмі «гучных» справаў. Гэтак, у 2006 годзе туды трапіла Кацярына Садоўская, якая была абвінавачаная ў абразе прэзыдэнта. У тым жа годзе там знаходзіўся колішні рабочы лідар Мікалай Разумаў з Воршы. Яго абвінавачвалі ў паклёпе на прэзыдэнта. Быў «пацыентам» гэтай установы і амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, якога затрымалі ў менскім аэрапорце ў 2008 годзе, а пазьней асудзілі за выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў і замах на камэрцыйны шпіянаж.

«Навінкі» фігуравалі і ў сувязі з справай аб менскім тэракце. Увосень мінулага году на псыхіятрычную экспэртызу ў 30-е аддзяленьне «Навінак» быў накіраваны Аляксандар Круты, бацька пацярпелай у тэракце Інэсы Крутой.

Сёньня Аляксандра Крутога этапавалі ў 17-е аддзяленьне «Навінак» на прымусовае лячэньне.

Круты: «Я, па-першае, папярэджваў, што да Каваленкі могуць гэта прымяніць. Што да 30-га адзяленьня, то там палаты па 4 чалавекі, але, хутчэй за ўсё, яго будуць трымаць у ізалятары. У левым крыле — 6 камэра, а ў правым — 21-я. У 30-е аддзяленьне нікога не пускаюць і сувязі зь ім ніякай няма. А ў ізалятар яго — каб ня змог нікому нічога распавесьці. Кавалёва і Канавала трымалі ў гэтых двух ізалятарах. Я калі там быў, гэта разьведаў. Там у камэры адна „шконка“».

Звычайна нельга даведацца, хто знаходзіцца ў будынку галоўнага ўпраўленьня. Накіроўваць туды можа сам сьледчы альбо суд. Ахова і рэжым там — як у СІЗА. Палаты не аднамесцавыя, але тыя, хто там былі, кажуць, што ў параўнаньні зь СІЗА ўмовы лепшыя. Наведваньні па такіх жа правілах, як і для тых, хто сядзіць у СІЗА. Гэтаксама прыходзіць і адвакат. Дарэчы, калі Канавалаў і Кавалёў праходзілі экспэртызу, то адвакаты маглі хадзіць да іх ледзьве ня кожны дзень.

Ларыса Асмалоўская, жонка мастака Віталя Калгіна «Бісмарка», памятае, як хадзіла да мужа, калі ён праходзіў «экспэртызу» у «Навінках». Па яе словах, выглядае аддзяленьне, як у бальніцы. Яна прыходзіла да мужа на спатканьні ў адмысловы пакой. Праз расчыненыя дзьверы відаць палаты і «пацыентаў», якія хадзілі па калідоры. Бачыла там і міліцыянтаў.
Наколькі я ведаю, 30-е аддзяленьне знаходзіцца пад генпракуратурай. Калі адтуль прыйдзе „замова“, то што яны скажуць, тое і экспэртыза паставіць.

Аляксандр Круты: «Сама экспэртыза праходзіць звычайна 28 дзён. Першыя пытаньні: „Імя, імя па-бацьку, артыкул“. Чацьвёртае пытаньне: „У школу хадзілі?“ „Так“. Пасьля гэтага цікавасьць да чалавека хутка губляецца і далей зь ім сустракаюцца толькі ў канцы экспэртызы, калі абвяшчаюць дыягназ. Наколькі я ведаю, 30-е аддзяленьне знаходзіцца пад генпракуратурай. Калі адтуль прыйдзе „замова“, то што яны скажуць, тое і экспэртыза паставіць».

Экспэртыза, на думку Асмалоўскай, праводзіцца «фармальна»: чалавек там проста знаходзіцца і за ім назіраюць, пасьля зьбіраецца камісія, якая выносіць заключэньне. «Яны мне кажуць: як мы можам за два тыдні вывучыць чалавека?! Нават у нашым выпадку атрымаўся нонсэнс. Віталь сябе паводзіў спакойна ўвесь час, і гэта адзначана ў іх апісаньнях. А ў выніку мы ў „строгім рэжыме“. Я спыталася, чаму, а яны кажуць — „мы арыентуемся на артыкул“».

