Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доўга не хадзіла там, дзе ляжала пасьля выбуху»


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Многія з пацярпелых ад тэракту ў мэтро дагэтуль не ачомаліся ні ад фізычных, ні ад псыхалягічных траўмаў.

Мікалай Ільлюшэнка быў у вагоне мэтро, які спыніўся каля месца выбуху. Атрымаў розныя траўмы, у тым ліку — галавы. Яму раструшчыла нагу, якая не зраслася і да сёньня.

«Да гэтага часу на мне апарат Елізарава — гэта такія кольцы, злучаныя між сабой. Скрозь усю нагу — адтуліны ў касьцях, і празь іх праходзяць пруты. Пры гэтым мне пакуль нічога ня кажуць, калі яго здымуць. Бо костка раздробленая, перабітая, зрастаецца ледзь-ледзь. Лекары яшчэ дадаткова перасякалі костку вышэй нагі, і там, дзе яны перасякалі — там зрастаецца лепш. А там, дзе выбухам раздрабіла — там цяжка пакуль. Восем апэрацыяў адбылося ў мінулым годзе, на вуліцу я пакуль не хаджу — толькі па кватэры. Са слыхам таксама ёсьць праблемы — пагоршыўся. Вось жа, у мяне цяжкія цялесныя пашкоджаньні. У некага лягчэйшыя — камусьці больш пашанцавала. Але мне таксама пашанцавала — усё ж застаўся жывым. Гэта што тычыцца самаадчуваньня. Але трэба заставацца аптымістам, і я мару, што мая рана — як пішуць у эпікрызах, „агнястрэльная“, — усё ж зажыве. Адносна кампэнсацыяў, якія былі абяцаныя — усё выплацілі, а як інакш? Адносна вынікаў суду я вам скажу вось што: я на судзе ня быў, бо ў гэты момант быў на лекаваньні ў шпіталі. А таму ніякімі асабістымі ўражаньнямі падзяліцца не магу. Уся інфармацыя ў мяне толькі з розных крыніцаў, словам — такая ж, як і ў вас», — кажа Ільлюшэнка.
Восем апэрацыяў адбылося ў мінулым годзе, на вуліцу я пакуль не хаджу — толькі па кватэры

Адмовілася выказаць сваё стаўленьне да вынікаў расьсьледаваньня і выкананьня прысуду над абвінавачанымі і яшчэ адна пацярпелая ў тэракце — Ганна Салодкая. Аднак яна распавяла пра сваё фізычнае і маральнае самаадчуваньне праз год пасьля трагедыі:

«Цяпер адчуваю сябе добра, вяду звычайны лад жыцьця, хоць пакуль яшчэ знаходжуся на рэабілітацыі, бо атрымала апёкі. Працягваю насіць адмысловую бялізну, якая патрабуецца для прафіляктыкі пасьляапёкавых рубцоў. Бо ёсьць і апёкі, і рубцы, але ўсё ў стадыі зажыўленьня. І я выздараўліваю — а гэта самае галоўнае. Так што я жыву звычайна: хаджу на працу, сустракаюся зь сябрамі, але і працягваю лячыцца — гэта ідзе паралельна і на сталай аснове. У мяне вельмі добрыя лекары з апёкавага цэнтру, якія знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі. Гэта выдатныя лекары, зь якімі мы сустракаемся і яны пра нас непакояцца, даглядаюць нас — усіх тых, хто лекаваўся пасьля выбуху. Яны для мяне сталі вельмі блізкімі людзьмі пасьля ўсіх гэтых падзеяў. Матэрыяльную кампэнсацыю мне таксама выплацілі і бацькам маім дапамаглі на той момант — вялікі дзякуй усім.

Я цяпер у мэтро езджу, але доўгі час не хадзіла ў той частцы, дзе ляжала. Было выключна цяжка псыхалягічна. І цяпер, хоць ужо і год мінуў, бывае, патрэбна выходзіць з вагона, ці ў той частцы ісьці — і нейкая напруга застаецца, калі ўзгадваеш, што тут было, хоць збольшага спакойна. Але нават ня ведаю адносна гэтых людзей... як бы гэта правільна выказацца... якія былі ў гэтым замяшаныя. Нічога сказаць не магу».

***

Год таму, 11 красавіка 2011 году, у менскім мэтро прагрымеў выбух. Загінулі 15 чалавек, больш за 200 пацярпелі. У тэракце зьвінавацілі двух жыхароў Віцебску, Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, да якіх была ўжытая найвышэйшая мера пакараньня. Ахвяры трагедыі адмаўляюцца выказвацца адносна вынікаў суду, але заяўляюць, што і праз год адчуваюць наступствы трагедыі.
XS
SM
MD
LG