Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск патрабуе тэрміновых перамоваў з-за ўступленьня Расеі ў УГА


Уступленьне Расеі і Казахстана ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю нясе рызыкі для Адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюзу.

Пра гэта заявіў журналістам у Маскве сябра калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, экс-прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі.

Сідорскі нагадаў, што «пры стварэньні Мытнага саюзу ішлі вельмі складаныя перамовы пра адзіны мытны тарыф, які складаецца зь некалькіх дзясяткаў тысяч пазыцый». Пасьля фармаваньня Мытнага саюзу беларускія і казахстанскія партнэры заяўлялі, што мытная тройка будзе адстойваць агульныя пазыцыі пры ўступленьні ў УГА.

Аднак потым, паводле Сідорскага, Расея і Казахстан пачалі весьці перамовы «ў закрытым рэжыме, і, на жаль, сёньня мы стаім перад фактам, што яны ўвойдуць у УГА з паніжаным мытным тарыфам».

Сідорскі адзначыў, што беларускім міністэрствам і ведамствам неабходна ўступаць у тэрміновыя перамовы з расейскімі і казахстанскімі калегамі, каб вызначыць адпаведныя кампэнсацыйныя мэханізмы.

Міністар па гандлі Эўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сьляпнёў праінфармаваў, што новае імпартнае мыта ў Расеі, якое пачне дзейнічаць пасьля далучэньня Расеі да УГА, стане вядомым ужо ў траўні і пачне дзейнічаць у верасьні. У выніку ўзровень тарыфнай абароны зьнізіцца з 10% па выніках мінулага году да 7,5–7,8% у гэтым годзе, паведамляе Інтэрфакс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG