Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? Частка 2. Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Дагэтуль пералічваліся і аналізаваліся тыя доказы віны Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва з матэрыялаў крымінальнай справы, зь якімі пагадзіўся суд. Але падчас судовага сьледзтва адкрылася шмат момантаў, якія яўна супярэчылі сьледзтву папярэдняму.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

На думку аўтара, частку гэтых супярэчнасьцяў суд ці не заўважыў, ці сьвядома праігнараваў, і ўжо пэўна, як падаецца, суд не зрабіў усяго магчымага, каб праясьніць спрэчныя моманты. Вось жа, надышоў час заняцца гэтымі «недакладнасьцямі», каб разабрацца, якія зь іх выпадковыя, а якія могуць скласьціся ў сыстэму. Дзеля гэтага вернемся ў 15 верасьня 2011 году, калі аб 11-й гадзіне дня ў актавай залі Палацу правасудзьдзя пачаўся працэс над «тэрарыстамі».

З назіраньняў за судовым працэсам.

Абвінавачаныя


Такім чынам, мы прайшлі ўсе кардоны ахоўнікаў і занялі месца ў залі. Глядзім на сцэну, дзе стаіць пустая жалезная клетка. Прыкладна за 5 хвілін да ўваходу судзьдзі канваіры ўводзяць абвінавачаных — нахіленых галавой да сцэны, з заламанымі ўгару рукамі. Спачатку аднаго, потым другога.

Звычайна Ўладзіслаў Кавалёў, як выпрастаецца, адразу глядзіць у залю, шукае позіркам маці ці сястру. Тыя сядзяць у апошнім радзе, побач зь імі супрацоўнік у цывільным. Абмен позіркамі.

Да Кавалёва падыходзіць адвакат Станіслаў Абразей. У іх ёсьць магчымасьць перакінуцца некалькімі словамі. Кожную такую магчымасьць яны імкнуцца выкарыстоўваць напоўніцу, бо сустракацца і размаўляць сам-насам ім не дазваляюць. Пра гэта адвакат Абразей шмат разоў заяўляў на судзе.

Дзьмітрый Канавалаў, калі яго заводзяць у клетку, выпростваецца і спачатку шавеліць плячыма, нібыта абтрасаецца ад пылу. Потым кідае кароткі позірк спадылба ў залю. Магчыма, кагосьці ўсё ж чакае там убачыць, але не падае выгляду.

Калі да яго падыдзе адвакат Дзьмітрый Лепрэтар, на твары Канавалава ўзьнікне прыкмета зацікаўленасьці, але пачнецца суд, і да канца паседжаньня Канавалаў — сама абыякавасьць. За паўтара месяца працэсу ён усьміхнуўся толькі аднаго разу — калі зачытваўся тэкст ягонай SMS-перапіскі са сьведкай Янай Пачыцкай.

Спынюся на гэтым падрабязьней. Паводле матэрыялаў справы, 10 красавіка, ужо ў Менску, Канавалаў праз SMS пачаў дамаўляцца з Пачыцкай пра сустрэчу. Сярод іншага, ён паведаміў дзяўчыне, зь якой да таго быў знаёмы толькі ў інтэрнэце, што прыехаў па справах на 3 дні, наняў кватэру.

«Я дзяўчына прыстойная», — заўважала Пачыцкая, быццам патрабуючы нейкіх гарантыяў бясьпекі. Асьцярога, відаць, была фармальная, бо ў выніку, як паведаміла сьведка ў судзе, яна пагадзілася пайсьці зь незнаёмымі, па сутнасьці, хлопцамі на кватэру, дзе разам яны правялі два дні і дзьве ночы. «Не баісь, я маленькі і худзенькі», — супакоіў тады Канавалаў Пачыцкую SMS-кай.

Магчыма, адказ ёй спадабаўся. Магчыма, пра гэта ведаў і Дзьмітрый, які яўна захаваў нейкія ўспаміны, бо ў судзе стала відавочна, што гэта яго неяк кранула. Ва ўсякім разе, пры зачытваньні гэтага эпізоду ён ўсьміхнуўся. Яшчэ ёсьць варыянт, што справа ня столькі ў сьветлых успамінах, колькі ў двухсэнсоўным гучаньні гэтых словаў тут, на тэрарыстычным працэсе. Вось табе і «маленькі ды худзенькі»...

