Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: «Шукаюць падставы, каб абвясьціць мяне невыязным»


Суполка афіцыйнага прафсаюзу на полацкім прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» выступіла з заявай, у якой асудзіла выказваньні старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пра магчымы пачатак кампаніі байкоту беларускіх тавараў на знак пратэсту супраць парушэньняў правоў працаўнікоў мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт».

Прафкам «Полацак — Шкловалакно» заявіў пра пачатак маштабнай кампаніі асуджэньня Аляксандра Ярашука і незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які ён узначальвае.

Працаўнік гэтага прадпрыемства, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу «Полацак —Шкловалакно» Мікалай Шарах камэнтуе заяву прадстаўнікоў праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў: «Нашая суполка з гэтай нагоды прыняла заяву, сэнс якой у тым, што прафсаюз павінен займацца прафсаюзнымі справамі, калі ён пазыцыянуе сябе як арганізацыя працаўнікоў. А спроба лезьці не ў свае справы — яны нічым добрым ня скончыцца. Таму мы прапанавалі гэтаму прафсаюзу займацца пытаньнямі падвышэньня эфэктыўнасьці працы і аховай правоў працоўных на прадпрыемстве».

Старшыня незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заявы прафкаму «Полацак — Шкловалакно» пракамэнтаваў гэтак: «Гэта адмыслова запушчаны працэс, які сёньня ўжо характарызуюць як вяртаньне сталінскіх часоў. Пэўна за гэтым стаіць нейкі заказчык і ён мае інтарэс, таму менавіта зараз уся гэтая брыдота агучаная. Для мяне відавочна, што беларускі рэжым уступіў у сваю канчатковую стадыю — стадыю агоніі. І чым больш яны ўсяго гэтага наробяць, тым хутчэй гэты маразм скончыцца. Я не выключаю, што ўсё робіцца яшчэ і з тае нагоды, каб была магчымасьць і падставы таксама абвясьціць мяне невыязным. Мяркую, што бліжэйшы час дасьць адказы на ўсе пытаньні».
XS
SM
MD
LG