Калгіна, якога абвінавачвалі ў бойцы, у выніку асудзілі да прымусовага лячэньня ў спэцыяльнай установе ў вёсцы Гайцюнішкі. Там утрымліваюцца тыя, хто нібыта ўчыніў злачынства ў стане псыхічнага расстройства. Па словах Асмалоўскай, гэта горш за турму.

Ларыса кажа, што лекі ў «Навінках» не даюць. Робяць «псыхалягічныя» тэсты — кшталту паказваюць малюнкі.

Псыхіятар Ігар Сарокін працаваў судовым псыхіятрам яшчэ за савецкім часам. Тады гэтая служба знаходзілася пад кіраваньнем Міністэрства аховы здароўя. Аднак ён пацьвярджае, што судова-псыхіятрычныя экспэрты кіруюцца ў сваіх высновах матэрыяламі «справы», а таксама тым, што гаворыць сам пацыент. Дактары толькі назіраюць, а пасьля прымаюць рашэньне.

Ігар Сарокін ня можа пракамэнтаваць стан Сяргея Каваленкі і як менавіта можа адбывацца судова-псіхіятрычная экспэртыза чалавека, які выходзіць зь цяжкай галадоўкі. «На пачатку галаданьня ніякіх пытаньняў, я думаю, ня можа выклікаць ягоны стан. Але што цяпер атрымалася, цяжка сказаць. У яго, безумоўна, могуць быць значныя псыхічныя парушэньні з розных прычынаў. І з-за таго, што ён вельмі саслабелы — гэта ўплывае на псыхічныя працэсы. Да таго ж падчас галадоўкі церпяць ныркі. А калі яны пачынаюць кепска выконваць свае функцыі — павялічваецца колькасьць у крыві пэўных рэчываў, што ўплывае на зьмены сьвядомасьці. Цяжка вельмі нешта сказаць. Гэты чалавек у цяжкім стане».
Калі я стала казаць, што ў нас такі несправядлівы выпадак, доктар мне адказаў, што „ў нас такіх несправядлівых выпадкаў процьма“.

Асмалоўская цяпер езьдзіць да мужа ў Гайцюнішкі. З асуджанымі нельга гаварыць пра тое, хто знаходзіцца разам зь ім ва ўстанове. Ведае, што асноўны кантынгент — гэта забойцы, гвалтаўнікі. Ларыса пыталася ў дактароў, каго адпусьцілі праз год пасьля ўтрыманьня — тэлефоннага тэрарыста і чалавека, які быў асуджаны за рабаваньне. «Калі я стала казаць, што ў нас такі несправядлівы выпадак, доктар мне адказаў, што „ў нас такіх несправядлівых выпадкаў процьма“. Нядаўна прывезьлі нейкага дзядулю, які сам ня можа хадзіць, але ў прысудзе напісана, што ён спаліў паўвёскі і пабіў нарад міліцыі. За гэта яму далі доўгі тэрмін».

Аляксандар Круты вельмі прасіў перадаць сваякам Сяргея Каваленкі, каб адгаварылі яго ад галадоўкі: «Галадоўкі гэтыя як правіла нічога не даюць, бо праз гэта нічога немагчыма дамагчымся. Чалавек нічога не дамогся, а да яго былі прымененыя рэпрэсіўныя мэтады. На ім адтрэніравалі купу людзей — можна з чалавекам рабіць як заўгодна жорстка і за гэта нічога ня будзе. Галадоўкі для грамадзтва граюць ролю адмоўную. І чалавек нічога не дамогся, і грамадзтву паказалі, што ён нічога не дамогся, і ў сваякоў нэрвы здалі, падарванае здароўе. Ён можа нават памерці ці стаць інвалідам першай групы. Ныркі адмовяць — ён будзе ляжаць усё жыцьцё, а сваякі вакол будуць бегаць і ня ведаць, што рабіць. А пасьля гэтага чалавека ўсе забудуць. Я таму хачу зьвярнуцца да сваякоў Сяргея Каваленкі, каб яны яго пераканалі — трэба кінуць гэтую галадоўку».

Абскарджваць вынікі судова-псыхіятрычнай экспэртызы можна ў агульным парадку — па Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Але і дактары, і супрацоўнікі судова-сьледчых органаў ананімна кажуць, што наўрад ці ў Беларусі знойдуцца спэцыялісты, якія наважацца аспрэчыць дыягназ, вынесены ў «Навінках».
XS
SM
MD
LG