«Я дзяўчына прыстойная», — заўважала Пачыцкая. «Не баісь, я маленькі і худзенькі», — супакоіў тады Канавалаў Пачыцкую SMS-кай

У любым выпадку гэта быў першы і апошні раз, калі на вуснах Канавалава зьявілася ўсьмешка, хоць і кароткая. Далей Дзьмітрый рабіўся ўсё больш непрыступны і абыякавы. Адзначу, што выраз ягонага твару і пастава ніяк не мяняліся нават тады, калі ў залі гучалі рэчы, супярэчныя сьледзтву.

Гэтак жа спакойна Дзьмітрый Канавалаў сустрэў прысуд — нічым не паказаў свайго хваляваньня, нязгоды ці іншых пачуцьцяў. Адзінае, што я заўважыў — Канавалаў загаварыў пра нешта з канваірам, здаецца, сам задаў пытаньне міліцыянту. Пэўна, што канваір на некалькі сэкундаў затрымаўся насупроць Канавалава. Магчыма, адказваў.

Што да Ўладзіслава Кавалёва, запомнілася, як ён прыклаў палец да вуснаў, калі ў залі пасьля абвяшчэньня прысуду раздаліся крыкі «Ганьба!»

Ці варта верыць прызнаньням?


Паводле Кавалёва, ужо на першым допыце ва Ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, куды яго прывезьлі пасьля арышту, ён чуў крыкі свайго сябра Канавалава, якога, хутчэй за ўсё, білі ці неяк інакш катавалі. «У суседнім кабінэце ці недзе побач». Калі гэта сапраўды так, то ставіцца пад пытаньне нямала рэчаў, якія потым на сьледзтве прызнаюць Канавалаў і Кавалёў. Але наколькі праўдападобная заява Ўладзіслава Кавалёва?

У яе ёсьць як слабыя, так і дастаткова пераканаўчыя моманты. Абвінавачаных разам са сьведкай Янай Пачыцкай прывезьлі ў міліцыю позна ўвечары 12 красавіка. Падчас затрыманьня Канавалаў быў зьбіты супрацоўнікамі «Алмазу» як патэнцыйны тэрарыст.

Памятаеце інтэрвію супрацоўніка, блізкага да сьледзтва, дадзенае карэспандэнту Інтэрфаксу: пры затрыманьні падазронага ў тэрарызьме трэба пакласьці і нэўтралізаваць — а раптам у яго бомба шахіда (сьмяротніка)? Можа і так, гучыць, ва ўсякім разе, пераканаўча. Што Канавалаву і Кавалёву падчас затрыманьня нанесьлі пэўныя цялесныя пашкоджаньні, прызнае сьледзтва, а за ім і суд.

Пасьля расповедаў вязьняў 19 сьнежня пра тое, як зь імі абыходзіліся ў «амэрыканцы», веры тамтэйшым мэдыкам тым больш няма. Як пракуроры правяраюць заявы вязьняў пра гвалт і катаваньні, таксама ўсім вядома

Праўда, чамусьці, калі верыць экспэртызе, якую мы цытавалі, дасталося пры затрыманьні ў асноўным Канавалаву, а Кавалёў атрымаў нязначныя драпіны, пра якія ён на судзе нават не згадаў. Гэта магчыма? Уявіце сабе падзеі пры затрыманьні: грукат, дзьверы выбіваюць, «Алмаз» урываецца ў кватэру, крыкі «Ўсім на падлогу!», «Ляжаць!», «Не варушыцца!»... Але б’юць аднаго, а іншых не чапаюць.

Кавалёў потым згадваў, што калі яго абудзілі — ён спаў пасьля выпіўкі — то ён убачыў у пакоі Канавалава, які сядзеў на кукішках у атачэньні спэцназаўцаў. Карацей, асабіста мне ў надзвычай брутальнае зьбіцьцё падчас затрыманьня верыцца ня надта. Хутчэй, тады дасталося ўсім пароўну і ня лішне моцна. Дый чаго іх было асабліва зьбіваць? Супраціўленьня Канавалаў, а тым больш Кавалёў, які спаў, ці напужаная да сьмерці Пачыцкая не аказвалі. Ну, паклалі іх спачатку на падлогу, маглі некалькі разоў даць ботамі па нырках, каб не варушыліся — навошта яшчэ?

Прычым «алмазаўцы» яўна былі не адны, за імі абавязкова ішлі апэратыўнікі — міліцыянты ці чэкісты, якім ня трэба тлумачыць, што арыштаваных ня варта калечыць, бо іх належыць як мага хутчэй дапытаць, каб у стане псыхалягічнага шоку яны найхутчэй пачалі даваць максымум зьвестак пра злачынства. Гэтак дзейнічаюць опэры з любым арыштаваным, а што ўжо казаць пра «тэрарыстаў».

Такім чынам, прапаную вэрсію дзяржаўнага абвінаваўцы Аляксея Стука і «невядомага інтэрвіюера са спэцслужбаў» пра моцнае зьбіцьцё Канавалава падчас арышту адкінуць як непраўдападобную. Хутчэй за ўсё, Канавалава зьбілі не «алмазаўцы», а менавіта опэры, і гэта было ўжо пасьля таго, як затрыманых прывезьлі ў міліцыю.

Пазьней на сьледзтве Канавалаў заявіць, што яго ня проста зьбівалі, а рабілі яму «ластаўку» — клалі на крэсла з заламанымі назад і зьвязанымі рукамі і нагамі. Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук гэта абвяргаў і нават пераканаў суд, што такое немагчыма: маўляў, засталіся б характэрныя сьляды на руках, якіх у Канавалава не было. Спадар Стук спасылаўся на адмысловую пракурорскую праверку, якую правялі пасьля заяваў Канавалава пра катаваньні. Але гучыць гэта непераканаўча, бо мэдыкі СІЗА КДБ падчас агляду Канавалава маглі проста не адзначыць тыя пашкоджаньні на ягоным целе, якія яўна сьведчылі пра катаваньні.

Пасьля расповедаў вязьняў 19 сьнежня пра тое, як зь імі абыходзіліся ў «амэрыканцы», веры тамтэйшым мэдыкам тым больш няма. Як пракуроры правяраюць заявы вязьняў пра гвалт і катаваньні, таксама ўсім вядома. Ва ўсякім разе, пакуль няма падстаў верыць, што вынік такой праверкі мог быць не на карысьць сьледзтва.

Такім чынам, Кавалёў, хутчэй за ўсё, казаў праўду пра крыкі Канавалава і пра тое, што гэта на яго вельмі моцна паўзьдзейнічала і падштурхнула даваць прызнальныя паказаньні. «Забаяўся расстрэлу. Мне сказалі, што ў лепшым выпадку дадуць 25 гадоў, а так лоб зялёнкай намажуць і...»

Верагодна, яшчэ па дарозе ў міліцыю опэры беспамылкова вызначылі, хто сярод затрыманых асноўны «тэрарыст», а хто на другасных ролях. Першага пачалі дапытваць «з прыстрасьцем», другога дастаткова было «ўзяць на пушку», і неўзабаве абодва прызналіся. Гэтая выснова асабіста для мяне стала першым сур’ёзным ударам па веры ў праўдзівасьць паказаньняў абвінавачаных на сьледзтве. Першым, але не апошнім.

Вось красамоўны прыклад. 29 красавіка Ўладзіслаў Кавалёў паведаміў сьледчым, што Дзьмітрый Канавалаў плянаваў узарваць у мэтро бомбу, схаваную ў корпусе вогнетушыцеля. Паводле Кавалёва, менавіта дзеля гэтага Канавалаў прывёз з войска скрадзены ў частцы вогнетушыцель, які знайшлі ў ягоным падвале. Далей, паводле пратаколу допыту, Канавалаў падзяліўся зь сябрам ведамі пра асаблівасьці выбухаў у замкнёнай прасторы, у прыватнасьці — у вагоне мэтро.

Забаяўся расстрэлу. Мне сказалі, што ў лепшым выпадку дадуць 25 гадоў, а так лоб зялёнкай намажуць і...
З паказаньяў Уладзіслава Кавалёва

Што ад такіх выбухаў людзі атрымліваюць ня толькі звычайныя, але і гэтак званыя баратраўмы. Калі ад вялікага перападу атмасфэрнага ціску лопаюцца барабанныя перапонкі, вылазяць вочы ды здараюцца іншыя жудасныя рэчы. У выніку церпяць людзі ня толькі побач з выбухам, але і на значнай адлегласьці.

Увогуле шчырасьць Кавалёва на гэтым допыце і ягоная дасьведчанасьць наконт плянаў Канавалава можа зьдзівіць: ствараецца ўражаньне, што ён сьвядома па цаглінцы вымуроўваў пэўны вобраз Канавалава. Спачатку пасьля эпізоду 2011 году Кавалёў згадаў выбухі 2005-га ў Віцебску, што Канавалаў нібыта быў незадаволены малой колькасьцю пацярпелых пасьля першага выбуху. Потым вярнуўся да выбуху 2008 году ў Менску. Маўляў, Канавалаў плянаваў узарваць другую бомбу неўзабаве пасьля першай, калі сярод людзей на праспэкце Пераможцаў узьнікне паніка, каб было больш ахвяраў. (Заўважу, што гэта ўвогуле дзіўная заява, бо яна супярэчыць усім ранейшым паказаньням — паводле якіх Канавалаў, калі не ўзарвалася першая бомба, пайшоў дамоў па другі зарад, вярнуўся ў натоўп і заклаў другую бомбу, якая ўрэшце выбухнула).

Але і на гэтым Кавалёў не спыніўся. Вось яшчэ цытаты зь ягоных паказаньняў сьледчым: «...яму заўсёды падабаліся выбухі», «...расказваючы пра выбухі, ён узбуджаўся, размахваў рукамі», «...быў нязгодны з тым, што справу па выбуху 2008 году завялі паводле артыкула аб хуліганстве, а не тэрарызьме», і нарэшце «...казаў, што ў турму не зьбіраецца, лепш скончыць жыцьцё самагубствам».

Як вам такія паказаньні? Хіба гэта не завершаны псыхалягічны партрэт чалавека, які мае маніякальную схільнасьць да арганізацыі выбухаў, якому галоўнае — забіць як мага больш, а зь якой мэтай, ня мае асаблівага значэньня? І якога, дарэчы, не хвалюе і свой асабісты лёс. Канавалаў, якім яго намаляваў на гэтым допыце Кавалёў, у рэшце рэшт аказаўся цалкам падобны да таго Канавалава, якога людзі ўбачылі ў судзе: халаднакроўнага і абыякавага да ўсіх вакол, нават да блізкіх сваякоў, нават да самога сябе.

Заўважу, што гэткі вобраз падтрымліваўся і пасьля суду — зьвесткамі пра тое, што Канавалаў так і не падаў прашэньня аб памілаваньні, не рэагаваў на напаміны, што яшчэ ня позна скарыстаць такую магчымасьць. Між тым распаўсюджвалі гэтыя зьвесткі толькі прадстаўнікі ўлады. Ад адваката ці сваякоў грамадзтва пра гэта нічога ня чула.








Дарэчы, цікава і тое, калі адбыўся гэты допыт Кавалёва — 29 красавіка, ажно праз два тыдні пасьля тэракту. Да таго фактычна кожны дзень ішлі допыты, сьледчыя экспэрымэнты, вочныя стаўкі. Яны праходзілі ў КДБ і не спыняліся нават у «Навінках», куды падсьледных адвозілі на псыхіятрычную экспэртызу. Але чамусьці раней Кавалёў ня згадваў пра вогнетушыцель ды іншыя жудасныя падрабязнасьці, а тут разгаварыўся. Мяркую, проста да таго часу ў сьледчых ужо склалася даволі лягічная вэрсія зьдзяйсьненьня тэракту, але ў ёй не хапала галоўнага зьвяна — матыву (або першапачатковы матыў трэба было зьмяніць).

Магчыма, сьледчыя параіліся з кім трэба, і ў выніку спробу палітычнага замаху на першую асобу вырашана было не выпукляць, каб яна не супярэчыла карціне стабільнага і дынамічнага разьвіцьця беларускага народу пад мудрым кіраўніцтвам. А што да асобных прадстаўнікоў гэтага народу, то чаму яны не могуць быць і маньякамі? «Няма ж роду без выроду». Толькі калі вырод — дык патрабуюцца адпаведныя факты, паводзіны, хаця б намеры.

Вось пра іх і загаварыў 29 красавіка абвінавачаны Кавалёў — нельга выключыць, што з падачы сьледчых і за абяцаньне меншага пакараньня. Таму ў якасьці матыву засталася невыразная «дэстабілізацыя абстаноўкі», а выканаўца гэтага пляну павінен быў выношваць яшчэ больш жудасныя пляны, якія б сьведчылі, што ён яўны маньяк.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG